Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пусьцяць французаў будаваць АЭС або гэта толькі піяр перад Расеяй?


Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімір Сямашка прапанаваў французскай кампаніі «Areva» прыняць удзел у будаўніцтве беларускай АЭС. Нядаўна на сустрэчы з амэрыканскімі бізнэсмэнамі Аляксандар Лукашэнка прапанаваў ім шырокае поле дзейнасьці — ад будаўніцтва «Менск-сіці» да АЭС. Ці можна лічыць гэтыя прапановы чыста эканамічнымі, ці тут ня выключаны палітычны аспэкт? Ці можна меркаваць, што беларускае кіраўніцтва пачало разумець усю небясьпеку безальтэрнатыўнай прывязкі да Расеі ў справе пабудовы АЭС? На гэтыя пытаньні адказвае публіцыст Аляксандар Класкоўскі.


Цыганкоў: Як паведамляюць афіцыйныя крыніцы, Уладзімер Сямашка паведаміў, што Беларусь рэалізуе разьлічаную на 10 гадоў праграму мадэрнізацыі энэргетыкі коштам 32 мільярды даляраў, у якой ёсьць месца для французскага бізнэсу «ад самых малых праектаў да самага буйнога, які Беларусь плянуе рэалізаваць, — будаўніцтва АЭС». Ці можна назваць супадзеньнем, што апошнім часам на фоне новых праблемаў у беларуска-расейскіх дачыненьнях афіцыйны Менск прапануе прыняць удзел у пабудове АЭС французам, а трохі раней і амэрыканцам?

Класкоўскі: Я думаю, гэта не супадзеньне. Відавочна, тут пераважае палітыка, а не эканоміка ці нейкія тэхналягічныя разьлікі. Бо сапраўды, за кароткі тэрмін зробленыя прапановы французам, амэрыканцам, раней кітайцам, плюс расейцы. Але ж гэта не вясковы дом, каб сабрацца і талакой будаваць — тут розныя тыпы рэактараў, розныя тэхналёгіі.

Думаю, сытуацыя выглядае, як з вэнэсуэльскай нафтай — лягістыку як сьлед не пралічылі, але важна было паказаць Маскве, што на іх сьвет клінам не сыходзіцца. Дарэчы, у свой час былі прапановы ўдзельнічаць у тэндэры і французам і японцам. Але гэта былі чыста фармальныя прапановы, бо ўмовы тэндэру былі так сфармуляваны, што парамэтры замовы былі заточаныя пад Расею, пад расейскі варыянт рэактара. Таму французы былі вымушаныя адразу адмовіцца толькі з-за рамкавых прычынаў.
Cтрах апынуцца ў залежнасьці ад Масквы, якая дзейнічае ўсё больш жорстка, прымушае Менск задумацца.
Зараз здаецца, што страх апынуцца ў залежнасьці ад Масквы, якая дзейнічае ўсё больш жорстка, прымушае Менск задумацца.

Цыганкоў: Калі грамадзтву раней аб’явілі, што будзе выбраны расейскі варыянт, то высьветлілася, што Расея будзе і пастаўляць абсталяваньне, і даваць крэдыт, і будаваць АЭС. Атрымлівалася поўная залежнасьць ад адной дзяржавы. Ці можна меркаваць, што беларускае кіраўніцтва пачало разумець усю небясьпеку безальтэрнатыўнай прывязкі да Расеі ў справе пабудовы АЭС?

Класкоўскі: Так, тым болей, што апанэнты гэтага варыянту прывялі шэраг важкіх контраргумэнтаў. Бо сапраўды гэта будзе і крэдытны кручок, і тэхналягічны — паліва будзе з Расеі, утылізацыю адыходаў Расея таксама будзе браць на сябе. Гэта атрымліваецца яшчэ большая энэргетычная залежнасьць. Зараз ужо вылезла новая ўмова — прапануюць стварыць сумеснае прадпрыемства па продажы электраэнэргіі яшчэ не пабудаванай станцыі.

Магчыма, кіраўніцтва Беларусі пачало разумець усю небясьпеку такой залежнасьці. Таму пачалася новая рыторыка і ідзе пошук нейкай альтэрнатывы. Хаця, ведаючы піяраўскую стылістыку беларускага кіраўніцтва, нельга выключаць, што гэта — толькі чарговыя спробы вытаргаваць у Расеі нейкія лепшыя ўмовы.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG