Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Морына не ад слова “ма́рыць”


Назва найстаражытнейшай на Іўеўшчыне вёскі Морына --> http://maps.google.com/maps/ms?ie=UTF8&msa=0&msid=103600678178428685206.00046355b62ab3e327e28&ll=53.887749,25.591278&spn=0.268713,0.727158&t=h&z=11&iwloc=0004840ecc1a2572ead6e , дзе знойдзеныя стаянкі ды селішчы нашых прашчураў аж эпохі мэзаліту, паходзіць чамусьці ад агульнаславянскага тэрміну «мор», утворанага шляхам перагаласоўкі ад «памерці, мру». І калі паверыць, што імёны эзатэрычным чынам чыняць актыўны ўплыў на жыцьцё, дык сёньняшняе Морына — яскравае таму пацьверджаньне.

Спадарыня: «Жыцьцё вельмі кепскае — несправядлівае!»


Каля храма адзіная ў вёсцы, дзе тры з паловай сотні жыхароў, прыватная крама. Яе ўладальніца, 36-гадовая Натальля, кажа, што за два апошнія гады мае адны страты.


Натальля: «Наведнікаў у сярэднім 20. Во бабуля прыйшла, узяла селядца і булку хлеба — праз 3 дні толькі прыйдзе. А на 5 км вёска. Да абеду прадасьць хлеб, і можна паперы пісаць, цэны выстаўляць. У школе было 36 дзяцей. Закрылі школу, калгас зараз — толькі адна фэрма працуе, садок закрылі. Дзеці на пераменах сюды па якую шакалядку бегалі — што цяпер? Прыяжджаюць у 15.00, а калі ўзімку — цёмна.Таваразварот калі раней быў 400 тысяч, цяпер 200. Пэрспэктывы — ня ведаю...»

Год таму было, у тым ліку і афіцыйным друкам, абвешчана пра стварэньне сёлета ў Морына аграгарадку. Пачалі абнаўляцца асноўныя фонды, выводзячы гаспадарку з даўжнікоў. А ў спалучэньні з тым, што вёска стаіць на правым беразе Нёмана, дзе патэнцыяльна турыстычныя пляжы з жоўтым пясочкам, нібы ўсё давала насельнікам спадзяваньні на пэрспэктыву. Але права на стварэньне аграгарадку атрымалі Лелюкі, што за два дзясяткі км. Таму калгасу ў Морына «поўны швах» — цьвердзіць цяпер ужо былы загадчык майстэрняў, спадар Фёдар Дзьмітрыеў. Ён зараз беспрацоўны і ў поўнай роспачы.

Дзьмітрыеў: «Аддалі калгасу 10 год, як выкінулі. Усю тэхніку прыбралі. А каб ізноў прыгнаць сюды, колькі ж паліва спаліць! У нас было 25 трактароў. Што рабіць — ня ведаю. У бізнэсе — адсутнасьць крэдытаў і падаткі...»

Спадарыня Салановіч 40 год была настаўніцай пачатковых клясаў мясцовай сярэдняй школы. І жонкай памерлага, вядомага за межамі Івейшчыны краязнаўцы Івана Васільевіча Салановіча. Той дзесяцігодзьдзямі дбайна зьбіраў ды кампанаваў гісторыка-краязнаўчы музэй, які зараз, натуральна, зачынены разам са школай. Сам знаходзіў каменныя ды крамянёвыя прылады 5-8-тысячагадовай даўніны, вывучаў гісторыю ўладароў морынскіх зямель — паноў Навасельскіх, Брахоцкіх, а таксама падпольля КПЗБ 30-х гадоў мінулага веку. Хоць галоўнай мэтай было вывучэньне гісторыі тутэйшага партызанскага руху, у якім таксама браў удзел. Успамінае Вольга Іванаўна.


Салановіч: «Асноўнае — у яго была перапіска з былымі партызанамі — во бачыце, сотні лістоў. Аддаваўся ўвесь школе. Праз дарогу раніцай ідзем разам, увечары людзі ўжо сьпяць, а ён у музэі працуе. Калі ў партызанах быў — ай, не пішыце — бургамістра аднаго кінуў у калодзеж уніз галавой. 6 дзяцей іх было — дык разам з маці забраў у партызанскую зону...»

Аднак і спадарыня Салановіч у трывозе за будучыню.

Салановіч: «Што будзе? Зрухаў няма. Палову дамоў пакуплялі на лецішчы.І пустыя дамы. Ад мяне шэсьць дамоў управа — Нёман жа блізка, лес...»

Пакуль гаварылі, зь Іўя прывезьлі вучняў-морынцаў.

Карэспандэнт: «У якой клясе?»

Дзеці: «У шостай. Завуць Васіліна... Віталік... Нас рэгулярна падвозяць...»

Да нас падыходзіць з-за ваколіцы маці — 47-гадовая Натальля Баранава. Па яе словах, сытуацыя «замарозілася».

Баранава:
Мы хочам справядлівых людзей знайсьці на выбары, каб разаблачылі ўсё і нам лягчэй стала жыць…
«Працую ў быткамбінаце, я прыёмшчыца заказаў, сама шыю. Зарплата 450. Заказаў не паменела — рамонт абутку, мэблі, пральных машынаў. Дачнікі крутыя, нічога не заказваюць. А мой муж на фэрме робіць начным скотнікам — 450 таксама зарабіў, бо ў яго стаж 20 год...»

А бабця Наста, убачыўшы нас, аж зайшлася крыкам.

Наста: «Справы кепскія! Тут у бібліятэцы ніхто не працуе, у клюбе абы каму плацяць. Хто працуе, гонару няма! Мы хочам справядлівых людзей знайсьці на выбары, каб разаблачылі ўсё і нам лягчэй стала жыць...»

* * *


Пакуль гутарыў на вуліцы зь вяскоўцамі, побач незаўважна спыніліся «Жыгулі», зь якіх выскачыла разьюшаная жанчына з высокай прычоскай. Кінулася да мяне:

«Прыбярыце мікрафон, без маёй згоды ня маеце права!»

Так мы пазнаёміліся зь мясцовай старшынёй сельсавету, спадарыняй Таісіяй Лось. Ужо ў кабінэце суразмоўніца паспакайнела. Аднак увесь час намагалася выпраменьваць афіцыйны аптымізм, аргумэнтаваць «правільнасьць» таго, што адбылося.

Карэспандэнт: «Наколькі ведаю, дзіцячы садок закрываецца калі, менш за 8, а школа — 20 чалавек...»

Лось: «У садку было 5, у школе розны ўзрост дзяцей. Будынак школы на 350 чалавек. 20 год таму тры дзясятыя клясы было. Было 17 настаўнікаў. Печы аграмадныя, а 3 чалавекі ў клясе — канечне, было холадна. Адвозяць дзяцей 2 разы на дзень у Іўе...»

Карэспандэнт: «А як на эканамічную будучыню гледзіце пасьля таго, як у вас усё забралі ў аграгарадок?»

Лось: «А чаму лічыце, што ўсё забралі? Кожны за свае сродкі ў сацыяльныя свае аб’екты ўкладаньні зробіць. Хто хоча працаваць, знаходзіць...»

Пытаюся, колькі адсоткаў кінутых хат прыпадае на лецішчы.

Лось: «Адсоткаў 30. Але тут прыгожыя берагі, месцы. 4 гады таму было 497 пустых дамоў, цяпер 37. Землі, праўда, танныя ў Морына — кадастравым коштам 15-20 сотак 150-160 тысяч...»

Карэспандэнт: «Будучыня Морына — пасёлак лецішчаў?»

Лось: «Чаму? У нас 2 прыватныя прадпрыемствы. Купілі ўчастак пад дом адпачынку — гэта ў далёкай будучыні, канечне...»

А вось прадпрымальнікі ў Морына адчуваюць сабе, бадай, лепей за ўсіх. Я пабываў у фірме «Нёман-пласт», якая ўжо 20 год робіць 20 відаў камплектуючых для поліэтыленавых трубаў, што скарыстоўваюць ЖКГ, а яшчэ — вугалкі для мэблі ды звычайныя гузікі. Столькі ж год загадчыкам вытворчасьці ды адным з уладальнікаў — карэнны морынец, спадар Аўген Беразоўскі. Скарыстаем жа рэдкую магчымасьць пагутарыць з пасьпяховым, наколькі магчыма, вясковым прадпрымальнікам.


Карэспандэнт: «Бываў у вёсках, калі гарадзкія прадпрымальнікі пераводзілі туды вытворчасьць, бо таньней і выгадней. Ёсьць такое?»

Беразоўскі: «Не. Таму што цяпер рынак вялікі, канкурэнцыя. Трэба, каб якасьць была. Арэнды няма, бо гэта ўсё нашае — зямлю калісьці выкупілі, памяшканьне. Калі браць грашовыя аб’ёмы, маем 200 млн. у месяц. Морынцаў чалавек 20. Заробкі ліцейшчыкі атрымліваюць ад 500 да 600...»

Карэспандэнт: «Скардзяцца на падатковае бярэмя — як у цябе?»

Беразоўскі: «Як усюды. Пашырацца з такімі падаткамі не выпадае — каля 20% будзе. У мінулым годзе крызіс — быў, ня быў — упалі аб’ёмы на рэалізацыю. Тыя, хто браў на 50 млн., скаціліся да 21. Некаторыя стаялі цэлы год. Людзей пускалі ў адпачынкі, але стараліся не скарачаць. Людзей глядзім, каб ня п’яніцы — усё-ткі машыны, рукі абы куды ня сунулі...»

Карэспандэнт: «Навалы з аграгарадком вас не датычаць?»

Беразоўскі: «Не, як працавалі, так і будзем. Мяняем банк. Трэба крэдыты на сыравіну, а поліпрапілен у Беларусі ня робіцца. А „Беларусбанк“ — дайце нам адпаведныя паперы. А „Прыёрбанк“ — адчыняйце крэдытную лінію, і ўсё. А адна форма для тых жа часалак каштуе 10000 умоўных адзінак. У нас 10 машын — можам рабіць усё...»

Карэспандэнт: «Выкажу здагадку — ты ў Морына самы вялікі аптыміст...»

Беразоўскі: (сьмяецца) «Кожны чалавек імкнецца думаць, што скончацца праблемы і зажывем, як у той жа Польшчы ці Амэрыцы. І Морына ня будзе ад слова „марыць“. І не прадаваць хаты, як цяпер паўвёскі, дачнікам. У мяне была магчымасьць зьехаць, але, можа, я разумею, што такое малая Радзіма — мае землякі, наша прырода, усё знаёмае. Выбіраюся ў Менск на дзень-два, але потым цягне сюды ў Морына...»

Разам са мной у той дзень у рамках правядзеньня перадвыбарчай кампаніі ў Морына знаходзіўся сябра Партыі БНФ, спадар Міхась Бурачэўскі. Запрашаю яго падзяліцца сьвежымі ўражаньнямі.

Бурачэўскі: «Едучы ў Морына, мы чакалі ўбачыць сучасны аграгарадок — як пра яго пішацца ў інтэрнэце. Але тое, што ўбачылі, гэта жахліва. Школа пустуе — прыгожае двухпавярховае збудаваньне. Жыхары — ахвяры аграгарадку. Усё забралі з тэхнікі. Але вінаватыя і самі людзі. Мне даводзілася агітаваць у такіх вёсках падчас выбарчых кампаній. Што чую? Чаго прыехалі, мы самі ведаем, за каго галасаваць. І будуць цяпер выбары — яны ж ізноў будуць так галасаваць. Бабка гаворыць — „мне прэзыдэнт дае пэнсію“. Можна падумаць, што са сваёй кішэні. Мне Морына шкада — вялікая вёска на некалькі км — ляжыць на лапатках, ад слова „марыць“. Будзе пасёлак лецішчаў. Гэта рай для прадпрымальнікаў, бо танная рабочая сіла. Іншага выйсьця ніякага няма!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG