Удзельнікі: экспэрт Інстытуту палітычных дасьледаваньняў Сяргей Богдан зь Менску і экспэрт Цэнтру міжнародных дачыненьняў Войцех Бародзіч-Смалінскі з Варшавы.
Чаму зьявілася гэтая рэзалюцыя?
Валер Карбалевіч: «Найперш давайце пракамэнтуем зьмест рэзалюцыі. Якія акцэнты там расстаўленыя?»
Сяргей Богдан: «Рэзалюцыя зьвяртае ўвагу на тры моманты: сьмяротнае пакараньне, сытуацыя з польскай меншасьцю і мясцовыя выбары. Заява амбасады Вялікабрытаніі ад імя ЭЗ адносна выбараў была даволі асьцярожнай. Я не лічу гэтую рэзалюцыю радыкальнай. Гэта не пагроза, а нагадваньне, што абяцаньні трэба выконваць».
Войцех Бародзіч-Смалінскі: «Нічога новага ПАРЭ на сказала. Ня думаю, што рэзалюцыя жорсткая. Яна нічога ня зьменіць у дачыненьнях Беларусі з Эўропай».
Карбалевіч: «Зусім нядаўна абмяркоўвалася пытаньне, каб надаць Беларусі статус спэцыяльна запрошанай краіны. І ледзьве не прынялі такае рашэньне. А цяпер — замарожваньне кантактаў з кіраўніцтвам Беларусі. Чаму такая перамена? Здаецца, што каталізатарам яе прыняцьця стала выкананьне двух сьмяротных пакараньняў. Але ці толькі гэты факт?»
Богдан: «Для кіраўніцтва Беларусі важныя дачыненьні з эўрапейскімі структурамі, якія тычацца крэдытаў, эканамічных прэфэрэнцыяў, важныя палітычныя кантакты зь лідэрамі эўрапейскіх краінаў. А ПАРЭ — самая малазначная для афіцыйнага Менску арганізацыя».
Заклік да зьменаў
Богдан: «Рэзалюцыя зьявілася таму, што эўрапейскія палітыкі ўбачылі цынізм беларускага кіраўніцтва. Паколькі палітыка ізаляцыі Беларусі не спрацавала, то Эўропа пачала з 2008 году новую палітыку дыялёгу, якая ставіла задачу ангажаваць Лукашэнку, каб трохі зьмяніць беларускі рэжым.
Але гэты плян паламаўся. Бо кіраўніцтва Беларусі ня хоча мяняць унутраную палітыку. Лукашэнка лічыць, што калі займаць цьвёрдую пазыцыю, то Эўропа прыме беларускі рэжым такім, як ёсьць. Бо ён ня можа існаваць у той мадальнасьці, якой вымагаюць эўрапейскія структуры. Таму рэзалюцыя ПАРЭ — гэта прадмет торгу».
Бародзіч-Смалінскі: «Міжнародныя адносіны мяняюцца. Для Эўропы пытаньне сьмяротнага пакараньня — гэта вельмі важная рэч. Беларускія ўлады давалі абяцаньне адмовіцца ад гэтага пакараньня, але ня выканалі яго.
Хоць мясцовыя выбары прайшлі ў менш жорсткім рэжыме, чым папярэднія, але ўсё роўна яны знаходзяцца вельмі далёка ад эўрапейскіх стандартаў.
Магчыма, яшчэ адна падзея паўплывала на прыняцьцё гэтай рэзалюцыі: скандал з аўстрыйскім бізнэсоўцам, які фінансаваў адпачынак Лукашэнкі і ягоных сяброў у Аўстрыі.
Таму рэзалюцыя — гэта заклік да зьменаў у Беларусі. Да адмены сьмяротнага пакараньня, да ўрэгуляваньня праблемы з Саюзам палякаў Беларусі, да правядзеньня выбараў паводле нармальных эўрапейскіх стандартаў».
Якія практычныя наступствы гэтай рэзалюцыі?
Карбалевіч: «Ці азначае прыняцьцё гэтай рэзалюцыі, што пачынаецца пахаладаньне паміж Беларусьсю і Эўропай? Якія практычныя наступствы будзе мець прыняцьцё гэтай рэзалюцыі? Як будзе рэагаваць ЭЗ?»
Эўропа спрабуе знайсьці мэханізм уплыву на беларускі рэжым, каб ён выконваў фармальныя і нефармальныя дамоўленасьці. Гэта прыкмета яшчэ большага прагматызму.
Богдан: «Беларусь і Эўропа перайшлі пэўную мяжу ў разьвіцьці адносін, палітыкі ангажаванасьці і ня могуць павярнуць назад, у сытуацыю, якая існавала ў 1997-2007 гадах. Эўропа спрабуе знайсьці мэханізм уплыву на беларускі рэжым, каб ён выконваў фармальныя і нефармальныя дамоўленасьці. Гэта прыкмета яшчэ большага прагматызму.
Пытаньне сьмяротнага пакараньня вельмі паказальнае. Яно не зьяўляецца ключавым для выжываньня беларускага рэжыму, у адрозьненьне, напрыклад, ад пытаньня свабодных выбараў ці свабоднага існаваньня арганізацый нацыянальных меншасьцяў. Але ўсё роўна так проста адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня ўлады ня хочуць».
Бародзіч-Смалінскі: «Рада Эўропы ня мае эканамічнага ўплыву ў Эўропе. Яна аб’ядноўвае дэпутатаў парлямэнтаў і займаецца правамі чалавека і пытаньнямі культуры. Зь іншага боку, парлямэнт Беларусі — таксама ня самы важны інстытут у Беларусі. Таму адным з наступстваў будзе тое, што дэпутаты беларускага парлямэнту ня змогуць адчуць прэстыжу і гламурнасьці знаходжаньня ў Эўропе і размоваў з сваімі заходнімі калегамі.
Ня думаю, што гэтая рэзалюцыя паўплывае на дачыненьні Беларусі з ЭЗ. Бо там дзейнічае іншая прагматыка. Для ЭЗ важная праблема візаў, рэалізацыі праграмы „Ўсходняе партнэрства“. Калі замарозіць адносіны зь Беларусьсю, то гэта будзе азначаць няўдачу гэтай праграмы.
Праблема яшчэ ў тым, што ніхто ў ЭЗ ня можа адказаць на пытаньні: якая роля Беларусі ў палітыцы Эўрапейскага зьвязу? Навошта Эўрапейскаму зьвязу будаваць адносіны зь Беларусьсю? Беларусь — невялікая дзяржава. У Эўропе лічаць, што сытуацыя ў Беларусі больш залежыць ад Расеі, што Масква можа прымусіць Лукашэнку да пэўных крокаў. Таму ЭЗ трэба ў гэтым пытаньні дамаўляцца з Расеяй».