Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Халіп: Супраць СМІ распачалі беспрэцэдэнтную вайну


Сёньня адбылася прэсавая канфэрэнцыя з нагоды выклікаў у міліцыю чатырох журналістак. Ірына Халіп, Сьвятлана Калінкіна, Марына Коктыш і Натальля Радзіна распавялі пра сытуацыю, у якой яны апынуліся з-за сваёй прафэсійнай дзейнасьці.

Натальля Радзіна, журналістка сайту "Хартыя'97", паведаміла, што распачатая яшчэ адна крымінальная справа, зьвязаная з камэнтарамі да артыкула пра аўганцаў, які быў перадрукаваны на сайце "Хартыі'97" з газэты "Советская Белоруссия".

Радзіна заявіла, што гэта беспрэцэдэнтны выпадак, калі крымінальную справу распачынаюць не па факце публікацыі артыкула, а за камэнтары ў інтэрнэце.

Ірына Халіп заклікала ўсіх журналістаў да салідарнасьці і кансалідацыі і адзначыла, што крымінальная справа, распачатая за распаўсюд паклёпніцкіх зьвестак пра старшыню Гомельскага ЎКДБ Івана Каржа, — гэта толькі нагода для таго, каб спыніць дзейнасьць журналістаў.

Халіп заявіла, што напярэдадні прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі распачалася беспрэцэдэнтная вайна супраць СМІ. Улады спрабуюць выбіць самых вядомых і актыўных журналістаў з інфармацыйнага поля. Але калі гэтага не спыніць, то можа дайсьці і да фізычнага вынішчэньня.

Натальля Радзіна прыгадала двух забітых журналістаў — Зьмітра Завадзкага і Вераніку Чаркасаву.

Андрэй Бастунец, намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, паведаміў, што БАЖ будзе рэагаваць на гэтую сытуацыю і будзе падаваць скаргі на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі. Аднак ён таксама адзначыў, што журналісты мусяць праяўляць салідарнасьць з калегамі і бараніць свае прафэсійныя інтарэсы.

Напрыканцы сакавіка на кватэрах Калінкінай і Халіп, а таксама ў офісе “Хартыі-97” прайшлі ператрусы. Супрацоўнікі сілавых структураў канфіскавалі носьбіты інфармацыі, на якіх, аднак, нічога супрацьзаконнага знойдзена не было. Зараз кампутары накіраваныя на дадатковую экспэртызу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG