Чэрвеньскае 2009 году апытаньне НІСЭПД дала падобныя лічбы: за скасаваньне сьмяротнага пакараньня – 42% рэспандэнтаў, супраць – тыя ж 48%.
Цікавай выглядае сувязь стаўленьня да сьмяротнага пакараньня з сацыяльна-дэмаграфічнымі характарыстыкамі. За захаваньне сьмяротнага пакараньня часьцей выказваюцца людзі да 40 гадоў, мужчыны, асобы з вышэйшай адукацыяй, праціўнікі А.Лукашэнкі і прыхільнікі эўраінтэграцыі Беларусі. Ва ўсіх гэтых групах колькасьць прыхільнікаў захаваньня пакараньня сьмерцю перавышае 50%.
Парадокс палягае ў тым, што менавіта Эўропа настойвае на тым, каб у Беларусі сьмяротнае пакараньне было скасаванае. Але ў масавай сьвядомасьці прыхільнасьць Эўропе не азначае гатоўнасьці падзяляць і выконваць усе пажаданьні і ўмовы эўрапейскіх інстытутаў.
Стаўленьне да сьмяротнага пакараньня
У розных краінах сьвету існуе рознае стаўленьне да сьмяротнага пакараньня. Часам адказы залежаць ад фармулёўкі пытаньняў. Напрыклад паводле леташняга апытаньня, праведзенага ў ЗША на замову CNN на пытаньне, як лепш караць за забойства – сьмяротным пакараньнем ці пажыцьцёвым зьняволеньнем без права памілаваньня – 53% аддалі перавагу сьмяротнаму пакараньню, 46% - пажыцьцёваму зьняволеньню. У Расеі ў нядаўнім апытаньні 18% выказаліся за скасаваньне сьмяротнага пакараньня, 29% аддалі перавагу цяперашняму стану, калі дзейнічае мараторый на выкананьне сьмяротных прысудаў, і 44% выказаліся за аднаўленьне ўжываньня сьмяротнага пакараньня.
У Польшчы у апытаньні ў 2007 годзе за аднаўленьне сьмяротнага пакараньня выказаліся 46%, супраць 52%. Падчас апытаньня, праведзенага у Чэхіі летась амаль дзьве траціны (62%) апытаных выказаліся за аднаўленьне сьмяротнага пакараньня. Скасаваньне сьмяротнага пакараньня карыстаецца падтрымкай у некаторых краінах “старой” Эўропы. Паводле апытаньня, праведзенага ў 2006 годзе, супраць аднаўленьня сьмяротнага пакараньня выступаюць 62% немцаў, 64% італьянцаў і 64% гішпанцаў.