Як паведаміла прэсе прадстаўніца аб’яднаных чарнобыльскіх ініцыятыў у фэдэральнай зямлі Райнлянд-Пфальц Габі Мёлер, колькасьць запрошаных на канікулы беларускіх дзяцей няспынна скарачаецца. У апошнія гады ў Райнлянд-Пфальцы штогод адпачывалі ад 1200 да 1500 дзяцей, у бліжэйшай пэрспэктыве можна чакаць прыезду прыкладна 900.
Такая ж тэндэнцыя характэрная і для астатніх фэдэральных зямель Нямеччыны, а таксама шэрагу іншых заходніх краін, дзе чарнобыльскія праекты традыцыйна карысталіся шырокай падтрымкай сярод насельніцтва. Калі на пачатку 1990-х толькі ў адну Нямеччыну і толькі ад аднаго дабрачыннага фонду Генадзя Грушавога штогод за мяжу накіроўвалася ў сярэднім па 17—18 тысяч дзяўчатак і хлопчыкаў, то ў 2009, паводле інфармацыі Міністэрства адукацыі Беларусі, на аздараўленьне ў замежныя краіны выехалі 28,7 тысячы беларускіх дзяцей, што на 10 тысяч меней у параўнаньні з пазалеташнім пэрыядам.
Паводле Габі Мёлер, з падтрымкай чарнобыльскіх праектаў “стала вельмі складана”. Многія былыя актывісты, якія стаялі ля вытокаў дабрачыннага нямецкага руху “Дзецям Чарнобыля”, састарэліся. Тады, на пачатку 1990-х, дробныя чарнобыльскія ініцыятывы паўтвараліся ледзь ня ў кожнай нямецкай вёсцы, сёньня гэтых арганізацыяў прынамсі на парадак меней. Маладыя немцы нашмат радзей задумваюцца пра наступствы выбуху на ЧАЭС у 1986 годзе — для іх гэта вельмі даўняя падзея. Тыя ж, хто наведвае Беларусь, бачаць, што маленькія жыхары беларускай глыбінкі і без радыяцыі маюць вельмі шмат праблемаў. Так, прадстаўнікі райнлянд-пфальцскай ініцыятывы “Жыцьцё пасьля Чарнобылю” вырашылі запрашаць да сябе дзяцей зь беларускіх сацыяльна неабароненых сем’яў, а ня толькі тых, хто жыве ў забруджанай зоне.
Істотна скарацілася цікавасьць немцаў да дзіцячых чарнобыльскіх праектаў і ў выніку захадаў беларускіх уладаў, зробленых пасьял таго, як барысаўская школьніца Таня Казыра спрабавала застацца ў ЗША. У верасьні 2008 году замежныя дзіцячыя паездкі ў адпаведнасьці з прэзыдэнцкім указам былі спачатку часова забароненыя, потым забарону замянілі абмежаваньнямі.
Сёлета ў студзені ўлады зьнялі ўсе абмежаваньні на замежнае аздараўленьне дзяцей, але наколькі пасьля гэтага актывізуецца нямецкі дабрачынны рух дапамогі чарнобыльскім дзецям — застаецца пытаньнем.