Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНФ: спроба рэваншу ці далейшы раскол?


23 сябры Партыі БНФ распаўсюдзілі зварот, у якім заявілі пра ідэйна-палітычны раскол унутры партыі і пра ўнутрыпартыйны крызіс. Сярод аўтараў звароту — Лявон Баршчэўскі, Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч, Вацлаў Арэшка, Юрась Хадыка ды іншыя.


Аўтары звароту скрытыкавалі цяперашняе партыйнае кіраўніцтва, сьцьвярджаючы, што пасьля зьезду 5 верасьня 2009 году Партыя БНФ паступова сыходзіць з палітычнага жыцьця Беларусі. А ў бліжэйшай прэзыдэнцкай кампаніі кіраўніцтва БНФ, лічаць падпісанты, "ня мае намеру забясьпечыць рэальны ўплыў партыі на беларускую дэмакратычную палітыку".

Аляксей Янукевіч
Лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч так адрэагаваў на гэтыя заявы:

"Я не зьбіраюся гэта камэнтаваць, паколькі спадар Вячорка і некаторыя іншыя асобы ўвесь гэты час займаюцца нейкімі домысламі, у кулюарах адкрыта гаворыцца, што ледзьве не Макей тут аддае распараджэньні Янукевічу, — гэта ўсё лухта і трызьненьні".

29—30 траўня пройдзе нечарговы зьезд, на якім Партыя БНФ вызначыць свайго кандыдата ў прэзыдэнты. Як гаворыцца ў звароце 23-х, значэньне зьезду вялізнае, "асабліва ў сьвятле ідэйна-палітычнага расколу ўнутры партыі". Сябра сойму Вінцук Вячорка патлумачыў, што "крызіс нікуды не падзеўся":

Вінцук Вячорка
"Папярэдні зьезд, які ня вырашыў пытаньня фармату ўдзелу і пэрсаніфікацыі ўдзелу Партыі БНФ у прэзыдэнцкіх выбарах, ніякім чынам не пераадолеў гэты падзел. Бо той разварот палітыкі БНФ у бок у вялікай ступені згодніцтва з уладамі, разварот у бок сцэнару так званай імітаванай лібэралізацыі з надзеяй уцягнуць Лукашэнку і лукашызм у Эўропу, заплюшчыўшы вочы на яго сутнасьць, — ён пярэчыць прынцыпам, праграмным палажэньням, традыцыям Партыі БНФ. І без працягу дэмакратычнай, адкрытай дыскусіі гэты водападзел пераадолець немагчыма. А зьезд мог бы быць пляцоўкай для грунтоўнага абмеркаваньня стратэгіі, каштоўнасьцяў, лініі паводзінаў".

Аляксей Янукевіч адхіляе цьверджаньні пра існаваньне ідэйна-палітычнага расколу ці крызісу ўнутры партыі.
Магчыма, спадар Вячорка проста хоча гучна ляснуць дзьвярыма, перад тым як сысьці з партыі...

"Гэты ліст абсалютна адназначна зьяўляецца такой безнадзейнай спробай Вінцука Вячоркі і вузкага кола яго часовых прыхільнікаў зрабіць рэванш у партыі. Фактычна яны імкнуцца да расколу, але такі раскол у іх не атрымаецца, паколькі ніякага палітычнага крызісу ці разыходжаньня ідэалягічнага ў партыі няма. Пра гэта сьведчаць усе соймы, якія адбыліся пры новым кіраўніцтве. З боку Вячоркі і тых асобаў, якія падпісалі гэты ліст, былі вельмі нешматлікія прапановы па рэзалюцыях, усе яны былі прынятыя. Таму спрабаваць выдаць сытуацыю за наяўнасьць палітычных разыходжаньняў ці ідэалягічнага расколу — безнадзейна. І ніякага расколу ў партыі няма і быць ня можа. Магчыма, спадар Вячорка проста хоча гучна ляснуць дзьвярыма, перад тым як сысьці з партыі".

Паводле мэтадоляга Ўладзімера Мацкевіча, мы маем тут праяву сёньняшняга стану беларускай апазыцыі наагул: яна "як ніколі расколатая і разьмежаваная, і гэта ўскладняе ўсю палітычную сытуацыю". Ці можа ў выніку адбыцца раскол Партыі БНФ?

Уладзімер Мацкевіч
"Цалкам магчыма, бо сярод падпісантаў досыць самавызначаныя людзі, якія маюць велізарны вопыт палітычнай барацьбы. І проста так пайсьці на нейкія кампрамісы, маючы сваю пазыцыю, напэўна, мала хто з гэтых людзей здольны. Таму да такой заявы трэба ставіцца вельмі сур'ёзна і трэба шукаць пагадненьня. Губляць гэтае пакаленьне вэтэранаў, але яшчэ працаздольных, актыўных, ніводная партыя ня можа сабе дазволіць, калі яна імкнецца да таго, каб быць моцнай і ўплывовай".



Галоўная спрэчка вядзецца адносна працэдуры вылучэньня дэлегатаў на зьезд. Кіраўніцтва БНФ вырашыла, што дэлегатам будзе кожны кандыдат у дэпутаты на мясцовых выбарах і прызначаныя ім яшчэ тры чалавекі зь ліку яго памочнікаў. Ад арганізацый, дзе кандыдатаў не было, будзе вылучацца 1 дэлегат ад 20 членаў партыі. Аўтары ліста лічаць такую схему несправядлівай, антыстатунай і пакліканай для таго, каб не дапусьціць дыскусіі на пазачарговым зьезьдзе. Цяперашні лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч лічыць, што працэдура вылучэньня дэлегатаў на зьезд адпавядае статуту, што яна “дэмакратычная і прадстаўніцтва будзе найвялікшае за ўсе папярэднія часы".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG