Лінкі ўнівэрсальнага доступу

50 жанчын гучна адмовіліся ўдзельнічаць у выбарах


Больш як 50 грамадзян з розных рэгіёнаў краіны адмовіліся ад удзелу ў выбарах у мясцовыя саветы, матывуючы свае дзеяньні тым, што дзяржава ня мае намеру аднаўляць іх парушаныя правы.

Адпаведная адозва накіравана 23 красавіка Аляксандру Лукашэнку, старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Лідзіі Ярмошынай, старшыні Эўрапарлямэнту Ежы Бузэку, а таксама дырэктару Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ Янэзу Ленарчычу.

Дакумэнт падпісалі прадстаўнікі групы жанчын, якія пацярпелі ад асабліва цяжкіх злачынстваў, ня згодныя з рашэньнямі судоў па сваіх грамадзянскіх справах і крымінальных справах сваіх блізкіх, а таксама грамадзяне Беларусі, якія ім спачуваюць, паведамляе БелаПАН.

У адозьве гаворыцца, што згодна з артыкулам 3 Канстытуцыі ўлада ў краіне належыць народу, аднак на справе — чыноўнікам, бо пытаньні, зь якімі прасіцелі зьвяртаюцца ў дзяржструктуры, вырашаюцца не на падставе заканадаўства, а паводле меркаваньня чыноўнікаў.

Аўтары паведамляюць, што на працягу апошніх гадоў паасобку і калектыўна ня могуць рэалізаваць сваё права на атрыманьне адказу па сутнасьці ад прадстаўнікоў суду і пракуратуры, як гэта прадугледжана артыкулам 40 Канстытуцыі:

«Але калі чалавек сам ня можа вырашыць сваё пытаньне з чыноўнікамі, можна думаць пра нейкія збоі ў дзяржаўнай машыне. Тупіковая ж сытуацыя ў калектыўнай перапісцы з чыноўнікамі па адным і тым жа пытаньні сьведчыць аб праблемах у дзяржаўнай сыстэме», — адзначаецца ў адозьве.

Яе аўтары паведамляюць, што кожны месяц прыходзяць на прыём да старшыні Вярхоўнага суду і генэральнага пракурора, а таксама да службовых асоб Адміністрацыі прэзыдэнта, аднак чыноўнікі адмаўляюцца вырашаць праблему адпісак:

«Замест гэтага супрацоўнікі праваахоўных органаў пры маўклівай згодзе кіраўніцтва краіны пачалі аказваць на нас псыхалягічны націск. Пасьля 22-й адозвы да прэзыдэнта краіны, вечарам 9 красавіка падпісантаў дакумэнта без папярэджаньня наведалі ўчастковыя міліцыянэры, якіх цікавіла, хто зьяўляецца арганізатарам і аўтарам звароту, а таксама дзе было арганізавана яго падпісаньне. За апошнія паўгоду гэта другі выпадак падобнага псыхалягічнага націску», — гаворыцца ў адозьве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG