Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дуліна. На жаль, не ў кішэні


Некалькі дзён таму я атрымаў ліст ад сябра, які жыве за мяжой: "Дарагі Вячаслаў! Зьбіраюся прыехаць у Менск на дні два-тры. Як звычайна, хацеў бы пачуць тваёй парады, што можна было б паглядзець з навінак у тэатрах? Ці ты ўжо паглядзеў апошнюю прэм'еру ў Нацыянальным Рускім тэатры -- "Пане Каханку"? Ці варты ўвагі гэты спэктакль? Што скажаш, тэатральны крытык? Твой А." І вось што я яму адпісаў.

Дарагі А!

Натуральна, я ня мог не паглядзець гэты спэктакль. Найперш зь цікавасьці да эксцэнтрычнай асобы багатага і моцнага магната, якому спэктакль і прысьвячаецца. Менавіта Караль Станіслаў Радзівіл, ён жа Пане Каханку, мае ўсе гістарычныя і літаратурныя падставы для сцэнічнай міталягізацыі. Мы з табой ня раз гаварылі, што ўжо пара зрабіць зь яго ліцьвінскага (беларускага) Мюнхгаўзэна. Таксама ты разумееш, што маладыя творцы – драматург Андрэй Курэйчык і рэжысэр Сяргей Кавальчык – браліся за справу не на голым месцы, бо за 20 гадоў беларускай незалежнасьці гісторыкі і літаратары апублікавалі шмат ведаў пра Пане Каханку.

Адразу скажу: з майго гледзішча, першая спроба сцэнічнай міталягізацыі Пане Каханку не атрымалася. Чаму? Як гэта ні прагучыць дзіўна, але адказ на гэтае пытаньне зьмешчаны на тытуле тэатральнай праграмкі – "мастацкая прыдумка ў 2-х дзеях".

Тэатар мае права на мастацкую прыдумку. Гэта ісьціна. А я ўвогуле не прызнаю тэатар без мастацкай прыдумкі. Што тычыцца гэтага спэктакля, то чым яе было б болей (аж да фантасмагорыі ці абсурду), тым было б лепей. Абы працавала на цэнтральны пэрсанаж ў межах сюжэту і ў парамэтрах дакладна вызначанага жанру.

Толькі вось разуменьне мастацкай прыдумкі ў драматурга Курэйчыка іншае. Уражаньне, што яму Пане Каханку і іншыя Радзівілы спатрэбіліся толькі як дапаможныя фігуры для таго, каб прыдумаць алегарычную п'есу пра сучасную Беларусь. Фабула просьценькая: збанкрутаваны апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі прыніжана, аж да шантажу, выпрошвае пазыку (крэдыт?) у багацея Радзівіла, каб уратаваць дзяржаву ва ўмовах акупацыйных памкненьняў суседняй Расеі і эканамічнага крызісу.

З вуснаў Пане Каханку, як ад вядоўцаў БТ апошніх дзён, мы пачуем і што беларуская мова "гэта – язык, а не наречие" і пра тое, што “польскія дваране, ліцьвіны ніколі ня будуць у рабстве ў рускага мядзьведзя”, і што “мы хочам быць самімі сабой, а не будаваць імпэрыі ад мора да мора для некага! Таму што нам напляваць на ўсе гэтыя імпэрыі”. І справа нават ня ў тым, што такі “сьмелы” патас сёньня ўжо ня болей, як банальнасьць.

Справа ў іншым. Як бы ні хацеў Курэйчык адбіцца ад гістарызму, яму гэта не ўдаецца і не магло ўдацца. Бо імёны і біяграфіі асобаў Радзівілаў і Панятоўскага маюць свой гістарычны і сацыяльны шлейф. Мала таго, што Радзівіл гаворыць тое, што ніяк ня мог бы гаварыць, дык ён яшчэ і гаворыць мовай сучаснай расейскай вуліцы. І не застаецца Пане Каханку месца ні для фантазіі, ні для гульні. Ён мусіць мітынгаваць ці філязофстваваць.

Мяркую, што пастаноўшчык Сяргей Кавальчык разумеў, што трапляе ў пастку, а таму і падстрахаваўся ад крытыкі за адсутнасьць гістарызму ўсё той жа "мастацкай прыдумкай", замяняючы ім жанравае вызначэньне. Адбылася падмена паняцьцяў, вынікам - эклектыка. Клаўнада перамяшалася з фарсам, драма з вадэвілем… Пры адсутнасьці жанравай дамінанты спэктакль ператварыўся ў набор інтэрмэдыяў.

А што ж беларускі "Мюнхгаўзэн"? – запытаесься ты.

Прафэсіяналізм народнага артыста Расьціслава Янкоўскага безумоўны. Але тут я лічу памылковым ягонае прызначэньне на ролю Пане Каханку. Хоць бы з гледзішча ўзроставай неадпаведнасьці. Пяцідзесяцігадовы ўсемагутны магнат і фантазёр, поўны сілаў і прагі да жыцьця, гульні, у выкананьні васьмідзесяцігадовага Расьціслава Янкоўскага ператварыўся ў бальшыні сцэн у быліннага сівабародага старца. У іншых эпізодах – у доктара Фаўстуса, які спрабуе асэнсаваць сусьвет. І зусім недарэчным, зьдзяцінелым выглядае ён, калі пачынае бузіць ці заляцацца да маладзенькай акторкі прыдворнага тэатру. А калі мітынгуе, яму тым болей ня верыш, бо цяжка абстрагавацца ад самой асобы знанага актора і чалавека публічнага, які з трыбунаў прамаўляе зусім іншае і пра ўладу, і пра Расею і пра ўсё астатняе, што напрыдумляў Курэйчык.

І губляецца ўвесь сэнс, калі Пане Каханку ператвараецца ў садыста, гвалтам навучаючы сялянаў лётаць, а Тэафілія Радзівіл (Бэла Масумян) пераконвае, “што хутчэй певень паляціць, чым гэтыя людзі! Гэта ж беларусы…” Вось так нечакана і зьдзекліва пачне гучаць тэма беларусаў, якія “далей свайго носа нічога ня бачаць” і якім “задніцу падняць, пайсьці куды-небудзь, -- гэта ўжо дасягненьне”. З “высокага штылю” на мову сучаснага кірмашу… Зрэшты, толькі з такім сэнсам у спэктаклі і ўжываецца слова “беларус”, якога ўвогуле не існавала ў тую эпоху. Ужо не мастацкая, а проста прыдумка.

Галерэя недарэчных, апэрэтачных пэрсанажаў працягваецца Станіславам Аўгустам Панятоўскім (Аляксандар Суцкавер), які дажыўся да таго, што ня мае нават зьменных портак, і слынным кампазытарам, героем антырасейскага змаганьня Мацеем Радзівілам (Іван Трус), які ў касьцюме блазна разыгрывае клаўнады.

Недарэчная і моўная структура спэктакля. Чаму магнаты і кароль гавораць на акупацыйнай для іх расейскай мове (падзеі адбываюцца пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай) – бо тэатар рускі? А чаму прасталюдзіны пераходзяць на беларускую?..

Нават калі ты захочаш памаладзець на гадоў трыццаць (вярнуцца ў наша тэатральнае юнацтва), ня ўпэўнены, ці варта хадзіць на "Пане Каханку" – хоць і п'еса з тых, якія мы называлі тады кукішам у кішэні, і рознакаляровы дым пускаюць, і буфэт працуе, праўда, бязь піва.

Але ж калі кішэня рваная і ў ёй апроч кукіша амаль нічога няма, дык бачыш адно дуліну.

Шчыра – Вячаслаў Ракіцкі.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG