Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самыя гучныя авіякатастрофы


Ту-154 польскага прэзыдэнта
Ту-154 польскага прэзыдэнта

Гэтымі днямі грамадзяне Польшчы разьвітваюцца з прэзыдэнтам Польшчы Лехам Качыньскім. Авіякатастрофа прэзыдэнцкага самалёта 10 красавіка пад Смаленскам стала самай маштабнай па колькасьці ахвяраў сярод людзей, надзеленых уладай. Для каго з палітычных дзеячаў найноўшай гісторыі жыцьцё дачасна спынілася ў небе?


У міжнародным маштабе найбольш значнай палітычнай фігурай, якая стала ахвярай авіякатастрофы, можна лічыць генэральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Дага Яльмара Агнэ Карла Хамаршэльда. Самалёт з гэтым швэдзкім палітыкам разьбіўся 18 верасьня 1961 году, калі ён накіроўваўся зь міратворчай місіяй у Конга. Разам з Хамаршэльдам загінулі некалькі высокапастаўленых чыноўнікаў ААН, а таксама і кангалескія ўрадоўцы.

19 кастрычніка 1986 году ў небе над Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай пацярпеў катастрофу самалёт Ту-134, на якім вяртаўся на радзіму прэзыдэнт Мазамбіку Самора Машэл. Гэтаксама загінулі некалькі міністраў мазамбікскага ўраду.

6 красавіка 1994 году ў раёне Вялікіх афрыканскіх азёраў паўстанцы зьбілі самалёт, у якім знаходзіліся першыя асобы адразу двух дзяржаваў: прэзыдэнт Бурундзі Кіпрыен Натрыаміра і прэзыдэнт Руанды Жувэналь Хаб’ярымана. Урады Бурундзі і Руанды ў забойстве кіраўнікоў дагэтуль падазраюць спэцслужбы суседняга Заіру.

15 лютага 2001 году побач са сталіцай Чаду Нджамэнай разьбіўся ўрадавы самалёт з вышэйшымі чыноўнікамі гэтай краіны. Загінулі генэральны сакратар адміністрацыі прэзыдэнта Абдарахман Дадзі і міністар разьвіцьця Алі Ахмэд Ламінэ.

5 красавіка 2001 году пацярпеў крушэньне ваенна-транспартны самалёт, які перавозіў спэцыяльнага прадстаўніка міністра абароны Судана Ібрагіма Шамсудзіна і яшчэ 13 высокапастаўленых вайскоўцаў.

Праз чатыры гады, 31 ліпеня 2005-га, на мяжы Судана і Кеніі разьбіўся верталёт, на якім ляцеў віцэ-прэзыдэнт Судана Джон Гаранг.

Адной з прычынаў частых авіякатастрофаў у Афрыцы называецца маральна і фізычна састарэлы авіяпарк, які ў асноўным складаецца са сьпісанай тэхнікі яшчэ савецкай вытворчасьці. Апроч таго, бясконцыя грамадзянскія войны робяць рызыкоўным амаль кожны палёт — няма ніякай гарантыі, што якое-небудзь племя ня выпусьціць ракету па сваім ворагу.

Бацька віцеблянкі Аксаны Грынько шмат гадоў працуе лётчыкам у розных афрыканскіх краінах. І, зь яго словаў, да катастрофы могуць прывесьці нават не міжэтнічныя «разборкі», а элемэнтарная эканомія паліва:

«З газай там праблема вечная. Нават у краінах, дзе гаспадарнічаюць замежнікі. Там, дзе працаваў бацька, авіяпаркам загадваў француз, яго пілёты так і называлі — „Папа“. Нібыта багаты, нібыта купляе самалёты — няхай сабе і старыя, але ўсё роўна нешта абнаўляе. Але з палівам у іх заўсёды проста катастрафічная праблема, вылічваюць ледзьве не да літра.
Самалёты, здараецца, падаюць проста з-за таго, што дрэнна разьлічылі запраўку.
Таму бацька і не зьдзіўляецца, што самалёты, здараецца, падаюць проста з-за таго, што дрэнна разьлічылі запраўку. То бок, аварыі бываюць у тым ліку і таму, што паліва заканчваецца ў паветры».

За некалькі апошніх гадоў у Афрыцы загінулі блізу 20 беларускіх лётчыкаў. У выніку падзеньня транспартных самалётаў у Танзаніі і Конга разьбіліся агулам 8 чалавек, яшчэ 11 беларускіх авіятараў сталі ахвярамі ракеты, выпушчанай па іхнім самалёце самалійскімі баевікамі.

Сьледам за Афрыкай у чорным сьпісе па колькасьці стратаў ідзе Паўднёвая Амэрыка. Вось найбольш гучныя крушэньні. У 1969 годзе пацярпеў аварыю самалёт прэзыдэнта Балівіі Рэнэ Бар’ентаса Артуньё. Ёсьць падазрэньне, што катастрофа была сплянаваная ягонымі апанэнтамі.

24 траўня 1981 году пры да канца ня высьветленых абставінах у авіякатастрофе загіну прэзыдэнт Эквадору Хаймэ Рольдас Агілера. Мяркуецца, што на Рольдаса быў зьдзейсьнены замах.

31 ліпеня таго ж году пры загадкавых абставінах у авіякатастрофе загінуў камандуючы Нацыянальнай гвардыяй, фактычны кіраўнік Панамы генэрал Амар Тарыхас.

Адной з самых гучных застаецца гібель у авіякатастрофе 17 жніўня 1988 году прэзыдэнта Пакістану, генэрала Зія-уль-Хака Махамада. Ваенны самалёт «Геркулес С-130» рухнуў на падлёце да лётнішча ў Равалпіндзі, недалёка ад Ісьлямабаду. Разам з Зія-уль-Хакам ляцелі вышэйшыя афіцэры пакістанскай арміі, а таксама амэрыканскі амбасадар у Пакістане Арнольд Рэйфэл.

12 лістапада 2001 году ў раёне горнага возера Рара на тэрыторыі Нэпалу разьбіўся верталёт, у якім на адпачынак накіроўвалася нэпальская прынцэса Прэкш’я. Разам зь ёй загінулі шэсьць чалавек з абслугі і пілёт.

Што да Эўропы, то да нядаўняга часу найбольш гучнай была авіякатастрофа, якая прывяла да гібелі прэзыдэнта Македоніі Борыса Трайкоўскага. 26 лютага 2004 году прэзыдэнцкі самалёт «Beech Aircraft» упаў побач з басьнійскім горадам Мостара. Разам з Трайкоўскім загінулі шэсьць чалавек зь ягонага атачэньня і два пілёты. Дарэчы, згаданы самалёт эксплюатаваўся больш за 30 гадоў і экспэрты не выключаюць, што да трагедыі прывяла менавіта зношанасьць тэхнікі.

Пасьля беспрэцэдэнтнай па сваіх маштабах авіякатастрофы 10 красавіка пад Смаленскам, якая каштавала жыцьця прэзыдэнту Леху Качыньскаму ды іншым высокапастаўленым кіраўнікам, у Польшчы ўсё часьцей гавораць пра неадпаведнасьць цяперашняга авіяпарку статусу вышэйшага кіраўніцтва. У спэцыяльным палку транспартнай авіяцыі Войска польскага былі два Ту-154, якія абслугоўвалі прэзыдэнта і прэм’ера. Абодвум самалётам па 20 гадоў і, адрозна ад беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі, які замовіў сабе новенькі «Боінг» спэцкамплектацыі наўпрост у Сыэтле, польскае кіраўніцтва займалася выключна мадэрнізацыяй старой тэхнікі. Якраз зараз у Самары асучасьніваюць борт прэм’ер-міністра Дональда Туска, а пры канцы мінулага году, са слоў генэральнага дырэктара авіяцыйнага завода «Авіякор» Аляксея Гусева, працэдуру «амаладжэньня» прайшоў прэзыдэнцкі ляйнэр:

«Быў адрамантаваны непасрэдна сам плянэр, былі выкананыя капітальныя рамонты ўсіх рухавікоў, а таксама праведзена мадэрнізацыя і рамонт салёна для галоўнага пасажыра».

Вядома, што інцыдэнты з самалётам Качыньскага здараліся і раней, аднак да рэальнай небясьпекі справа ўсё ж не даходзіла. Так, у сьнежні 2008 году падчас візыту польскага прэзыдэнта ў Манголію мароз сапсаваў мэханізмы кіраваньня закрылкамі. У тым жа годзе прэзыдэнцкі самалёт трапіў у зону вельмі моцнай турбулентнасьці над Паўднёвай Карэяй, пасьля чаго Лех Качыньскі нават тлумачыў: кожны палёт зьвязаны з пэўнай рызыкай, але ў прэзыдэнта іншага выйсьця няма, таму што даводзіцца лятаць пастаянна.

Што насамрэч прывяло да авіякатастрофы самалёта прэзыдэнта Польшчы па нябеснай дарозе ў Катынь — мусіць неўзабаве абвясьціць сумесная расейска-польская камісія, якая займаецца расшыфроўкай чорных скрыняў.

Віцэ-прэм’ер ураду Расеі Сяргей Іваноў запэўніў, што бартавыя самапісцы ўскрытыя ў прысутнасьці польскіх спэцыялістаў і ўся праца каардынуецца з уладамі Польшчы. У сваю чаргу, Іваноў лічыць, што трагедыі можна было пазьбегнуць:

«Можна ўжо цалкам дакладна зрабіць дзьве высновы: па-першае, бартавыя самапісцы былі цалкам працаздольныя і зарэгістравалі абсалютна ўсю інфармацыю — як гукавую, так і парамэтрычную, ажно да сутыкненьня самалёта з зямлёй. Па другое, дакладна пацьверджана: папярэджаньне пра нездавальняючыя мэтэаўмовы на лётнішчы „Паўночны“ і рэкамэндацыі ісьці на запасныя аэрадромы былі ня толькі перададзеныя, але і атрыманыя экіпажам своечасова».

Засьцерагчыся ад форс-мажору ў паветры практычна немагчыма. Калі толькі не ўзяць на ўзбраеньне прыклад паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Іра, які катэгарычна адмовіўся ад перамяшчэньня самалётамі і свае рэдкія міжнародныя выправы ажыцьцяўляе чыгункай у браніраваным цягніку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG