Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бураўкін: “Не выключаю, што абвесьцяць жалобу ў дзень пахаваньня”


Чаму Беларусь застаецца адзінай суседняй з Польшчай краінай, якая не абвясьціла дагэтуль нацыянальную жалобу? Нават далёкая Бразылія афіцыйна смуткуе. А ў Беларусі цягам чатырох выходных дзён па ўсіх тэлеканалах ішлі ў асноўным забаўляльныя праграмы.


У найноўшай гісторыі Беларусі нацыянальная жалоба была абвешчаная толькі адзін раз: пасьля трагедыі на Нямізе, 31 траўня і 1 чэрвеня 1999 году. Тады ў страшэннай цісканіне пасьля канцэрту загінулі 53 чалавекі. Ніякія іншыя трагічныя падзеі з масавай гібельлю людзей не станавіліся нагодай для жалобы.

У былога прэм'ер-міністра Беларусі Вячаслава Кебіча я запыталася, хто можа абвяшчаць у краіне жалобу:

Вячаслаў Кебіч
"Наагул, паводле Канстытуцыі — прэзыдэнт. Паводле Канстытуцыі. Але хто не дае права, да прыкладу, таму ж парлямэнту зьвярнуцца з прапановай абвясьціць жалобу? Так, гэта крыху прыкра, што не далучыліся да ўсясьветнай жалобы. Мы ж славянскі народ. Ну што я вам магу сказаць? І так усё зразумела... Ні ўчора, ні пазаўчора ў нас смутку і жалобы не было. У нас — "Танцы". Замест “Катыні” мы "Танцы со звёздами" паказалі".

З заклікам абвясьціць у Беларусі агульнанацыянальную жалобу зьвярнуўся да прэзыдэнта кіраўнік руху "За свабоду" Аляксандар Мілінкевіч, іншыя грамадзкія дзеячы. Намесьнік старшыні праўладнага Саюзу палякаў Мечыслаў Лысы лічыць, што і зараз ня позна гэта зрабіць. Ён паведаміў, што зараз Саюз палякаў рыхтуе афіцыйны ліст да кіраўніцтва краіны з прапановай абвясьціць у Беларусі нацыянальную жалобу ў дзень пахаваньня тых, хто загінуў у авіякатастрофе.

Былы пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Генадзь Бураўкін выказаў такое меркаваньне:

Генадзь Бураўкін
"Я, напрыклад, ведаючы Сяргея Мартынава, я ж зь ім працаваў — разумны дыплямат, вопытны, умелы дыплямат — я не сумняваюся ні на адну сэкунду, што Мартынаў сказаў, што трэба ці жалоба, ці нейкія дзяржаўныя крокі. Я ў гэтым не сумняваюся. Але ж вырашае ня ён".

Дарэчы, міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў адным зь першых прыйшоў у амбасаду Польшчы з кветкамі і выказаў спачуваньні.

Старшыня праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец сказаў, што беларускі народ і так смуткуе, і сьведчаньне таму — кветкі і зьнічкі каля польскай амбасады:

Мікалай Чаргінец
"Уся Беларусь смуткуе. Што афіцыйна не абвешчана жалоба, ці ў гэтым справа? Прэзыдэнтам былі сказаны словы спачуваньня, горычы ў сувязі са стратай кіраўніцтва Польшчы на чале з прэзыдэнтам Качыньскім. Часам, калі спрабуюць падштурхнуць, горш бывае".

Што да абвяшчэньня жалобы, Генадзь Бураўкін выказаў такое меркаваньне:

"Ведаючы характар і, так сказаць, выбрыкі нашых уладаў, я яшчэ не выключаю, што заўтра-пасьлязаўтра будзе абвешчана жалоба на дзень пахаваньня. Таму што, напрыклад, Чэхія і Славакія абвясьцілі жалобу на дзень пахаваньня. І цалкам магчыма, што наша кіраўніцтва ў гэтай сытуацыі зробіць выгляд, што яно найбольш разумнае, найбольш тонкае. Я гэтага не выключаю. Але калі меркаваць па тых паводзінах і тых адносінах да Польшчы, якія ў нас ёсьць, то, можа, нічога і ня будзе".

Але, акрамя абвяшчэньня афіцыйнай жалобы, ёсьць яшчэ і пытаньне этыкі. Беларускія тэлеканалы — і першы нацыянальны, і ОНТ — у суботу, нядзелю і панядзелак, паколькі ў краіне былі выходныя, трансьлявалі ў асноўным забаўляльныя праграмы.

Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец кажа:
у гэты дзень нашым сродкам масавай інфармацыі прытрымаць бы гэтыя скочкі-танцы ...

"Канечне, у гэты дзень нашым сродкам масавай інфармацыі прытрымаць бы гэтыя скочкі-танцы. Але я ведаю, што ўжо перагледжаны праграмы".

На пытаньне, ці магло кіраўніцтва тэлеканалаў без афіцыйнага абвяшчэньня ў краіне жалобы скарэктаваць праграму, замяніць забаўляльныя праграмы больш стрыманымі, экс-старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Бураўкін адказаў:

"У прынцыпе, кіраўніцтва тэлекампаніі можа прыняць такое рашэньне. У яго такое права ёсьць. Але паколькі гэта зьвязана зь дзяржаўнай палітыкай, ня проста з практыкай, а з палітыкай — то рэальна гэта наўрад ці магчыма".

Дарэчы, у ноч з 23 на 24 красавіка па БТ пакажуць фільм Анджэя Вайды "Катынь". Праўда, уначы — пачатак а 24-й гадзіне.

«Літва, Украіна й Расія разумеюць трагедыю, у нас — не»

«Літва, Украіна й Расія разумеюць трагедыю, у нас — не»
«Ва ўсіх суседніх зь Беларусьсю краінах пасьля смаленскай катастрофы абвясьцілі жалобу. У Беларусі — не. Чаму?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.

Спадар
: «Пытаньне да кіраўніцтва, кіраўнікоў дзяржавы. А так я лічу, што кожны чалавек у Беларусі, кожны жыхар — ён перажывае. Гэтаксама, як у Расеі й паўсюдна. У мяне ў душы жалоба і ў сваякоў маіх жалоба. Гэта, канечне, вялікае гора».

Спадарыня: «Напэўна, не здагадаліся».

Спадар: «Трэба было абвясьціць жалобу і ў Беларусі. Такі выпадак — павінны ўсе спачуваць. Прэзыдэнта трэба спытаць, ён жа галава. Гэта няправільнае разуменьне пытаньня».

Спадарыня: «Наш правіцель у ніводнай сусьветнай сытуацыі не праявіў сябе як адэкватны палітык».

Спадар: «Жалоба больш тычыцца Расеі, бо яны ехалі на Смаленшчыну. А Беларусь не абвясьціла — дык абвесьціць яшчэ».

Спадар: «Лічу, што нам таксама трэба было абвясьціць жалобу — гэта ж нашыя суседзі. Ад прэзыдэнта гэта залежыць. Ён жа ў нас кіруе, і больш ніхто. Кепскія ў яго стасункі ў апошні час менавіта з Польшчай, зь яе кіраўніцтвам. А да людзей у яго заўсёды было ня вельмі добрае стаўленьне».

Спадар: «Я ня згодны з тым, што мы не абвясьцілі. На афіцыйным узроўні прэзыдэнт, пэўна, няправільна зрабіў. Усе мы спачуваем гэтай трагедыі».

Спадарыня: «Я неяк не прыслухоўвалася, што нашы не абвясьцілі жалобу — так што ня ведаю».

Спадар: «У Беларусі жалобу не абвясьцілі? Ды не, у нас і так шмат жалобных дзён».

Спадар: «Непавага да людзей з боку дзяржавы — гэта галоўнае. Калі Літва, Украіна й Расія абвясьцілі й разумеюць трагедыю, то ня ведаю, чаму ў нас урад гэтага не зрабіў. Людзі паважаюць сяброў. А калі няма сяброў, дык пра што тут можна казаць».

Спадарыня: «На мой погляд, гэта няправільна. Мы таксама павінны абвясьціць жалобу. Напэўна, такая пазыцыя ў дачыненьні да палякаў у нашага ўраду».

Спадар: «Мы ўсе спачуваем, незалежна ад таго, будзе абвешчана жалоба ці не».

Спадар: «Спачуваюць жа! У Менску прыходзяць да амбасады. А чаму афіцыйна не аб’явілі, ня ведаю».

Спадар: «Канечне, шкада — людзі загінулі, а тым больш — урадоўцы».

Спадар: «Я асабіста ў жалобе. За іншых адказаць не магу. Жалобу можна было абвясьціць, раз гэта зрабілі Ўкраіна, Расея й нават Літва. Лічу, што й мы маглі б абвясьціць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG