17:40 Пасьля суду затрымалі і зьбілі Аляксандра Казуліна, Аляксандра Макаева, Міколу Дземідзенку і іншых.
17.10 Паводле словаў адваката Павала Сапелкі, Вярхоўны суд асудзіў Мікалая Аўтуховіча да 5 гадоў і 2 месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму, Асіпенку і Ларына — да 3 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі. Асіпенку — у калёніі агульнага, а Ларына — у калёніі ўзмоцненага рэжыму, Казлова да 2 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.
16.45 Каля будынку Вярхоўнага Суду, дзе зараз ідзе абвяшчэньне прысуду ваўкавыскаму прадпрымальніку Мікалаю Аўтуховічу ды іншым, затрыманая праваабаронца Кацярына Садоўская, якая раздавала ўлёткі і інфармацыйныя матэрыялы. Яе павезьлі ў Ленінскае РУУС сталіцы.
15.20 Паводле СМС — паведамленьня, якое атрымаў наш карэспандэнт ад прысутнага ў залі суду, з падсудных зьнята абвінавачаньне ў падрыхтоўцы тэракту і падпале. Застаўся толькі артыкул за незаконныя дзеяньні са зброяй.
14.40 Каля 50 чалавек не пусьцілі ў залю суду. Сярод іх палітыкі, журналісты, былыя палітвязьні. Супрацоўнікі суду паведамілі, што будзе зачытвацца ўвесь прысуд, а ня толькі рэзалютыўная частка. Прысутная сьпяваюць у двары «Магутны Божа».
На судовае пасяджэньне прыйшлі палітыкі Аляксандар Казулін і Андрэй Саньнікаў, моладзевыя лідэы Артур Фінькевіч і Зьміцер Дашкевіч, дыпляматы, сярод якіх амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан, а таксама праваабаронцы, сваякі і сябры. Многія прыйшлі з кветкамі. Аднак невядомыя ў цывільным не дазваляюць ім прайсьці ў будынак суду з кветкамі. Людзі запатрабавалі, каб выйшаў старшыня суду.
Таксама ў будынак суду не прапусьцілі маці Яны Паляковай, праваабаронцы, якая скончыла жыцьцё самагубствам. Маці прынесла з сабой партрэт Яны.
Нагадаем, пракурор Эльдар Сафараў запатрабаваў для Аўтуховіча 20 гадоў зьняволеньня, для Асіпенкі і Ларына — па 11 гадоў, і 3 гады калёніі для былога міліцыянта Міхаіла Казлова, якога вінавацяць у непрадухіленьні злачынства.
Першапачаткова Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенку вінавацілі ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту ў дачыненьні да намесьніка міністра па падатках і зборах Васіля Каменкі і былога старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзіміра Саўчанкі, а таксама ў арганізацыі падпалу дома экс-начальніка Ваўкавыскага РАУС Сяргея Кацубы ў 2004 годзе.
Акрамя Аўтуховіча і Асіпенкі абвінавачанымі па гэтай крымінальнай справе праходзілі былы работнік фірмы Аўтуховіча Аляксандр Ларын і падпалкоўнік міліцыі Міхаіл Казлоў.
Аўтуховіча, Асіпенку і Ларына абвінавачвалі у падрыхтоўцы тэракту і падпале, Казлоў, былы кіраўнік упраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю па Гродзенскай вобласці, абвінавачваўся ў тым, што ведаў пра пляны падрыхтоўкі тэракту, але не спрабаваў яго прадухіліць.
16 красавіка пракурор Эльдар Сафараў запатрабаваў прыгаварыць Аўтуховіча да 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, Асіпенку і Ларына — да 11 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Для Казлова ён запатрабаваў тры гады калёніі агульнага рэжыму без права займаць кіраўнічыя пасады.