Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: Актывістка БХД скардзіцца на дзеяньні міліцыі


Таісія Кабанчук
Таісія Кабанчук

Актывістка незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” з Бабруйску Таісія Кабанчук скардзіцца ў суд на дзеяньні міліцыянтаў.


Паводле актывісткі, учора падчас затрыманьня яны нанесьлі ёй траўму, зламалі акуляры й беспадстаўна зьвінавацілі ў перавозцы наркотыкаў. Сёньня яна была ў траўмапункце і ўзяла даведку аб траўмы.

Інцыдэнт зь міліцыянтамі адбыўся ўчора на чыгуначным вакзале Бабруйску.

“Міліцыянты гвалтам мяне адцягнулі ад цягніка, якім я зьбіралася ехаць у Менск на сьвяткаваньне Дня волі. І цягнулі на вачах у людзей у сваю машыну, каб завезьці ў пастарунак. Калі мяне цягнулі, я крычала людзям, каб яны мне дапамаглі. Людзей на вакзале было шмат, і ўсе глядзелі, як мяне цягнуць. Цяпер у мяне баліць усё цела, вывіхнуты палец.

У пастарунку мне выставілі абвінавачваньне ў перавозцы наркотыкаў. Правялі дагляд асабістых рэчаў і распранулі да ніжняй бялізны. Пратакол жа склалі на непадпарадкаваньне міліцыі. Потым завезьлі ў суд. Там я заявіла, што ня буду адказваць на пытаньні без адваката і што справа мая палітычная, а затрымалі мяне, бо я зьбіралася ехаць у Менск на дазволенае ўладамі апазыцыйнае мерапрыемства. Судзьдзя тады прызначала судовы разбор на 31 сакавіка”.

Акрамя Таісіі Кабанчук, міліцыянты ўчора не дазволілі выехаць з Бабруйску на менскае адзначэньне Дня Волі яшчэ тром актывістам БХД — Яўгену Вішнякову, Максіму Чарняку й Ігару Казімірчуку. Іх затрыманьне абышлося бяз гвалту й суду. Яны, аднак, не выключаюць, што далучацца да скаргі Таісіі Кабанчук.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG