Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэсыдж з Масквы і ў Маскву


У Польшчы зарэгістравалі дзесяць кандыдатаў у прэзыдэнты на датэрміновыя выбары, якія адбудуцца 20 чэрвеня.

Камісія зарэгістравала двух галоўных прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду — Браніслава Камароўскага (партыя "Грамадзянская плятформа") і Яраслава Качынскага (партыя "Права і справядлівасьць") — ды восем іншых асобаў, якія таксама сабралі ня менш за 100 тысяч подпісаў у сваю падтрымку: Вальдэмара Паўляка (Польская сялянская партыя), Гжэгажа Непяральскага (Саюз левых дэмакратаў), Марка Юрка (партыя "Правыя Рэчы Паспалітай"), Багуслава Зентка (Польская партыя працы — Жнівень 80), Корнэля Маравецкага (беспартыйны), Януша Корвін-Міке (партыя "Свабода і правапарадак"), Анджэя Аляхоўскага (беспартыйны) ды скандальна вядомага палітыка Анджэя Лепэра.

Учора Анджэю Лепэру, лідэру папулісцка-радыкальнай партыі "Самаабарона", у рэгістрацыі было адмоўлена. Дзяржаўная выбарчая камісія спаслалася ў гэтай адмове на артыкул канстытуцыі, які забараняе рэгістраваць тых, хто ў мінулым быў судова пакараны за правапарушэньне, якое ў Польшчы паводле закону прасьледуецца аўтаматычна (z oskarzenia publicznego), і якое не было ануляванае ў судовым парадку. Сёньня камісія зьмяніла сваё рашэньне. Лепэр можа кандыдаваць. У 2006 Лепэр атрымаў агулам год і тры месяцы турмы з адтэрміноўкай на пяць гадоў у трох розных працэсах за публічнае зьневажаньне і паклёп на дэпутатаў Сэйму і дзяржаўных асобаў.

Браніслаў Камароўскі, які выконвае абавязкі кіраўніка дзяржавы, быў запрошаны прэзыдэнтам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым у Маскву на сьвяткаваньне 65-ай гадавіны перамогі над фашызмам. Мядзьведзеў зрабіў наступны прыхільны жэст у бок Польшчы, перадаўшы Камароўскаму 67 тамоў яўных актаў расьсьледаваньня расстрэлу польскіх афіцэраў у Катыні, якое ў 1990-2004 гг. вяла вайсковая пракуратура Расейскай Фэдэрацыі. Надалей у Маскве засакрэчана 116 тамоў актаў з гэтага расьсьледаваньня. Мядзьведзеў паабяцаў Камароўскаму, што Крэмль пастараецца зьняць грыф сакрэтнасьці і з гэтых тамоў ды таксама перадаць іх Польшчы.

Мядзьведзеў, што называецца, падсыпаў ачкоў Камароўскаму ў прэзыдэнцкай кампаніі.

Будучы ў Маскве, Камароўскі правёў онлайнавую відэаканфэрэнцыю, у якой адказваў на пытаньні польскіх інтэрнаўтаў пра сваё бачаньне прэзыдэнцтва і адносіны да трагічна памерлага прэзыдэнта Леха Качынскага ды ягонага брата і свайго наймацнейшага канкурэнта на выбарах Яраслава Качынскага.

Камароўскі паказаў сябе памяркоўным, ураўнаважаным і адкрытым да дыялёгу і супрацоўніцтва з усімі сіламі палітыкам. Адчувалася, што менавіта такі вобраз — спакойнага, бесканфліктнага і працавітага прэзыдэнта — Камароўскі будзе "прадаваць" палякам у гэтай выбарчай кампаніі.

Тым часам Яраслаў Качынскі запісаў троххвілінны відэазварот да расіянаў і выставіў яго 9 траўня на YouTube. Качынскі, прыгадаўшы, што 70 гадоў таму катынскае злачынства НКВД убіла клін паміж палякамі і расіянамі, заклікаў да будаваньня новых адносінаў паміж Польшчай і Расеяй, заснаваных на праўдзе. Качынскі таксама падкрэсьліў, што ён не атаясамлівае расейскага народу са сталінскімі злачынцамі. Падаючы прыклад уласнага дзеда, якому нейкі расіянін дапамог пазьбегчы сьмерці ў часе вайны, Качынскі падкрэсьліў, што былі расейцы, якія "дзяліліся з палякамі, чым маглі".

Відэа, бясспрэчна, разьлічана на тое, каб разьмякчыць вобраз Яраслава Качынскага як русафоба, які — слушна ці не — усё ж склаўся да гэтай пары як у Польшчы, так і ў Расеі. Варта таксама нагадаць, што ягоны брат-прэзыдэнт не наведаў Масквы з афіцыйным візытам ні разу на працягу пяці гадоў прэзыдэнцтва і не прымаў нікога з Крамлю ў Польшчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG