10-я гадзіна раніцы. Лётнішча ў Варшаве. Вайсковы самалёт прывёз на радзіму цела першай лэдзі – Марыі Качыньскай. Кароткая цырымонія з удзелам сваякоў і сяброў і дарога ў палац – дакладна такі ж маршрут, якім два дні таму везьлі труну з целам Леха Качыньскага.
Уздоўж вуліцаў, праз якія ехала жалобная калёна – дзесяткі тысячаў варшавянаў, таксама як і перад прэзыдэнцкім палацам. У прэзыдэнцкім палацы – імша для сваякоў у палацавай каплічцы і адкрыцьцё палацу, каб з прэзыдэнцкай парай малі разьвітацца жыхары сталіцы. Даўжэзная чарга.
“Спадарства Лех і Марыя Качыньскія вырушылі адсюль разам, разам загінулі на расейскай зямлі і думаю, гэта правільна, што яны і тут будуць разам, калі палякі прыйдуць, каб зь імі разьвітацца”, -- заявіў намесьнік загінулага кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Яцэк Сасін.
Прэзыдэнцкі палац будзе адчынены нават уначы, каб кожны жадаючы мог разьвітацца з Лехам і Марыяй Качыньскімі.
У парлямэнце на адмысловым паседжаньні ўшанавалі памяць 18 дэпутатаў Сэйму і Сэнату, якія загінулі ў катастрофе. На месцах загінулых дэпутатаў – іхныя партрэты і вянкі зь белых і чырвоных кветак. Гэтаксама – на ганаровым месцы прэзыдэнта ў залі сэйму.
“У сувязі з тым, што Канстытуцыя накладае на мяне абавязак выконваць абавязкі кіраўніка дзяржавы да выбараў, дазволю сабе зьвярнуцца да ўсіх вас з просьбай аб дапамозе, каб разам правесьці краіну праз гэты цяжкі пэрыяд,“ – сказаў выканаўца абавязкаў прэзыдэнта, сьпікер Сэйму Браніслаў Камароўскі.
Жалоба ў Польшы працягнецца да суботы. У гэты дзень, у цэнтры польскай сталіцы, на пляцы Юзэфа Пілсудзкага адбудзецца разьвітаньне з усімі ахвярамі катастрофы. У нядзелю – пахаваньні.
Гэта, аднак, залежыць ад таго, ці будуць да гэтага часу ідэнтыфікаваныя целы ўсіх ахвяраў. Гэта надзвычай складана, у большасьці выпадкаў патрэбная экспэртыза ДНК. Цела Марыі Качыньскай удалося апазнаць толькі дзякуючы адмысловым надпісам на шлюбным пярсьцёнку, пра які ведалі бліжэйшыя супрацоўнікі першай дамы.
“Заўтра плянуецца прылёт першых самалётаў з Масквы з парэшткамі астатніх ахвяраў катастрофы. Таксама пачнуць вяртацца блізкія загінулых, якія дапамагалі апазнаць цклы сваіх сваякоў”, -- заявіў прэсавы сакратар польскага ўраду Павал Грась.
Па ўсё краіне працягваюцца жалобныя набажэнствы, людзі зьбіраюцца на плошчах, каля помнікаў з кветкамі і зьнічкамі, каб ушанаваць памяць тых, хто загінуў 10 красавіка на двойчы цяпер праклятай для палякаў зямлі – у катыньскім лесе.