Цыганкоў: Як можна ацаніць сёньняшні Дзень Волі? Ці можна было чакаць чаго-небудзь іншага, больш масавага, крэатыўнага і арыгінальнага?
Трэба «муціць» нешта новае
Марціновіч: Мне здаецца, можна было чакаць чагосьці больш крэатыўнага. Была файная ідэя ў лідэра БНФ Аляксея Янукевіча весьці людзей рэгістраваць ініцыятыўную групу па рэфэрэндуме пра аўтамабільныя мыты. Усе паліттэхнолягі проста пляскалі ў далоні, казалі, што было б вельмі эфэктыўна, каб ад цэнтру гораду людзі прайшлі шэсьцем да ЦВК, каб афіцыйна перадаць на рэгістрацыю дакумэнты пра ініцыятыўную групу...
Цыганкоў: …Віктар, але ж іх спынілі б на першым скрыжаваньні.
Марціновіч: Іх і так спынілі. Але ж за аўтамабілі б выйшла б нашмат болей людзей. Здаецца, Лявон Вольскі казаў, што фармат вулічнай акцыі на Дзень Волі сябе вычарпаў. Гэта стала відавочным, трэба нешта «муціць», нешта выдумваць. Мыты аўтамабільныя і дакумэнты на рэгістрацыі ініцыятыўнай групы — гэта было б тое, што кранала б кожнага беларуса. Чаму гэта ня выкарысталі, я ня ведаю. Але гэтая вулічная кампанія пачалася з правалу.
Цыганкоў: Я нагадаю, што ўлады канфіскавалі гукаўзмацняльную апаратуру, затрымлівалі актывістаў, былі і іншыя традыцыйныя перашкоды. Юры, ці вы пагодзіцеся з высновай Віктара, што гэта быў правал?
Чавусаў: Дзень Волі — гэта, найперш, сьвята, і яно працягваецца — у гэты момант моладзь падымае келіхі за вольную і незалежную Беларусь.
На мой погляд, кіраўніцтва БНБ, якое было маторам сьвяткаваньня, патрапіла ў пэўную пастку — пастку апынуцца горш за ранейшых лідэраў апазыцыі.
Паводзіны моладзі — калі няма лідэра, то кожны лідэр
Цыганкоў: Сапраўды, было ўражаньне, што статусным лідэрам апазыцыі ніякія сутыкненьні і канфліктныя сытуацыі былі непатрэбныя. Але ўжо ня першую акцыю моладзевыя структуры пачынаюць паводзіць сябе дастаткова аўтаномна. «Белая воля» пайшла ў бок Бангалору, а «Маладая Беларусь» і «Вольная моладзь» пайшлі па праспэкце Незалежнасьці, пакуль не наткнуліся на АМОН. Ці ёсьць за гэтым пэўная тэндэнцыя, і можа, кіраўнікі арганізаванай апазыцыі трошкі баяцца таго, што моладзь будзе сябе паводзіць непрадказальна?
Марціновіч: Мне здаецца, што любая вулічная акцыя ёсьць пэўным экзамэнам для апазыцыі. Калі ў апазыцыі існуе безуладзьдзе, калі няма нейкага адзінага цэнтру і лідэра, да голасу якога прыслухоўваюцца ўсе, то гэта адразу відаць. Сытуацыя, калі адны ідуць налева, іншыя — направа, трэція — стаяць і чакаюць, гэтая сытуацыя вынікае з таго, што ў апазыцыі няма лідэру, словы якога былі б непахіснымі. Скажа — «Пойдзем на Плошчу Незалежнасьці», і ўсе туды пойдуць. Скажа — «будзем стаяць тут», і ўсе будуць без пытаньняў стаяць. Такога лідэра няма, і ўсе астатнія праблемы апазыцыі проста вынікаюць з гэтага.
Тое, што моладзевыя лідэры так сябе паводзяць, вынікае зь іхняга жаданьня зрабіць хоць што-небудзь. Бо ў сытуацыі бязь лідэрства любы зьяўляецца лідэрам
Цыганкоў: Можа, партыйныя лідэры міжволі і асьцерагаюцца цяпер вялікіх масавых акцыяў, улічваючы непрадказальнасьць паводзінаў моладзі?
Чавусаў: Паказальна, што тыя палітыкі, якія заявілі пра свае амбіцыі на прэзыдэнцкія выбары, ніякім чынам не скарысталі гэтую акцыю для свайго пазыцыянаваньня ў грамадзтве. Больш за тое, мы бачым, што нефармальны лідэр БНБ, Аляксандар Мілінкевіч, увогуле не прысутнічаў на акцыі, знаходзячыся за мяжой. Такім чынам, сапраўды, узровень лідэрства на Дні Волі быў зьменшаны.
Што да паводзінаў моладзевых структураў, то тут звыклая сытуацыя, калі моладзевыя групоўкі, асабліва радыкальнага кшталту, выкарыстоўваюць акцыю для ўласнага піяру. Гэта паўтараецца з году ў год, і нічога нечаканага тут мы ня бачым.