У творчай фатаграфіі, каб нечаму навучыцца і дасягнуць добрага выніку, часта трэба ставіць сабе вельмі жорсткія задачы. Мой настаўнік фатаграфіі ў школьнай маладосьці Андрэй Жураў называў гэтакі “экзэрсіс” правілам аднаго кадра. Ён даваў нам (мне і сябру) камэру 9х12 і адну касэту да яе з адным лістом плёнкі (альбо адно “шкло”), вызначаў тэму альбо аб’ект і даваў адзін дзень на здымку. Скажам, трэба было зьняць касьцёл ці Гаўю, ці мост праз Гаўю, ці вуліцу Віленскую, ці партрэт маці і г. д. Дубляў не магло быць – усё ў галаве. “Страляць” можна было толькі раз (дарэчы, ніякіх экспаномэтраў тады ў нас не існавала, вока было найлепшым экспаномэтрам), і здымак мусіў быць аптымальны, гэта значыць зьняты так, каб максымальна выяўляў тэму, форму і сутнасьць аб’екта, плюс (пажадана) сваё бачаньне і разуменьне таго, што зьняў (гэта значыць яшчэ выявіць і сябе). От тут і пачыналіся пакуты творчасьці. Да раскрыцьця сутнасьці, да разуменьня тыповага, да паняцьця абагульненьня і самавыяўленьня даходзіш сам, плюс тэхніка, асьвятленьне, неба і г. д. Вядома, перад здымкай усю тэорыю мы ўжо ведалі, аднак гэта былі толькі веды, але ня ўменьне.
Калі б перад фатографам мне прышлося паставіць задачу зрабіць тыпалягічную фатаграфію, твор, які выяўляў бы адметную сутнасьць цяперашняга прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і калі б мне прынесьлі гэтую фатаграфію, што зьмешчана тут пад тытулам “лукашызм – цёмнае царства”, я быў бы, відаць, ашаломлены, наколькі выразна, дакладна і чытэльна адлюстравана тэма і сацыяльна-псыхічная сутнасьць цяперашняга цяжкага часу на Беларусі. Гэта, безумоўна, творчая ўдача фатографа. Тут цэлая карціна з разьмеркаваньнем сюжэтных плянаў, дзеяньня і тыпажоў, з выяўленьнем агульнага настрою і асобных псыхалягічных лініяў.
Па структуры сюжэту і жанру фатаграфія выклікае чамусьці асацыяцыі з мастацкім падыходам рускіх “перасоўнікаў” у жывапісе. І сапраўды, тут няма нічога беларускага. Нейкі чужы сярэднявечны абсурд у ХХІ стагоддзі. Гэтыя зарослыя неахайныя суб’екты з доўгімі тлустымі валасамі ў пакамечаных пінжаках, ад якіх, здаецца, патыхае потам і ладанам; гэты барадаты поп у цэнтры зь яйкападобным тварам і гульлівай усьмешкай садукея, быццам зышоў з эскізаў Аляксандра Іванава (рускага мастака) – бацюшка ў партупеі пад сутанай, гэтакая масоўка “православной организации”. І, нарэшце, пярэдні плян – сам “православный атеист”. Такім яго ніколі ня бачылі. Тут імгненьне. Кажучы ягонай лексыкай, ён перажывае “кайф”, найвышэйшае задавальненьне сабой. Заўважце, ён затаіў дыханьне і перажывае асалоду – доля сэкунды, і бабулька пацалуе яго вялікі палец на левай руцэ. Ён трымае руку і чакае, чакае імгненьня. Нават правая ягоная рука канвульсіўна застыла ў нейкай міжвольнай позе каравай калгаснай галянтнасьці. “Вось яно! Вось я!” Тая школа.., дзяцінства, высьпяткі, зьдзекі – “прыдурак”, “байструк”! – прамільгнула глыбока схаваная крыўда. “Цяпер вось яно! Я вялікі і такі просты...” і г. д. – плынь сьвядомасьці амаль што па Фройду.
Тут фотакарціна. Гэта зрэз рэжыму, адбітак прыроды “цёмнага царства”. Карціна цэльная па выяўленьню і зьместу, кампазыцыйна і сэнсоўна яна падзелена на дзьве сюжэтныя лініі, якія маюць свае жанравыя цэнтры. Адна лінія – гэта другі плян, кампазыцыйным пунктам якога зьяўляецца аблічча “яйкападобнага” бацюшкі, што блішчыць вышчараным зубам. Яно – самая яркая пляма ў цэнтральным фокусе і ў пэрспэктыве кадра. Яго адразу заўважаеш, і яно надае ўвесь сэнсавы камэртон гучаньня другому пляну – гэтай валасатай, маскоўскай па аналёгіі і форме жанравай групе здымка. Другая лінія – гэта пярэдні плян, спыненае імгненьне, дзе разыгрываецца ў мініятуры псыхалёгія містыкі і магіі плебейскай аўтарытарнай улады.
Па разьвіцьцю дзеяньня гэтыя два сюжэты фармальна існуюць незалежна, але ўнутрана і сэнсоўна павязаныя і, адцяняючы адзін аднаго, надаюць надзвычайную выразнасьць і сэнсавую празрыстасьць усёй карціне.
Калі б гэтую фотакарціну мы мелі б на экране з разьдзельнасьцю у межах хаця б мегабайта, то яе можна б было разглядаць нават у фрагмэнтах як клясычны твор, і ўсё было б надзвычай цікавым для разгляду. Гэта найперш аблічча начальніка рэжыму, потым фрагмэнт з бабулькай і рукамі і, нарэшце, абліччы асобаў другога пляну (сюжэту). Ва ўсіх – адметныя псыхалягічныя характарыстыкі.
Гэта фатаграфія без станоўчых пэрсанажаў. Хаця ў мяне шкадаваньне і спагаду выклікае ўсё ж пажылая сівая жанчына, што абедзьвюма рукамі трымае палец вярхоўнага начальніка ўлады і цалуе яго ў пазногаць. Гэта даніна традыцыі, знак культуры, пакоры і павагі да начальства. У прынцыпе, нічога кепскага тут няма, калі б мы, будучы далёка за кадрам, ня ведалі пра рэжым надта шмат, гэтак шмат, што горыч і сорам за чалавека цяжка стрымаць.
Фатаграфія дасканала, зь веданьнем скадраваная. Напрыклад, тое, што зьверху адрэзана частка галавы фігуры пярэдняга пляну, а зьнізу пальцы – стварае ўражаньне, якое ў фатаграфіі называецца “эфэкт прысутнасьці”. Фігуры вылучаюцца ад фону, набліжаюцца і нібы выходзяць за рамкі карціны. Кампазыцыя набывае больш дынамікі.
Калі я бачу такія фатаграфіі, я добра ведаю, што яны – вынік фатаграфічнага таленту. Хаця здаецца, што нешта падобнае можна зьняць і выпадкова. Гэта памылковае думаньне. Па-першае, каб такое зьняць, трэба там быць, трэба ўмець прадбачыць падзеі і сытуацыі, правільна выбраць месца, імгненна рэагаваць і г. д. Словам, гэта асаблівая творчасьць і асаблівая здольнасьць да творчасьці. Гісторыя і практыка жанравай і рэпартажнай фатаграфіі ўвесь час гэта даказвае.
Тыпалягічнае, абагуленае выяўленьне зьявы (эпохі, працэсу, сыстэмы) у адным творы (фатаграфіі) – гэта ёсьць таксама фэнамэнальная асаблівасьць фатаграфіі, якая дасягаецца праз творчасьць. Але бывае, што вырашальную ролю тут можа адыгрываць чыньнік гістарычнага часу, які выяўляе (праяўляе) раней нябачнае. Пра гэта я пісаў ва ўступе да тэмы, калі звыклы, банальны здымак з цягам часу набывае вострае і абагуленае асэнсаваньне.
У бліжэйшым паказе я праілюструю гэта фатаграфіяй з гісторыі нямецкага фашызму на тэму аб зьнішчэньні культуры.
Лічбавая копія фатаграфіі “Лукашызм”, якая тут экспануецца, на жаль ёсьць вельмі дрэннай тэхнічнай якасьці па ўсіх парамэтрах. Яна разьлічана на маленькі памер, засьмечана ў колеры і г. д. Але сюжэтна-мастацкае ўражаньне яе моцнае, і нават (пры ўсёй тэхнічнай правальнасьці) яе варта глядзець на ўвесь экран. Зазначу, што фота лепш існуе ў колерным варыянце, бо непрыемны натуралізм колераў якраз узмацняе шакуючае ўражаньне ад усёй гэтай паранойна-сярэднявечнай сцэны ў сучаснай Беларусі.
І напрыканцы ня вельмі радасная інфармацыя. Фота было зьмешчана ў сеціве пару гадоў таму (здаецца, нават на "Свабодзе") без пазначэньня аўтара здымка. (Гэта, на жаль, вельмі частая зьява ў інтэрнэце.) Тым часам аўтар, на маю думку, заслугоўвае высокай пахвалы. Спадзяюся, што фатограф адзавецца, і мы даведаемся, хто зрабіў гэтую выключную і выразную фатаграфію.