Аўтар ідэі фэстывалю — агульнанацыянальная культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!», яе арганізацыйны партнэр — спэцыялізаваны інтэрнэт-рэсурс marketing.by.
Як паведаміла журналістам на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!» Алена Макоўская, у выніку сумеснага сацыялягічнага праекту, ажыцьцёўленага летась лябараторыяй «НОВАК» і Беларускім інстытутам стратэгічных дасьледаваньняў (Літва), высьветлілася, што 70% апытаных гатовыя і хацелі б бачыць рэкляму зь беларускім кантэкстам, 40% — на беларускай мове. Паводле Макоўскай, «правядзеньне такога фэстывалю — гэта ня толькі прасоўваньне беларускай культуры, але і яшчэ адказ на запыт грамадзтва».
У прэсавай канфэрэнцыі таксама ўзяў удзел прадусар музычнага гурту «Ляпіс Трубецкой» Яўген Калмыкоў. Яго гурт з задавальненьнем падтрымаў праект, паколькі верыць у яго ідэю, перадае БелаПАН.