Трэці дзень да польскай амбасады ідуць людзі з кветкамі. Прыходзяць вядомыя асобы. Зь белымі хрызантэмамі і чырвонымі гвазьдзікамі прыйшоў пісьменьнік і гісторык Уладзімер Арлоў.
Уладзімер Арлоў: «Даведаўшыся пра гэтую чорную навіну, я ня змог стрымаць сьлёзаў. Пасьля Другой усясьветнай вайны гэта самая страшная трагедыя ў гісторыі Польшчы. Сёньня я смуткую разам са знаёмымі і незнаёмымі нашымі братамі-палякамі... І ўсё ж такі спадзяюся, што кіраўніцтва Беларусі абвесьціць нацыянальную жалобу і ў нашай краіне. Бо калі гэта ня будзе зроблена, гэта будзе ганьба для гэтага кіраўніцтва. Таму што беларусы ў жалобе...»
Народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч кажа:
«З Катыні мой бацька вярнуўся. Ён быў капралам дывізіі імя Касьцюшкі... Гэтая трагедыя здарылася таксама пад Катыньню. Гэта, мне здаецца, ніводнага чалавека ня можа пакінуць абыякавым. Трагедыя страшная...»
Галоўны рэдактар «Советской Белоруссии» Павал Якубовіч таксама прыйшоў да польскай амбасады:
«Я зараз хварэю, а ў такія часы асабліва востра і глыбока перажываеш такія падзеі, трагічна і эмацыйна. Калі б я быў бы на працы, я б даў загаловак „Праклён Катыні“ альбо штосьці накшталт гэтага. Таму што інфэрнальнае ёсьць у тым, як мінулае страляе ў сёньняшні дзень».
Паэт, кіраўнік грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Уладзімер Някляеў кажа:
«Сьвет зараз проста здрыгануўся і зьнямеў у жалобе. Да ўсясьветнай жалобы не далучылася толькі Беларусь, дакладней, афіцыйная Беларусь. Я штодня хаджу да амбасады Польшчы і бачу людзей, не арганізаваных, дарэчы, ні апазыцыяй, ні кім-небудзь яшчэ. Людзі прыходзяць са сьлязамі на вачах, ня могуць прамовіць нават слова, так скаланула і ўразіла іх трагедыя. А з боку ўладаў — толькі сухое афіцыйнае спачуваньне».
Сёньня раніцай спачуваньні выказалі міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў, прадстаўнікі дыпляматычных місій, акрэдытаваных у Беларусі.
Часовы павераны ў справах Украіны ў Беларусі Аксана Кіцун кажа:
«Гэта вялікае гора. Для нас Польшча — вельмі блізкая, родная краіна, палякі для нас родныя людзі. І тое, што гэта здарылася пад Катыньню, — гэта нейкая містыка... Непасрэдна Лех Качыньскі зрабіў вялікі ўнёсак у разьвіцьцё і ўкраінска-польскіх адносінаў. Ён заўсёды падтрымліваў Украіну на міжнароднай арэне, у Эўразьвязе. Сапраўды, шчыры, сапраўдны сябар украінскага народу. Гэта жудасная страта».
Міністар-дарадца літоўскай амбасады Дарус Віткаўскас распавёў:
«Прывяло мяне пачуцьцё глыбокага смутку. Мы як суседзі ў памяць загінулых людзей абвясьцілі трохдзённую жалобу, якая працягнецца да 22-й гадзіны серады. Наш прэзыдэнт учора сказала, што Лех Качыньскі быў вялікім сябрам літоўскага народу і нам яго будзе не хапаць...»
Прыходзяць і простыя людзі, нікім, як сказаў паэт Уладзімер Някляеў, не арганізаваныя, прыносяць кветкі, моляцца:
«Польшча страціла ня толькі прэзыдэнта. Кожны з загінулых зрабіў шмат добрага ў сваім жыцьці. І Польшча паднялася ў апошні час, і было чаму вучыцца ў яе. І мы смуткуем разам з Польшчай. І вельмі крыўдна, што людзі ляцяць, як птушкі, і, на жаль, падаюць і разьбіваюцца... І гэта вельмі страшна і трагічна. Мы разам з народам Польшчы».
«Прывяло мяне простае жаданьне выказаць спачуваньне і салідарнасьць братняму польскаму народу. Прычым ляцелі яны аддаць даніну павагі і памяці сваім продкам. І так недарэчна загінулі...»
«Такая трагедыя... Я сама полька, каталічка, у касьцёл хаджу. Як даведалася пра трагедыю, увесь час плачу... Не магу гаварыць, слоў няма. Мы смуткуем разам з польскім народам і молімся. І заўтра а 12 гадзіне ў Чырвоным касьцёле будзе імша».