Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі незалежніцкі блёк патрабуе свабоды Аўтуховічу і Асіпенку


Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі не выключае, што яго пакараюць турэмным ізалятарам. Канчатковая скарга на прысуд Андрэю Бандарэнку пададзеная ў суд. Беларусі незалежніцкі блёк заступаецца за Мікалая Аўтуховіча, Уладзімера Асіпенку і Міхаіла Казлова.

Алена Дубская
Алена Дубская паведаміла, што мела з сынам тэлефонную размову, у якой Арцём ня выключыў, што яго зноў пакараюць ізалятарам на 10 ці нават на 15 дзён. Нібыта гэта зьвязана з чарговым спатканьнем са сваякамі, кажа Алена Дубская.

«Што сказаў? Што яму пагражаюць карцэрам, нібыта напярэдадні нашага чарговага спатканьня. У нас спатканьне мусіць адбыцца прыкладна 20 красавіка, гэтак мы плянавалі. Сказаў, што калі не пазвоніць да 11 красавіка, значыць, зноў яго „закрылі“. А за што і як — нічога не сказаў. Што там такое можа здарыцца, я ня ведаю».

Нагадаю, Арцёма Дубскага ўжо каралі зьмяшчэньнем у гэтак званы турэмны ізалятар за парушэньне ўнутранага парадку — нібыта вязень не падняўся, калі ў пакой увайшоў супрацоўнік адміністрацыі. Арцём Дубскі мяркуе, што яму помсьцяць за збор подпісаў з патрабаваньнем палепшыць бытавыя ўмовы.

Валер Бандарэнка
Прадпрымальнік Андэрэй Бандарэнка дагэтуль знаходзіцца ў менскім сьледчым ізалятары, дзе яго трымаюць у чаканьні суду другой інстанцыі. Бандарэнка аспрэчыў прысуд, які вынес яму суд Першамайскага раёну Менску. Бацька актывіста АГП Валер Бандарэнка ведае дакладна, што канчатковая скарга на прысуд пададзеная, але калі адбудзецца яе разгляд, яму невядома. Валер Бандарэнка плянаваў праведаць сына на гэтым тыдні, але не ўдалося і ён спадзяецца, што іх спатканьне адбудзецца неўзабаве.

«Не атрымалася ў мяне патрапіць у Менск. Разьлічваю да дня нараджэньня сына пабачыць яго. Дзень народзінаў у яго 14 красавіка».

Сёньня дакладна месяц як у Вярхоўным судзе Беларусі пачаўся працэс над Мікалаем Аўтуховічам, Уладзімерам Асіпенкам, Міхаілам Казловым і Аляксандрам Ларыным, якіх абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэракту ды іншых злачынствах. Абвінавачванье грунтуецца ў асноўным на паказаньнях былога кіроўцы Аўтуховіча Аляксандра Ларына, які нібыта атрымаў ад свайго начальніка заданьне ўчыніць замах на старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку. Учора на працэсе стала вядома, што Ларын падчас сьледзтва прызнаваўся, нібыта у яго быў саўдзельнік, якога ён «зарэзаў і закапаў у лесе». Сьледзтва, аднак, на гэтую заяву Ларына, чамусьці, ніяк не адрэагавала.

Павал Сапелка
Адвакат Павал Сапелка паведаміў, што Ларын праходзіў мэдычна-псыхіятрычную экспэртызу:

«Як сказаў Ларын на гэтай экспэртызе псыхіятрам, „я — розны“. Ужо цягам году мы бачым тое, што „сыплецца“ з Ларына. Застаецца спадзявацца, што прысуд расставіць усе кропкі над „і“, аддзеліць праўду ад прыдуманага».

Тым часам Беларускі незалежніцкі блёк зрабіў заяву, у якой патрабуе ад уладаў вызваліць Аўтуховіча і Асіпенку, якіх апазыцыянэры лічаць палітычнымі вязьнямі. У заяве выказваецца падтрымка і былому міліцыянту Міхаілу Казлову, пра якога сказана, што ён «змагаўся з карупцыяй на Гарадзеншыне».

Вязьні, люты 2010

Даведка Свабоды
Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка сваёй віны не прызнаюць і кажуць, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага 2009 году. Іх абвінавачваюць ў падрыхтоўцы тэракту супраць высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў і ў падпале дому міліцыянта. Былы міліцыянт Міхаіл Казлоў, якога судзяць разам з Аўтуховічам і Асіпенкам за непрыняцьце захадаў для прадухіленьне тэракту, таксама сваёй віны не прызнае. На судзе Казлоў таксама казаў пра карупцыю высокапастаўленых чыноўнікаў, якая выявілася ў справе Аўтуховіча і Асіпенкі.

Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі пакараны годам калёніі за парушэньне адбыцьця ранейшага пакараньня, якое атрымаў за дзеяньні падчас несанкцыянаванага мітынгу у абарону прадпрымальнікаў у пачатку 2008 году. Арцёма Дубскага, якога «Міжнародная амністыя» была прызнала вязьнем сумленьня, трымаюць ў магілёўскай калёніі.

Прадпрымальніка Андрэя Бандарэнку судзілі другі раз. Ён сваёй віны не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі, у прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году.
XS
SM
MD
LG