Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдатам даюць менш за 5 хвілін для выступу на радыё


У кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў пачаўся новы этап – агітацыйны. Згодна з законам кожны афіцыйна зарэгістраваны кандыдат у дэпутаты з моманту сваёй рэгістрацыі мае права пачынаць агітацыю за сябе. Дзяржава гэтым разам дае магчымасьць прэтэндэнтам выступіць на радыё і надрукаваць прэзэнтацыйны плякат.


Як кандыдаты ў дэпутаты могуць карыстацца мясцовым радыё, прапісана ў спэцыяльнай пастанове Цэнтарвыбаркаму. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік прадстаўляў праект гэтага дакумэнту на паседжаньні камісіі:

“Кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў абласнога і базавага ўзроўняў маюць права на адзін бясплатны выступ праз мясцовае дзяржаўнае радыёвяшчаньне”.

Працягласьць такога выступу – да пяці хвілінаў. Прэтэндэнты на месцы ў менскім гарадзкім і абласным саветах карыстаюцца радыёстанцыяй “Сталіца”. Іншым прадстаўляюць час абласныя тэлерадыёкампаніі.

Аднак і такі час для выступу можа быць скарочаны, тлумачыць Мікалай Лазавік:

“То бок мы тут прапаноўваем верхнюю мяжу – да 5 хвілін. А калі кандыдатаў будзе шмат, то дзесьці тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі прыйдуць да думкі, што можна і зьменшыць: чатыры, тры з паловай хвіліны выдзеліць”.

Ганна Ягорава балятуецца ў сталічны гарадзкі савет дэпутатаў па Жудроўскай выбарчай акрузе №35. Гэта адна з найвялікшых па колькасьці прэтэндэнтаў акруга – акрамя Ганны, тут яшчэ шэсьць кандыдатаў.

Спадарыня Ягорава цяпер занятая падрыхтоўкай тэксту для плякату і свайго радыёвыступу:

“Я арыентуюся ў першую чаргу на моладзь і на жанчын. Я цяпер зьяўляюся кіраўніком гэндэрнай камісіі АГП. І таму мой галоўны мэсыдж будзе накіраваны на маладых і актыўных жанчын. Буду зьвяртацца да іх праз свае праграмныя дакумэнты, улёткі, каб яны дапамагалі мне працаваць, разам вырашаць сацыяльныя пытаньні на нашай акрузе. Гэта і пытаньні мэдычнай аховы, недахопу дзіцячых паліклінікаў у нашым раёне. А таксама абсталяваньне старых і пабудова новых дзіцячых пляцовак”.

Ганна Ягорава ўдакладняе:

“Мы зьбіраемся больш актыўна пачынаць агітацыйную працу з наступнага тыдня. Патрэбна падрыхтаваць некаторыя дакумэнты. Рыхтую тэкст для агульнай на ўсіх кандыдатаў дзяржаўнай улёткі. І ўжо вядома, што 10-га красавіка буду выступаць на радыё”.

Выбары ў мясцовыя саветы адбудуцца 25 красавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG