Карэспандэнтка: “Ірына, калі Ісус разламіў хлеб і даў сваім вучням, назваўшы яго сваім целам, а віно назваў крывёю – фактычна гэта было нараджэньне адной з найвялікшых мэтафар. Калі гаварыць пра сёньняшні дзень –Чысты чацьвер, або Вялікі чацьвер – якія зь яго момантаў у хрысьціянскай традыцыі здаюцца вам найбольш паэтычнымі?”
Жарнасек: “Гэта тая самая, як вы кажеце, мэтафара, толькі для мяне гэта сапраўднасьць, тая вера, якую перадаў нам Хрыстос: “Бярыце ешце – гэта цела маё, бярыце піце – гэта кроў мая”. Гэта найперш удзел у літургіі ў касьцёле, у эўхарыстыі. Гэта галоўны наш абавязак. А што тычыцца народных тадыцый, то, як сьпявалі ў валачобнай песьні "у чысты часьцер чысьцяць, мыюць, вымываюць, Вельканоцы дажыдаюць". Гэта, канешне, прыборка ў хаце. Але я вядома не змагу цяпер зьбегаць у ручаінку, як у дзяцінстве было, прабіць лядок і памыцца ў ім, вымыць твар, пабегчы дахаты і не выцірацца. Трэба было, каб гэтая чыстая вада Вялікага чацьвярга высыхала на табе пад звон жаўрукоў. Але тая паэзія зьнікла ў хімічным Наваполацку...”
Карэспандэнтка: “Напярэдадні Вялікадня вернікі Кальварыйскай парафіі ў Менску па прапанове ксяндза ўпершыню ў вулічным відовішчы ўвасобілі крыжовы шлях Хрыста на Галгофу. Вернікі разумеюць сэнс такіх пастановак, аднак некаторыя непасьвечаныя былі ўражаныя натуралістычнасьцю, прысутнасьцю сымбалічнай крыві... Калі людзі пабачылі фотарэпартаж, гэта выклікала дыскусіі. Ці патрэбныя такія відовішчы, як вы думаеце?”
Жарнасек: “Гэта нармальная рэч, я лічу. Ведаю, што папа Ян Павал Другі асабіста ўдзельнічаў у дзяцінстве ў такой пастаноўцы, і гэта было выразьнейшым ягоным дзіцячым успамінам. Гэта ў католікаў называецца містэрыяй, пакутамі Панскімі. Я лічу, што гэта нармальна і шкадую, што не была ў гэты дзень у Менску і не змагла паўдзельнічаць у гэтым. Гэта тое самае набажэнства, але з удзелам тэатралізаваных элемэнтаў. Гэта як фільм Гібсана. А што да натуралістычнасьці, то збаўленьне хіба не праз кроў прыйшло?”