Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтавалі Чарнобыльскі атляс


У Менску адбылася прэзэнтацыя Атляса сучасных і прагнозных аспэктаў наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Ён быў складзены беларускімі і расейскімі навукоўцамі ў рамках праграмы Саюзнай дзяржавы. Незалежныя адмыслоўцы заяўляюць, што магчымасьці саюзнага бюджэту найперш варта было б выкарыстоўваць на вырашэньне сацыяльных праблем чарнобыльцаў.


Аснову атляса складаюць падрабязныя мапы радыяцыйнай забруджанасьці тэрыторый Беларусі, Расеі і Эўропы. Таксама ў ім падаюцца зьмены, якія адбыліся на забруджаных тэрыторыях цягам мінулых гадоў, і прыводзяцца прагнозныя паказчыкі радыяцыйнага забруджваньня да 2056 году. Пра мэту гэтых дасьледаваньняў гаворыць намесьнік дырэктара Дэпартамэнту ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС Мікалай Цыбулька:

Мікалай Цыбулька
«Асноўная мэта гэтага атляса — навуковая сыстэматызацыя матэрыялаў аб радыеактыўнай забруджанасьці тэрыторый. А таксама — забесьпячэньне дзяржаўных, мясцовых выканаўчых органаў і навукоўцаў дакладнай інфармацыяй».

Навукоўцы паведамляюць, што за 24 гады пасьля трагедыі ў Чарнобылі плошча забруджанай тэрыторыі ў Беларусі зьменшылася на 4 тысячы квадратных кілямэтраў — з 46 тысяч да 41. Гэта значна менш, чым у Расеі, бо ўзровень забруджанасьці на беларускіх землях значна вышэйшы, чым у суседняй дзяржаве. Навукоўцы таксама прагназуюць, што да 2056 году забруджаных земляў у Беларусі стане менш на 10%. Таму атляс будзе мець значную інфармацыйную каштоўнасьць для плянаваньня эканомікі і сацыяльных праграмаў у раёнах, пацярпелых ад аварыі, мяркуе адна зь ягоных складальніц, дырэктарка Дэпартамэнту гідрамэтэаралёгіі Марыя Гермянчук:

Марыя Гермянчук
«Гэты атляс дае адказы на пытаньні, якія ўзьнікаюць увесь час. А менавіта — беларуская навука паведамляе, як жа мяняецца становішча з Чарнобылем».

Пры гэтым навукоўцы паведамілі, што атляс забруджаных тэрыторый ня будзе насіць абавязковага характару для выканаўчых органаў улады, калі тыя будуць прымаць эканамічныя ці сацыяльныя рашэньні. Старшыня грамадзкай арганізацыі «Саюз Чарнобыль-Беларусь» Аляксандар Ваўчанін гэтак пракамэнтаваў яго выхад:

Аляксандар Ваўчанін
«Мапы — гэта добра. Але чамусьці беларускія навукоўцы ў саюзнай дзяржаве ніколі не закраналі пытаньня ўніфікацыі заканадаўства аб сацыяльнай абароне. Таму, калі грошы саюзнай дзяржавы выдаткоўваюцца толькі на мапы, то вялікай карысьці ад гэтага ня будзе».

Атляс сучасных і прагнозных аспэктаў наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС выдадзены накладам 1 400 асобнікаў на паперы і гэтулькі ж — на кампакт-дысках. Ён будзе распаўсюджаны ў бібліятэках, адміністрацыйных і навучальных установах Беларусі.

Мапа забруджваньня ў Магілёўскай вобласьці ў 2006 годзе.
А так была забруджана Магілёўская вобласьць у 1986 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG