Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Дружным мы патрапілі з радыяцыйнага ў хімічны Чарнобыль…”



«Такога шанцаваньня яшчэ не было — мы схапілі іх за руку!» А сёмай раніцы, стоячы на ўскраіне звалкі з 30-літровымі бочачкамі з-пад ядахімікатаў, мне так і сказаў 51-гадовы кіраўнік ініцыятыўнай групы «Экаліга», сябра партыі «Справядлівы сьвет» спадар Абразоўскі. Горы сьмецьця, якім не відаць канца-краю, знаходзіліся за 100 мэтраў ад адкрытага ў мінулым годзе побач з пасёлкам Дружны Пухавіцкага раёну расейскага прадпрыемства «Август-Бел». Афіцыйна — прадпрыемства «па вытворчасьці сродкаў абароны расьлінаў», ці, як называюць мясцовыя, «заводу ядахімікатаў». Акурат у дзень маёй вандроўкі апошняе стала відавочным.

Абразоўскі: «Напісана „фармікадаксід 85% канцэнтрацыі“. Гэта мурашыная кіслата — тут знакі, што пажаранебясьпечна, нельга, каб на рукі патрапляла, і разьядае рэчывы — 3-8 катэгорыі небясьпекі...»

У тую хвіліну гэта была толькі вэрсія былога намесьніка дырэктара заводу па вытворчасьці горнага воску. Празь дзень яе пацьвердзілі ў раёне спэцыялісты па дасьледаваньні цьвёрдых бытавых адкідаў. Я ж спытаўся тады ў Мікалая Салаўя, вартаўніка звалкі:


Карэспандэнт: «А што ў гэтай каністры было?»

Салавей: «Атрута была — што там можа...»

Карэспандэнт: «Во на этыкетках — «Made in China...»

Абразоўскі: «Гэтая гадасьць усё патруціць у акрузе. Ты ж калі жука труціш — 1 грам дадаеш. А тут 30 літраў — жах! Звалка ў месцы, дзе выходзяць грунтовыя воды, бачыце, колькі сьмецьця ў іх плавае. Каністры былі на беразе. У іх каля 100 грам засталося, і ўжо ўсё будзе атручана. Мы знайшлі тры каністры, рабочы сказаў, што іх было каля 300...»

Салавей: «Звалка працуе гадоў шэсьць — з усяго раёну ідзе. Зрабіць ангары б, каб скласьці акуратна, а грошай няма. Пяском засыпаюць — кар’ер во рыюць. Экскаватар год стаіць, як матор зь яго зьнялі. А тэрыторыя палігону — амаль да ЦЭЦ. Была да пасёлку Сьвіслач — цяпер на ёй лецішчы стаяць. А з „Август-Бел“ трэці месяц возяць».

Карэспандэнт: «А самі не баіцеся, калі „хімію“ пачнуць пастаянна везьці?»

Салавей: «А хто не баіцца? Я ж у машыну залезу — бачу, дзе бочкі з хімікатамі. Ну, у вас праца такая. А наша начальства вочы заплюшчыць — давайце...»

Рэтраспэктыва. Паводле палажэньня аб дазволе на захоўваньне адкідаў пра небясьпечныя рэчы належыць апэратыўна паведамляць у экалягічныя органы. У Менску я патэлефанаваў намесьніцы міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя спадарыні Валчузе.

Карэспандэнт: «Галіна Ўладзіміраўна, мы на звалцы знайшлі і сфатаграфавалі бочкі з кампанэнтамі ад ядахімікатаў...»

Валчуга: «Калі гэта замежнае прадпрыемства, яно, пэўна, падпарадкоўваецца „Белбіяфарму“, а тэрытарыяльна — выканкаму. Мы ж зьвяралі па ўсіх пазыцыях...»

Карэспандэнт: «Мы ж падпісалі міжнародную Орхускую канвэнцыю, павінны ведаць экалягічную бясьпеку на ўсіх стадыях будаўніцтва і вытворчасьці. Ані вы, ані людзі ня ведаюць — фактычна мы парушаем канвэнцыю?»

Валчуга: «Ёсьць у нас райінспэкцыя, аблкамітэт, якія гэтым займаюцца. Зараз я ня ведаю, не магу вам дакладна сказаць...»

Спадарыня Аляксандра Даніленка, «Экаліга»: «Беларусь усё прыгожа падпісвае і прыгожа нічога не выконвае. Мы зьвярталіся да новага кіраўніка раённай экалягічнай службы, ён сказаў — «прабачце, я нічога ня ведаю...»

Апошняй была сябра «Экалігі», прафэсійны хімік, спадарыня Даніленка — сустрэча зь ёй наперадзе. Дарэчы, 2 гады таму Пухавіцкі раённы суд штрафаваў ужо на... 300 тысяч рублёў «Август-Бел» за незаконны захоп зямлі. Але ўсё было перакрыта пастановай Саўміну, якая засакрэціла ня толькі прадукцыю — саму назву прадпрыемства. Пакуль жа са спадаром Абразоўскім мы ехалі ў Дружнае. Па шляху Сяргей Аляксандравіч расказваў пра церні, якія сустрэў у сваёй палітычнай апазыцыйнай дзейнасьці. Яна пачалася ў 2003, калі адбываліся выбары ў Палату прадстаўнікоў.

Абразоўскі: «Мяне некалькі разоў папярэдзіла кіраўніцтва „Белнафтахіму“, райвыканкаму, што я „няправільна раблю і трэба зьняць кандыдатуру“. Я сказаў, што пайду да канца. У дзень рэгістрацыі пазваніў тагачаснаму старшыні райвыканкаму Кацэню, ці прыходзіць па пасьведчаньне — „так, прыходзь“. А ў 15:30 мяне арыштавалі, нібы, за хабар. Паўгода пратрымалі ў турме. Пракурор Міхаіл Сьнягір, якому казаў, што „садзіце цяпер нас, будзеце сядзець самі“, ужо 2 гады пад сьледзтвам. Сьледчы Панін, што вёў справу, застрэліўся — думаю, сумленьне замучыла, бо вёў яшчэ справу Завадзкага. Сьведку не выклікалі нават — таго чалавека, які, нібы, даваў мне хабар 300 даляраў. Я прэміі атрымліваў больш. (Сьмяецца.) Самае цікавае — праз 4 месяцы вярнуўся, у мяне не адабралі пасады, проста выбары прайшлі. А каб зьняважыць перад апошнімі выбарамі, напісалі артыкул „Васковы ваўкалак“, дзе выраз „судзілі, а ён так і не зразумеў нічога“. Таго, што трэба спыніцца? Ды я іх не баюся нікога!»


Рэтраспэктыва. Мы пастукаліся пасьля ў кватэры адной са 150 выбарцаў, якія спачатку падпісаліся за Абразоўскага і каго, па іх жа словах, прымусілі напісаць заявы-адмовы. З-за іх спадара Сяргея не зарэгістравалі.

Карэспандэнт: «Вы самі подпіс паставілі?»

Спадарыня: «Так. Я цяперака ўпэўнілася, што нікому мы не патрэбныя і вяртаецца 37 год...»

За некалькі кілямэтраў ад пасёлка спыняемся ў мікрараёне Засьвятое. Я ўражаны — жылыя домікі будуюцца проста на дрыгве. За сотню мэтраў — завод па вырабе камбікармоў і дзьве недабудаваныя «двухпавярхоўкі». Знаёмлюся зь Мікалаем Мікалаевічам, пэнсіянэрам, былым вайскоўцам.


Мікалаевіч: «Во на дрыгве будуюцца і зьмяюк шмат водзіцца. А на дрыгве хаты асядаюць, але ж гэта будзе потым. Далі ўчасткі тым, хто хоча. Навошта нам тыя хімікаты — паглядзіце, во завод па вырабе камбікармоў. Вецер сюды — сьнег увесь чорны, на фільтрах не стаяць ачышчальнікі. Во дом пабудавалі, во другі — не засялілі, хоць і ваду правялі. А будаваліся за кошт прадпрыемства „Белбудіндустрыя“ на 12 сем’яў. Каштуе дорага, усё стала, і вокны вывезьлі. Мо атамная была б, дык было б лягчэй — не было б хімікатаў....»

Інфармацыя да ведама. Пасёлак Дружны ўзьнік на месцы недабудаванай пасьля Чарнобылю беларускай АЭС. Ля падрыхтаванай пляцоўкі вырасьлі шматпавярхоўкі, куды ўехала да 9000 перасяленцаў. Спадар Абразоўскі ж ізноў камэнтуе ўбачанае.

Абразоўскі: «Ніколі на дрыгве не будавалі — гэта дрэнная энэргія. А тут даюць землі пры наяўнасьці ў навакольлі пустуючых. Бо ўчасткі падзеленыя паміж начальнікамі — аформленыя на маму, тату, свата, брата. Каб органы хацелі, даказалі б, але лепей ім займацца Абразоўскім — ні з кім не канфліктуеш. А быдла — у дрыгву. Пасёлку больш за 20 гадоў, а дрэвы не растуць, бо пабудаваныя на дрыгве, выбраны грунт і засыпана ўсё пяском...»


У Дружным на плошчы, ля абэліска ў гонар заснаваньня паселішча, Абразоўскі сабраў сваіх паплечніц, сяброў «Экалігі», спадарыняў Алену Будкоўскую і ўжо знаёмую Аляксандру Даніленку. За правы дружненцаў і жыхароў суседніх Рудзенску і Сьвіслачы яны змагаюцца 4-ты год, як толькі ўзьнікла пляцоўка «Август-Бел». Гавораць палка — яны штодзень на вастрыі.


Будкоўская: «Пра будаўніцтва заводу даведаліся запозна, бо яны шукалі месца, не рэклямуючы сабе. У пяці дагэтуль атрымалі адмову. Хоць абяцалі з „Август-Бел“ інфраструктуру, працоўныя месцы, укладаньні ў „сацыялку“...»

Карэспандэнт: «Алена, а як вы даведаліся пра ядахімікаты? На прадпрыемстве ніхто не размаўляе, зайсьці ўсярэдзіну немагчыма...»

Будкоўская: «Інфармацыя прайшла, калі яны спачатку апрацоўвалі пляцоўку ў Шабанах. АН РБ дала адмоўны адказ са словамі „Менск — гэта не тэрыторыя сталінскіх лягераў, і разьмяшчэньне заводу справакуе сацыяльныя канфлікты“. А мы ўжо тут як бы рэзэрвацыя. Напісана, што рабіцца будуць пэстыцыды-гербіцыды, якія пры разьліве ўтвараюць фуран і дыяксін, якія прыхоўваюць пад „малымі дозамі“. А іх дастаткова, каб сыстэматычна атручваць насельніцтва. А зусім побач ЦЭЦ-5. Вібрацыя яе будзе ўплываць на трываласьць канструкцый „Август-Бела“...»

Абразоўскі: «Адразу ж за заводам вядуць будаўніцтва другога блёку ЦЭЦ-5, будзе пракладзены газаправод з трубаў на 400 мілімэтраў. Мы ж бачылі на бочках „пажаранебясьпечныя“. Магчымая аварыя? Магчымая. Завод мае санітарна-абарончую зону на 1000 мэтраў. Менская ЦЭЦ-5 знаходзіцца за 50 — тысяча чалавек на сёньняшні дзень могуць быць патэнцыяльна атручаныя...»


Даніленка: «Жанчына, што працуе на ЦЭЦ, кажа, што „ня можам працаваць, бо задушша“. І калі на заводзе працуюць у рэсьпіратарах, у іх нічога няма. Казалі, будуць даплачваць, а цяпер і ніхто не цікавіцца. Пры спальваньні тары і іх адкідаў утвараюцца рэчывы, тэрмін дзеяньня якіх доўгі і якія маюць здольнасьць назапашвацца. А хто ведае, якая доза зьяўляецца мяжой, якая падвядзе рысу пад нашым жыцьцём?!»

Абразоўскі: «Плюс — садзілі кукурузу, вырошчваюцца прадукты, якія могуць быць забруджаныя, скормліваюць жывёле. Пасьля — нам...»

Будкоўская: «І — выбухнула ў нас. Усе пачалі езьдзіць-пісаць. Тым больш, кожны трэці анкахворы, людзі з 2-3-10-30-кілямэтровай зоны, высокаадукаваныя, бо працавалі на станцыі. Найвялікшы зварот быў у 2008 — на 6000 подпісаў...»

Даніленка: «На „Чарнобыльскі шлях“ выходзілі зь лёзунгам „Хімічны Чарнобыль побач зь Менскам!“ Гэта бомба запаволенага дзеяньня для усёй Беларусі, бо тут грунтовыя воды, водазабор. Па-другое, гэта былы вайсковы завод па выпуску хімічнай і бактэрыялягічнай зброі. У Варнарах, што ў Чувашыі, у 30-х працавалі палітзьняволеныя. У 90-х той завод быў зачынены, і Батурына, жонка Лужкова, выкупіла яго, карыстаючыся момантам. У 2008 быў падпісаны ўказ Пуціна — вярнуць завод у Мінабароны Расеі. А яны ўжо два гады „піярылі“ сябе ў Беларусі. І зараз з Варнараў, з Кітаю нейкія кантэйнэры, цыстэрны сюды ідуць...»

Я раптам узгадваю сказаныя мне ў мікрараёне Засьвятым словы былога вайскоўца Мікалая Мікалаевіча.

Мікалаевіч: «Робяць грошы. Калі ўехала сюды Батурына з Масквы — усё куплена і зроблена. І Лукашэнка ня пойдзе супраць, бо яму таксама патрэбныя ўліваньні...»

Ізноў да размовы са спадарынямі Будкоўскай і Даніленкай.

Карэспандэнт: «Але Батурына афіцыйна сярод уладальнікаў не фігуруе...»

Будкоўская: «Чаму? Надрукавалі на сайце — ніхто нам не сказаў, што гэта не яна. Хай дакажуць, што гэта ня так. Зьвярталіся да ўсіх, і ў выніку — спэцпастанова Саўміну, дзе засакрэцілі інфармацыю па гэтым заводзе...»

Карэспандэнт: «Звычайна ж гэта робіцца з сакрэтнымі вайсковымі заказамі...»

Будкоўская: «Мы ж увесь час шукаем „ворагаў“! У нас жа кажа палітык — „мы самыя моцныя“! Адкуль гарантыя, што вайскоўцы ня выкарыстаюць завод пад новыя хімічныя і бактэрыялягічныя распрацоўкі? Мы ж чыталі, што ў Кітаі перад Алімпійскімі гульнямі ўзарваўся цэх хімічнага заводу менавіта „Август-Бел“. На афіцыйным сайце аблвыканкаму дагэтуль вісіць інфармацыя, што на гэтай пляцоўцы зьбіраліся спальваць састарэлыя гербіцыды і пэстыцыды, што вельмі выгадна для тых, хто адмывае грошы...»

Сяргей Абразоўскі ўзгадвае цырымонію адкрыцьця «Август-Бел». Афіцыйныя госьці зь Менску прыехалі 3 ліпеня, на Дзень вызваленьня Беларусі. Тыя гадзіны ў маіх суразмоўцаў дагэтуль адгукаюцца болем.

Абразоўскі: «Адны акупанты сыходзяць, другія прыходзяць. Сход быў на ЦЭЦ-5. Жанчына плакала ля мікрафона, у якой дзіця з паталёгіяй нарадзілася, мужчына са сьлязамі гаварыў, што Чарнобыль адабраў у яго дзетанараджальную функцыю і, каб падтрымліваць жыцьцё, яму двойчы ў год трэба класьціся на лекаваньне за 500 даляраў. І стаўленьне нашага галоўнага санітарнага ўрача Качан. Сядзела, усьміхалася і ў канцы сказала, што на такія сходы трэба прыходзіць з пампэрсамі, бо занадта доўжацца. Хіба гэта не злачынства перад сваім народам?! Ці былая дырэктарка школы Комлач, якая з райана зьбірала вучняў, якія бралі ўдзел у мітынгах, і пагражала ім, што нікуды не паступяць?!

Будкоўская: «Дзецям, якія ішлі з плякацікамі „нам чыстага неба, чыстага хлеба“, абвінавацілі, што яны памагатыя „ворагаў народа“, то бок нас!»

Абразоўскі: «Подласьці чыноўнікаў няма межаў.У прыватных размовах кажуць, што ўсіх іх прымушае так рабіць Аляксандар Рыгоравіч. Не, дарагія! Робіце ўсё гэта вы, каб азадкі ўтрымаць на крэслах і ні ў што ня ставіць народ, краіну, на якую можна гадзіць!»

Карэспандэнт: «Што, на ваш погляд, будзе з Дружным і суседнімі Рудзенскам, Сьвіслаччу?»

Даніленка: «Нічога добрага нас не чакае, бо ніякага кантролю не існуе...»

Будкоўская: «Адзінае — ёсьць такая шалёная вера, што сьветам правяць ня тыя законы, што падпісваюць людзі, а ёсьць вышэйшыя, боскія. І што зямля — жывая істота, будзе рэагаваць, ня дай божа, узрывацца...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG