Лінкі ўнівэрсальнага доступу

125 гарадоў сьвету пратэставалі супраць беларускага рэжыму


Акцыя JEF у Бардо
Акцыя JEF у Бардо

Вулічная акцыя “Свабодная Беларусь”, якую Маладыя эўрапейскія фэдэралісты (JEF) і іх шматлікія партнэры наладзілі з нагоды 4-й гадавіны нелегітымнай перамогі Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах, прайшла на чатырох кантынэнтах, у тым ліку амаль ва ўсіх эўрапейскіх краінах.


Прадстаўнікі руху JEF завязвалі рот знакамітым гарадзкім статуям і вывешвалі расьцяжкі “Дайце голас народу Беларусі!” Такім чынам яны пратэставалі супраць рэжыму Лукашэнкі, які, паводле іх перакананьняў, пазбавіў 10 мільёнаў грамадзянаў Беларусі фундамэнтальных правоў чалавека, у прыватнасьці — права на свабоду слова.

У самой Беларусі, у Менску, маладыя людзі пратэставалі супраць ціску на незалежных журналістаў. Яны завязалі рот гарадзкім статуям і скульптурам і павесілі на іх наступныя плякаты: “У Беларусі забаронена казаць праўду!”, “Не ціску на незалежную прэсу!”, “Не хачу, каб зачынялі незалежныя сайты!”

Як заявіла каардынатарка акцыі “Свабодная Беларусь” Элізабэт Вэле, “асуджаць рэжым недастаткова. ЭЗ павінен зрабіць усё магчымае, каб падтрымаць грамадзянскую супольнасьць у гэтай краіне, каб упэўніцца, што наступныя галоўныя выбары пройдуць пад наглядам назіральнікаў і будуць гарантаваць свабоду прэсы і палітычных меркаваньняў”.

Акцыя ў Меснку. Фота "Эўрапейская Беларусь"

Паводле Элізабэт Вэле, JEF выступаюць за адмену прыпыненьня санкцыяў супраць Лукашэнкі і яго чыноўнікаў. “Эўропа павінна даць зразумець, што яе базавыя каштоўнасьці не дапускаюць парушэньня правоў чалавека і што яна ніякім чынам не падтрымлівае беларускую дыктатуру”.

JEF заклікалі віцэ-прэзыдэнта Эўракамісіі, вярхоўную прадстаўніцу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан спрыяць большаму супрацоўніцтву паміж дзяржавамі ЭС і эўрапейскімі інстытутамі і дапамагаць Эўропе ў вызваленьні беларусаў ад дыктатарскай улады. Яны лічаць, што такім чынам Беларусь можа рухацца ў тым напрамку, каб далучыцца да дэмакратычных эўрапейскіх дзяржаваў Эўропы”.

У сваім прэсавым рэлізе JEF зьмясьціла сьпіс гарадоў, у якіх прайшла акцыя “Свабодная Беларусь”.

Вулічная акцыя “Свабодная Беларусь” у Люксембургу

Акцыя JEF у Бардо
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG