Раней за Мілінкевіча свае прэзыдэнцкія прэтэнзіі агучылі іншыя прадстаўнікі дэмакратычных сілаў. З усімі імі праводзіла сустрэчы Рада беларускай інтэлігенцыі, якая прэтэндуе на тое, каб вызначыць адзінага дэмакратычнага кандыдата.
Старшыня Рады Ўладзімер Колас сёньня ў размове са "Свабодай" назваў прозьвішчы ўдзельнікаў такіх сустрэч. Ён падкрэсьліў, што размова ідзе і пра самавылучэнцаў, і пра тых, хто мае такі намер:
"Безумоўна, гэта ня ўсе, хто, магчыма, вылучыцца, а толькі тыя, каго мы лічым вартымі такіх прэтэнзіяў. У нас былі Мікола Статкевіч, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саньнікаў, Алесь Міхалевіч, Лявон Баршчэўскі, Аляксандар Мілінкевіч, Аляксандар Ярашук".
На пытаньне "Свабоды", ці можна сёньня казаць, на чый бок схіляюцца сымпатыі Рады, Уладзімер Колас адказаў так:
"Безумоўна, казаць пра гэта рана. Таму што надзея памірае апошняй. І Рада стаіць на пазыцыі кансалідацыі. Бо бяз гэтага ўсе самавылучэньні ці вылучэньні ад нейкіх структураў ня толькі ня маюць пэрспэктывы, але пагражаюць легітымізаваць існуючую сытуацыю".
Сапраўды, як найлепш абраць аднаго кандыдата з многіх? Паэт Уладзімер Някляеў, лідэр грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду", разважае:
"Галасаваць будзем".
(Карэспандэнт): "На якіх выбарах?"
"На выбарах адзінага кандыдата ў прэзыдэнты. Абіраць адзінага давядзецца. Таму што ў гэтай абойме, якая ўжо склалася і якая адаб'ецца, будзе такі распыл, што за ім ніхто і ня ўбачыць гэтага адзінага. Але выбіраць трэба будзе аб'ектыўна — на карысьць таго, у каго будзе найбольшы ўплыў і ў каго будзе найбольшы рэсурс на такую сур'ёзную справу, як прэзыдэнцкая кампанія".
Філёзаф Валянцін Акудовіч пагаджаецца з Уладзімерам Някляевым:
"Я думаю, што гэта нават лепшы варыянт. Хай зараз кожны барахтаецца сам, калі заўгодна. Уласна кажучы, гэты пэрыяд і ёсьць пэрыядам спаборніцтва. Да таго часу, калі будзе абвешчаны збор галасоў, больш-менш высьветліцца, хто мае рэальны патэнцыял, каб пачаць збор подпісаў. А потым і будзе бачна, хто рэальна можа сабраць галасы. Вось такім шляхам і павінна ў нашай сытуацыі адбывацца. А тады ўсе астатнія, хто захоча заставацца ў палітыцы, яны пад мацнейшага і падграбуцца самі".