Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія дзеці змогуць ехаць на адпачынак у Швайцарыю


Адпаведны абмен нотамі адбыўся сёньня ў Бэрне паміж намесьнікам дзяржсакратара фэдэральнага дэпартамэнту замежных спраў Швайцарскай канфэдэрацыі і намесьнікам кіраўніка беларускага замежнапалітычнага ведамства Андрэем Еўдачэнкам, падае сайт швайцарскага ўраду.

Абмен нотамі дазваляе рэглямэнтаваць знаходжаньне беларускіх дзяцей у швайцарскіх сем’ях падчас вакацыяў.

Згодна з рэглямэнтам, запрошаныя на вакацыі беларускія дзеці знаходзяцца ў Швайцарыі ў якасьці гасьцей. Яны адпаведна абароненыя мясцовым заканадаўствам, іх апекуны — швайцарскія сем’і, якія, аднак, ня маюць права на ўсынаўленьне ці ўдачарэньне непаўналетніх гасьцей зь Беларусі.

Дабрачынныя чарнобыльскія ініцыятывы Швайцарыі, якія цягам амаль 20 гадоў ладзяць праграмы дзіцячага аздараўленьня, апошнім летам упершыню не змаглі прыняць у сябе юных гасьцей зь Беларусі.

Пасьля выпадкаў зь дзьвюма непаўналетнімі беларускімі грамадзянкамі Таняй Казырай і Вікай Мароз прэзыдэнт Беларусі ў кастрычніку 2008 году прыняў указ аб прыпыненьні замежнага аздараўленьня. Потым быў прыняты наступны ўказ, які дазваляў выезд дзяцей за мяжу, але толькі пасьля падпісаньня адпаведных двухбаковых пагадненьняў на дзяржаўным узроўні. Згодна з гэтымі пагадненьнямі замежныя партнэры мусілі гарантаваць, што беларускія дзеці абавязкова будуць вяртацца дадому і што дзяцей, старэйшых за 14 гадоў, запрашаць ужо ня будуць.

Адрозна ад большасьці эўрапейскіх краін — Італіі, Нямеччыны, Ірляндыі, Гішпаніі, Нідэрляндаў ды іншых — Швайцарыя адмовілася падпісаць гэты дакумэнт, бо ўбачыла ў ім «несумяшчальнасьць з законамі Канфэдэрацыі, асабліва ў тых момантах, якія тычацца правоў чалавека».

На пачатку гэтага году яшчэ адным указам прэзыдэнта Лукашэнкі ўсе абмежаваньні для паездак беларускіх дзяцей на вакацыі былі зьнятыя. Гэты крок віталі многія палітыкі і грамадзкія дзеячы эўрапейскіх краін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG