Прыслужніцу госьці назіралі,
Але ні слоўца не сказалі.
Яна — да стала й госця хоп
Таго — за чуб, другога — ў лоб!
…
І ўрэшце адзін крычыць: «Сарамніца!
Хоць сьцёгны схавай пад спадніцай!»
Ганс Сакс, Нябачная голая прыслужніца
Выбарнікі дзеляцца на няроўныя групы. Адны пра выбары ня ведаюць і даведацца пра нешта ня надта ймкнуцца. Іншыя ведаюць, імкнуцца і вельмі жадаюць усіх астатніх накіраваць да веданьня і больш актыўнай пазіцыі. Ім цяжка, іх шкада, як фізыкаў, якія спрабуюць выдаіць зь фізычнага вакууму нейкія звышцікавыя часьціцы са звышкарыснымі энергіямі. І трэція — аналітыкі (пра сябе я не кажу, я проста разявака ў аналітычным тэатры), якія гэты палітычны вакуум сузіраюць з эстэтычнай цікавасцю і нават упрыгожваюць па-свойму. Выходзіць часьцяком ляканічна й не бяз досьціпу.
Непрыкметна крочыць па краіне выбарчая кампанія-2010 г. Апалітычнаму люду яна нецікава. Для крыху палітызаванага люду выбары малацікавыя, таму што «няма за каго галасаваць». І гэтая катэгорыя выбаршчыкаў рыхтуецца прагаласаваць «Супраць усіх». А палітычныя актывісты падпраўляюць на інфармацыйных стэндах надпіс «Выбары-2010» на больш адпаведны «Нявыбары-2010».
Адзін з гомельскіх інфармацыйных стэндаў.
Такая ва ўсіх сэнсах нявінная карціна паўстала перад поглядам liashkou-a, які ўважліва адсочвае ўсе візуальныя праявы палітычнага працэсу ў родным горадзе.
Куды багацейшая сэнсамі і знакамі зьява была зафіксавана paval і прадстаўленая суду чытачоў суполкі by_trash. Фантазія кандыдата прывяла яго на стэнд, аблеплены аб’явамі самога бытавога характару: аб дастаўцы бульбы й — наадварот — аб сродках пахуданьня, здыме кватэры й кладцы ламінату… Сапраўды, гушча жыцця! Адна невялікая небясьпека — як бы не прынялі перадвыбарную афішу за рэкляму корму для хатніх гадаванцаў.
Рэакцыя суполкі была зухлівай, зьедлівай:
— Дэпутат — зьлева?
— Лягічна. Ці наўрад у мясцовых саветах, як і ў вялікім парлямэнту, ККД дэпутата-чалавека перавысіць ККД дэпутата-сабакі, таму мы адважна можам балятаваць сваіх хвастатых сяброў і рабіць бізнэс на іх дэпутацкіх зарплатах.
— Дзякуй! Замовіў гародніны і мяшок бульбачкі!
Калі падчас кароткага абмеркавання адзін з каментатараў паведаміў, што кандыдат ёсьць чальцом партыі Гайдукевіча, paval палічыў патрэбным дадаць яшчэ пару рысак да гэтага мудрагелістага партрэта:
А яшчэ ў яго два аднолькавыя аўто Audi Allroad з пантовымі нумарамі 0001 і 0002, якія ён вельмі любіць ставіць не па ПДД (проста піянэр зьнішчэньня зялёнай зоны). Затое мае перадвыбарчы лёзунг «за чысьціню і парадак».
«Чысьціня і парадак» — гэтыя чарадзейныя словы маюць усе шанцы стаць асновай дзяржаўнай ідэалёгіі, якая ўсё яшчэ няўпэўнена мацае па поцемках у пошуку самой сябе. Уладзімір Целяпун зьвярнуў увагу на тое, што ў перадпачатак выбараў распарадчыкі-чысьцільшчыкі гарадоў заварушыліся: добраўпарадкоўваюць двары, перакладаюць асфальт… Ну й іншую навочную прапаганду вядуць. Часьцяком вельмі спецыфічна:
Улётка ад «групы падтрымкі» зроблена прафэсійна. Без выходных дадзеных. Размяшчаюць (наклейваюць) ня толькі на дазволеныя стэнды, а і на шкло дзьвярэй. І што яшчэ больш дзіўна — на абвестцы запрашэньня на сустрэчу з выбаршчыкамі не пазначана дата і час сустрэчы. Як у песьні — мы прыйшлі — яго няма, запрасіў і не прыйшоў…
Што ж, нябачнасьць, адсутнасьць паху, густу, вагі — найпрыгажэйшыя ўласьцівасці для ўлады. Калі нічога не чакаеш ад яе, а спадзяешся толькі на тое, што цябе ня будзе чапаць. Аднак жа яна чапае, жадае чагосьці, як «нябачная голая прыслужніца» Ганса Сакса. Што выклікае сусім зразумелае раздражненьне. І спараджае канструктыўныя прапановы па ўтылізацыі кандыдацкай цягі да чысьціні і парадку.
Пра клюмбы, скверы, паркі паны кандыдаты гаварылі бясконца.. Няхай бы лепш запісваліся ў садоўнікі!
Усе імкнуліся пераканаць мяне, што яны вельмі добра ведаюць жыцьцё, бо кожны дзень сустракаюцца зь людзьмі і іх праблемамі. І гэтае веданьне ім дапаможа ў дэпутацкай працы. <…> Між тым, усіх гэтых кандыдатаў, што так мараць займацца клюмбамі, трэба было б вывезці хаця б уздоўж чыгуначных трас (у кожным кірунку за 60 км ад сталіцы). Там гэтулькі бруду, сьмецьця, у абсягах станцый, прыпынкаў дзікія звалкі — працы ўсім бы хапіла. Байкі пра выключную нашу чысьціню і дбаньне аб роднай зямлі — міты.
Вось так mikalaj-achyzha прапаноўвае перапрацаваць найноўшую беларускую міталёгію чысьціні ў сьветлую экалягічную рэальнасьць. Магчыма, так яно й будзе ў не занадта далёкай будучыні. Пакуль жа нам застаецца вось што: паменш сьмяціць, каб кандыдаты-чысьцёхі не пладзіліся.