Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды падзеўся крызіс?


Ці працягваецца ў Беларусі эканамічны крызіс? Якім будзе эканамічнае становішча ў краіне падчас прэзыдэнцкіх выбараў? Як можа адбіцца на Беларусі крызіс эўра? Над гэтымі пытаньнямі ў «Праскім акцэнце» разважаюць: намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Віталь Сіліцкі і эканамічны аналітык Сяргей Чалы.

Слухайце ў нядзелю, у 18 гадзінаў.

Прапануем вам фрагмэнт перадачы.

Дракахруст: Куды падзеўся крызіс? Летась у Беларусі пра яго толькі і гаварылі, нават тыя, хто заяўляў, што яго няма. А зараз ... Ну можа з-за мяжы кепска відаць, але сёлета ўжо не чуваць пра забітыя прадукцыяй склады ды пра масавы перавод на скарочаны працоўны тыдзень на прадпрыемствах. Вось прэм’ер паведамляе, што ў першым квартале ВУП вырас на 6%. Не ў ВУП шчасьце, але відавочна, што не рэцэсія. Праўда, істотна вырас зьнешні доўг. Але ў розных іншых краінах – што сярод суседзяў, што ў Эўразьвязе, становішча са зьнешнім доўгам яшчэ больш крытычнае. Улады прынамсі заявілі, што сёлета не зьбіраюцца прасіць крэдыты ў МВФ. Добрая міна пры дрэннай гульні ці і сапраўды ня надта трэба? Дык куды ж падзеўся крызіс? Ці сапраўды ягонае дно пройдзенае ці як ў анэкдоце – сьвятло ў канцы тунэля – гэта сьвятло цягніка, які ідзе насустрач?

Крызіс сапраўды быў раздзьмуты і перабольшаны ў памерах
Сіліцкі:
...Крызіс сапраўды быў раздзьмуты і перабольшаны ў памерах, хаця гэта быў сур'ёзны сусьветны крызіс. У Беларусь ён прайшоў праз плацёжны балянс. І зьмена кан'юнктуры на сусьветных рынках прывяла да ажыўленьня беларускай эканомікі. У першым квартале гэтага году дэфіцыт плацёжнага балянсу скараціўся на траціну за кошт рэзкага павялічэньня экспарту ў Расею, ня гледзячы на ўсе гандлёвыя войны і за кошт рэзкага павелічэньня экспарту калійных угнаеньняў. Беларускі бок карыстаецца гэтай кан'юнктурай і карыстаецца даволі нядрэнна.

Дракахруст: Эканамічнае становішча сёлета набывае асаблівае значэньне ў сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі. Сувязь тут не наўпроставая, але яна існуе. На гэтым тыдні старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі апублікаваў на сваім блогу на Naviny.by сцэнар нечага накшталт каляровай рэвалюцыі, ключавым складнікам якога зьяўляецца рэзкае пагаршэньне сёлета эканамічнага дабрабыту. Зь іншага боку, дасьледнікі па досьведзе мінулых электаральных кампаній кажуць пра электаральна-эканамічныя цыклі – пад выбары ўлады заўсёды імкнуліся напоўніць народную кішэню. Можа штучна і часова, але небеспасьпяхова. А ці будзе сёлета чым напаўняць? Ці спраўдзіцца сцэнар Зімоўскага, які ён называе пэсымістычным?

У нас эканамічна складаныя гады прыйдуць у 2012-2013 гады, на якія прыпадзе рэзкі рост кошту абслугоўваньня зьнешняга доўгу – і па расейскіх крэдытах, і па крэдытах МВФ
Чалы:
...Зьмена ўлады адбудзецца не з эканамічных прычынаў, ня з гэтага яна адбываецца. Мы атрымліваем пагаршэньне пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у выніку перадвыбарчай "раздачы сланоў". Праз 4-5 месяцаў – усплёск інфляцыі пасьля таго, як здаецца падвысілі даходы насельніцтва. У нас эканамічна складаныя гады прыйдуць у сярэдзіне наступнага эканамічнага цыклю, 2012-2013 гады, на якія прыпадзе рэзкі рост кошту абслугоўваньня зьнешняга доўгу – і па расейскіх крэдытах, і па крэдытах МВФ.

Дракахруст: Цяперашняя фаза крызісу ў Эўропе – хіба ня больш сур’ёзная, чым леташняя. Так выглядае, што эканамічны каляпс Грэцыі – той вір, які можа ўцягнуць у сябе ўсю Эўропу. Ужо гучаць алярмічныя прагнозы, што, магчыма, эўразона, прынамсі ў той форме, у якой яна існавала дагэтуль, не перажыве цяперашні крызіс. Ці сапраўды гэта так? Які ваш прагноз сытуацыі? І як яна адбіваецца на Беларусі зараз, скажам, тое падзеньне курсу эўра, і як можа адбіцца ў далейшым?

Калі ў Расеі стаўленьне да беларускіх тавараў зьменіцца, тады мы адчуем сапраўдны подых крызысу
Раманчук:
...Ёсьць палітычная воля не дапусьціць развалу ня толькі Эўразьвязу, але і эўразоны. Калі Мэркэль казала, што стабільнасьць эўра – гэта стабільнасьць Эўразьвязу, то яна проста хацела, каб Бундэстаг прагаласаваў за падтрымку Грэцыі. Ёсьць шмат праблем у Эўропе, ёсьць праблемы і ў ЗША, дзе Абама – самы сацыялістычны прэзыдэнт за ўсю гісторыю краіны. Гэта крызіс мадэлі, калі дзяржава падмяняе рынак, падмяняе інвэстараў...

Беларусь мала зьвязаная з Эўропай, попыт на нашы тавары ў Эўропе мінімальны. У нас найбольшыя праблемы ідуць не з Эўропы, а з Расеі. Калі ў Расеі стаўленьне да беларускіх тавараў зьменіцца, тады мы адчуем сапраўдны подых крызысу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG