1 красавіка на працэсе дапыталі экспэртаў Максіма Каляду і Мікалая Казарца, якія дасьледавалі самаробную бомбу і гранатамёт, знойдзеныя 28 кастрычніка 2005 году ў двары ліцэя №1 Гродна. Паводле сьледзтва, гэтую зброю прынёс туды Аляксандар Ларын, які зьбіраўся выканаць замах на старшыню гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку нібыта на замову Мікалая Аўтуховіча.
Паказаньні экспэрта Максіма Каляды адрозьніваліся ад таго, што ён напісаў у сваім экспэртным заключэньні год таму пасьля допыту Аляксандра Ларына. Тады Каляда зрабіў выснову, што Ларын ня мог самастойна сабраць бомбу, паколькі на допыце блытаўся ў яе апісаньні. Цяпер пры пэўных умовах экспэрт дапускае, што гэта было магчыма. Што зьмянілася? Нагадаю, Ларын заяўляе, што яму падчас падрыхтоўкі выбуховага прыстасаваньня ніхто не дапамагаў.
З паказаньняў экспэрта Мікалая Казарца выявілася супярэчнасьць, якая тычыцца гранатамёта. У назіральнікаў узьнікла яшчэ больш сумненьняў адносна таго, ці быў увогуле гэты гранатамёт у баявым стане, калі яго нібыта ўзяў на замах Аляксандр Ларын.
Падрабязнасьці на сайце і ў эфіры “Радыё Свабода”.