Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачынае працу чарговая місія МВФ


Місія Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) на чале з Крыс Джарвіс 12-25 траўня у Менску абмяркуе з уладамі Беларусі пэрспэктывы і формы далейшага супрацоўніцтва.


"Будзе разгледжана магчымасьць і неабходнасьць новай праграмы stand-by", – заявіла сталая прадстаўніца МВФ у Беларусі Натальля Калядзіна.

Місія таксама "будзе пераглядаць макраэканамічны прагноз для Беларусі з улікам рэалізаваных уладамі захадаў эканамічнай палітыкі, іх уплыву на сытуацыю па выніках году".

Калядзіна адзначыла, што таксама трэба будзе абмеркаваць фіскальную і грашова-крэдытную палітыку ў цэлым і рэжым валютнага курсу ў прыватнасьці.

"Нам хацелася б пачуць, што ўлады зьбіраюцца рабіць у галіне структурных пераўтварэньняў, і ў нас будуць свае рэкамэндацыі", – падкрэсьліла Калядзіна ў інтэрвію Інтэрфаксу.

Раней прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь пакуль што не плянуе зьвяртацца да МВФ па новыя крэдыты. "Мы пакуль ня просім у МВФ дадатковых крэдытаў ", – сказаў ён.

У красавіку 2010 Беларусь атрымала апошні транш крэдыту МВФ на 670 мільёнаў даляраў у рамках праграмы крэдытаваньня на 3,5 мільярда даляраў, якая была зацьверджаная ў 2008 годзе.

Першы транш крэдыту МВФ у памеры 800 мільёнаў даляраў Беларусь атрымала ў студзені 2009 году. Другі паступіў у ліпені 2009 — 680 мільёнаў даляраў.

У дакладзе па выніках праграмы экспэрты МВФ зазначаюць: "Сьпіс рэформаў на наступныя тры гады зьяўляецца доўгім: прыватызацыя, замена эканамічных мэтавых паказьнікаў для усёй эканомікі і канкрэтных прадпрыемстваў, лібэралізацыя заробкаў і цэнаў, рэформа рынку працы, далейшая рэформа фінансавага сэктару".

МВФ у красавіку зьнізіў прагноз росту ВУП Беларусі ў 2010 годзе да 2,4% з 3,8%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG