Ціхановіч: Што цяпер адбываецца з братамі Бакіева, якія засталіся на радзіме?
Джуматаева: Па апошняй інфармацыі, Акмат Бакіеў, брат Курманбека Бакіева, зьнік бязь вестак з учарашняга дня (недзе каля 6-ці гадзін вечара). Яму затэлефанавалі невядомыя людзі і прапанавалі правесьці перамовы ад імя часовага ўраду. Ён паехаў зь імі на перамовы, і празь некаторы час яго брат патэлефанаваў яму і пачуў па тэлефоне нейкія крыкі, стрэл. І з таго моманту нічога невядома пра Акмата Бакіева. Прадстаўнікі часовага ўраду заявілі, што нічога пра гэта ня ведаюць, у іх не было ніякіх спробаў выйсьці на кантакт з братамі Бакіевымі. Пакуль невядома пра Акмата Бакіева, а Жаныш Бакіеў дагэтуль хаваецца, ён на поўдні Кіргізстану, і спэцыяльныя сілы Кіргізстану заяўляюць, што пакуль што яны ня маюць шанцу яго арыштаваць.
Ціхановіч: Былі паведамленьні пра знойдзеную вялікую суму грошай, што належалі сям'і Бакіева...
Джуматаева: З моманту, калі часовы ўрад абвясьціў, што будзе кантраляваць сытуацыю ў Кіргізстане, 7 красавіка ўвечары, у трох банках былі знойдзены наяўныя грошы, схаваныя нейкім чынам у сэйфе ці ў спэцыяльнай ячэйцы на агульную суму блізу 20 млн. даляраў, і з гэтых грошай была выплачаная пэўная сума (недзе па 23 тыс. даляраў) кожнай сям'і, што страціла сваіх родных падчас дэманстрацыяў. Усе гэтыя грошы, па словах выканаўцы абавязкаў міністра фінансаў, належаць сям'і Бакіева і яго сыну. Грошы былі запісаныя на імя былога міністра абароны і г.д. Апошнія 7 мільёнаў даляраў, што былі знойдзеныя ў трэцім банку, былі прадугледжаныя на кішэнныя выдаткі сыноў Бакіева ды іх жонак.
Ціхановіч: Якая сытуацыя з парадкам у краіне?
Джуматаева: Сёньня сытуацыя ўваходзіць у нармальнае рэчышча. Створаны народныя дружыны з шараговых жыхароў Джалал-Абаду і Бішкеку. У Джалал-Абадзе больш за 500 чалавек назіраюць за парадкам, а ў Бішкеку – больш за паўтары тысячы.
Ціхановіч: А як зьявілася фота сям'і Бакіева?
Джуматаева: Гэта здымкі, дзе на адным Бакіеў зь неафіцыйнай жонкай і малымі дзецьмі, а на другой – зь неафіцыйнай жонкай. Нам іх прынёс малады чалавек, які зьяўляецца далёкім сваяком аднаго з нашых карэспандэнтаў. Ён зрабіў гэтае фота не ў Бішкеку, а там, адкуль родам гэтая неафіцыйная жонка. Там Бакіеў доўгія гады працаваў на кіроўчых пасадах. Фота было зробленае на мабільны тэлефон, калі Бакіеў быў у вузкім коле сяброў і сваякоў.