Што ні кажыце, а Чаргінец усё-ткі меў рацыю, дарэмна зь яго кпілі. Вядома, беларуская дзяржаўнасьць не была ўшчэнт зруйнаваная 7 сакавіка ў дзень выступу "Рамштайна" пад скляпеньнямі Менск-Арэны, дык і Карфаген не адразу разбурылі. Але ж ладную дзірку нямецкі каменны таран у ёй усё-ткі прабіў. "Лукашэнка энэргічна пераконваў сваіх некалі любімых пэнсіянэраў, што не дазволіць гэтым паскудным рэфарматарам распрадаваць нацыянальнае багацьце, найперш, зямлю, а таксама заводы, трубаправоды і гэтак далей", – піша mikalaj_achyzha. Гэта было апорным прынцыпам, краевугольным каменем нашай маладой дзяржаўнасьці. Яна трымалася на тым, што ў беларускім доме толькі адзіны і непадзельны руплівы гаспадар, які ўсё трымае пад кантролем, за ўсё нясе адказнасьць, іншых жа гаспадароў нам тут ня трэба. А што цяпер? "Нехта ўжо пажартаваў: да ўлады ў Беларусі прыйшла апазыцыя", – дадае блогер.
БЕЛАРУСЬ – СЬВЕТЛАЯ ПЛЯМА НАДЗЕІ НА ЛЕПШЫ СЬВЕТ
Сапраўды, дзіўныя рэчы адбываюцца апошнім часам.
Беларусь шмат кім успрымалася як такая сабе "краіна фантазіі", са знакам плюс або са знакам мінус, бо разьвівалася паводле сцэнару, вельмі адрознага ад мадэлі разьвіцьця суседзяў. "Канечне, Беларусь – гэта не іншаплянэтная Паўночная Карэя, але ступень ізаляцыі проста агаломшвае. Калі беларускі рэжым абрынецца, беларускіх грамадзянаў чакае сур'ёзны шок", – чарговым разам пацьвердзіў гэтую тэзу замежны госьць londres, у якога Менск, не зважаючы на "чысьціню і парадак", выклікаў "дэпрэсіўныя пачуцьці". Галоўным чынам праз тое, што на тварах мінакоў на вуліцах беларускай сталіцы, на яго погляд, было "напісана адно – людзі знаходзяцца ў стане пастаяннай барацьбы за выжываньне". Аднак ura_s_baykonura катэгарычна зь ім не згадзіўся: "Прыяжджаючы ў Менск, я бачу шчасьлівых людзей з усьмешкамі на тварах... якія проста атрымліваюць асалоду ад жыцьця. І ніякай барацьбы за выжываньне на тварах менчукоў няма, не выдумляйце. Вось на тварах масквічоў – так, адназначна ёсьць". Блогер jeyushka наступным чынам выказаўся пра тых, хто "ачарняе" беларускую рэчаіснасьць: "Тут проста многім хочацца, каб Менск стаў чарговым горадам прастытуткай-барахолкай. Магчыма, ёсьць іншыя шляхі разьвіцьця. Вы праўда думаеце, што заходняе грамадзтва спажываньня – адзіны магчы шлях разьвіцьця?.. Спажываньне ня можа быць каштоўнасьцю, гэта задавальненьне базавых фізіялягічных патрэбаў, і яно ня робіць з чалавека чалавека. Высокадухоўнасьць разьвіваецца ў грамадзтве, дзе галоўнай каштоўнасьцю ёсьць не спажываньне, а ўсебаковае гарманічнае разьвіцьцё чалавека і спазнаньне навакольнага сьвету".
Верагодна, што ў рэальнай Беларусі jeyushka ніколі ня быў. Яна прысутнічае ў ягонай сьвядомасьці сьветлай плямай цалкам зразумелай надзеі на іншы – лепшы сьвет. Падобная да казачнай "краіны Фантазіі" зь фільму "Бясконцая гісторыя", куды трапляе галоўны герой, зьбягаючы ад невыносна траўматычнай рэчаіснасьці. Паводле сюжэту, краіну Фантазію паступова паглынае Нішто, спароджанае няздольнасьцю людзей марыць і летуцець.
Празь дзірку, прабітую "Рамштайнам", якую ня здолеў заткнуць сваім целам Чаргінец, таксама пралезла нешта такое – паглынальнае. "Рамштайн" яшчэ не ступіў на беларускую зямлю, а яно ўжо паглынула завод "Луч", дзе цяпер гаспадарыць швайцарская кампанія Franck Mueller, сьледам за ім – ладны кавалак гістарычнага цэнтру Менску, які зь нядаўняга часу належыць Султанату Аман, і наўрад ці на гэтым супакоіцца. У дадатак, паводле Юрыя Шаўцова, запусьціўся няўхільны працэс клясаўтварэньня, у выніку якога "асноўная маса апынецца ў самым нізе". І ў гэтым таксама ёсьць непасрэдная віна "Рамштайна". Чаму падобных лёсавызначальных наступстваў для Беларусі ня мелі, скажам, канцэрты Філіпа Кіркорава, гурту "ВІА Гра" або зорак блатнога шансону – гэта вы ў спадара Шаўцова запытайцеся, яму лепей ведаць.
ВЕЦЕР ПЕРАМЕНАЎ
Датычна зьменаў, якія адбываюцца ў нашай краіне Фантазія, найлепей іх ілюструюць два фотаздымкі, зробленыя блогерам darriuss:
З "аскепка СССР" –
яна пераўтвараецца ў штосьці абагульнена і безаблічна "саўрыменнае":
РАМШТАЙН – ЗЕРНЕ ЧЫСТАГА гатункУ КАПІТАЛІЗМУ
Бадай, найбольш арыгінальную, як на мой густ, і адначасова самую кароткую справаздачу пра канцэрт нямецкага гурту напісаў sergei_kochegar. Меркаваць, наколькі ягоная справаздача аб'ектыўная, мне цяжка, бо я на канцэрт не хадзіў, але выглядае яна самакаштоўнай:
"БДДДДЫЩЩЩЩБДДДДЫЩЩЩЩЩХРРРДДДЫЩЩЩЩЩЩЩЩЩЩЩПИУУУУУУУУУПИУУУУУУУУХХРРРБББББДДДЩББББАХХХХУЯКХААДДДАДАДАЩЩЩВВВЖЖЖЖЖЖЖЖБДДДДЫЩЩЩЩБДДДДЫЩЩЩЩЩХРРРДДДЫЩЩЩЩЩЩЩЩЩЩЩПИУУУУУУУУУПИУУУУУУУУХХРРРБББББДДДЩББББАХХХХУЯКХААДДДАДАДАЩЩЩВВВЖЖЖЖЖЖЖЖДЫЩДЫЩДЫЩЫДЩЫОЛОЛОПОПЯЧИЦЦОПЯЧИЦЦОПЯЧИЦЦОБДАУБДАУБДАУПТТТЫЩЩЩУУУХХРРРБББББДДДЩББББАХХХХУЯКХААДДДАДАДАЩЩЩВВВЖЖЖЖЖЖЖЖБДДДДЫЩЩЩЩБДДДДЫЩЩЩЩЩХРРРДДДЫЩЩЩЩЩЩЩЩЩЩЩБДЫЫЫЩЩЩЩЩЩ
Музычка такая вжжж-вжжжж і семяізверженіе выше головы.
Ну карочэ гаўно".
З большым піетэтам выказаўся пра "Рамштайн" g_rub:
"Я не гісторык. Але тое, што я ведаю пра сярэднявечныя бадзяжныя балаганы, цалкам супадае з тым, што сёньня ў 21 стагодзьдзі робіць Рамштайн.
Вогненныя фокусы, бойкі міжсобку, крыўляньні на мяжы прыстойнасьці, пужаньне гледачоў – усё гэта складнікі старажытнага мастацтва буфанады. Таго самага мастацтва, якое дужа не любілі каралі і папы. Якое яны абвяшчалі амаральным і сатанінскім за стагодзьдзі да зьяўленьня інтэрнэтаў і электрычнасьці. :)
Нам спадабалася гэтае шумнае сьвята блазнаў. Спадабалася адчуваньне цеплыні на твары ад велізарных выбухаў бэнзіну. Спадабалася файная музыка. Калі паспрабаваць ахарактарызаваць мае асабістыя эмоцыі, напэўна, самым трапным (хоць і нечаканым) словам будзе "замілаваньне". Дарэчы, асаблівым аматарам Рамштайна я раней ніколі ня быў.
Цырк зьехаў далей у Кіеў. Засталося адчуваньне таго, што ў горад раптоўна прыйшла вясна і што наркатычную зімовую сьпячку "праца-стома-ложак", напэўна, час скончваць".
Мне зразумелы гэты рамантычны лібэртарны патас, аднак у наш час, калі словамі "крыўляньні на мяжы прыстойнасьці" можна ахарактарызаваць 99% папулярнай эстрады, згадваць пра папаў і каралёў, для якіх гэткае блазнаваньне ўяўляла сабой пагрозу – крыху недарэчна, здаецца.
Блогер roma_stefanenko, які ўваходзіў у групу валянтэраў з 56 чалавек, што займаліся падрыхтоўкай канцэрту, напісаў шматслоўную справаздачу з-за кулісаў, суправадзіўшы фотаздымкамі, якая сабрала найбольшую колькасьць камэнтароў, спасылак і цытаваньняў – нават на нейкім мэксыканскім форуме фанатаў "Рамштайна" зьмясьцілі, пераклаўшы на ангельскую. Раман пералічвае тры найбольш распаўсюджаныя мадэлі стаўленьня да "Рамштайна" у Беларусі:
"1) "Рамштайн" – прапаганда гвалту, фашызму і сэксуальнай распусты. Ім у нас няма чаго рабіць, давайце іх ня пусьцім і забаронім, непатрэбны нам гэты заходні блуд.
2) "Рамштайн" – пазытыўны культурны прарыў, паказьнік дэмакратычнасьці культуры, яе выхаду на новы ўзровень (ура! можа, цяпер да нас пастаянна будуць езьдзіць заходнія зоркі такога ўзроўню?), і ўвогуле: нашы – мудакі, даеш заходнюю якасьць!
3) Мне ўсё роўна, проста клясны гурт. І ўвогуле, усё гэта трызьненьне, канцэрт ні на што не паўплываў".
Паводле ягоных словаў, да наведаньня канцэрту ён сам прытрымліваўся другой мадэлі ("пазытыўны культурны прарыў"), а пасьля яго прызадумаўся. І ў выніку развагаў прыйшоў да высновы, якая пацьвярджае найгоршыя засьцярогі Чаргінца і Шаўцова:
"Безумоўна, гэта было крута. Вось толькі дзядзька Маркс меў рацыю наконт адчужэньня чалавека ад працы. Падзел працы і грошы – здораўскія штукі, але з мастацтвам яны адыгрываюць злы жарт: нешта творчае, стыхійнае, імправізацыйнае па сваёй прыродзе заганяецца ў клетку разьліку, аптымізацыі і канвэеру – карацей, у клетку капіталізму.
У хлопцаў усё расьпісана па хвілінах і сантымэтрах, галоўнае – не эмацыйнасьць, а чаканна спрацаваць, выканаць сваю жорстка вызначаную ролю. Нават у танцы адгадваецца завучанасьць і нават нейкая стомленасьць ад гэтай завучанасьці... Яны сьцябуцца з капіталізму і сучаснай культуры, але ж і самі зьяўляюцца іхным спараджэньнем.
Гэтая Падзея – ня проста канцэрт. Гэта зерне чыстага гатунку капіталізму на беларускай глебе. Гэта прарыў у першую чаргу ідэалягічны. Іншае пытаньне, добра гэта або кепска. Не сьпяшайцеся з адказам".
Блогеру beatleofdoom гэтая выснова падалася бязглуздай : "Дзікая, дрымучая, архаічная дрыгва. І гэта праз 150 гадоў пасьля зьяўленьня "Капіталу", праз 90 гадоў пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі, праз 60 гадоў пасьля Другой сусьветнай, праз 40 гадоў пасьля Джызас-Крайста і праз 20 гадоў пасьля зьяўленьня ў саўку відэамагнітафонаў. Проста жудасна насамрэч".
Падчас далейшай размовы з фрэндамі beatleofdoom кінуў зьедлівую рэпліку: "Ставячы Лебядзінае возера, ты хаваеш творчасьць і будуеш капіталізм". І гэтая рэпліка выявіла памылку блогера. "Лебядзінае возера" ня можа ня быць жорстка вывераным, расьпісаным "па хвілінах і сантымэтрах", гранічная фармалізаванасьць закладзеная ў ягоную прыроду.
Творчасьць "Рамштайна" нібыта іншай прыроды – дзікай, вакхічнай, выбуховай і правакацыйнай. Карацей, яна зьяўляецца нечым такім, што ня можа быць аб'ектам продажу, таварам. Падобна, менавіта гэта хацеў сказаць roma_stefanenko, менавіта згаданая прыкрая неадпаведнасьць выклікала ў яго "кагнітыўны дысананс" – прадаецца тое, што прадавацца не павінна паводле азначэньня.
БЕЛАРУСЫ ПЕРАСТАЛІ БЫЦЬ ВЫТВОРЦАМІ ЎЛАСНАГА ЧАСУ
Сёньня, калі ня мець мабільніка могуць дазволіць сабе хіба што маргіналы-затворнікі кшталту мяне, гадзіньнік перайшоў у разрад анахранізмаў. Ён перастаў быць прадметам неабходнасьці, зрабіўшыся атрыбутам сацыяльнага статусу. То бок, у хаду цяпер засталіся пераважна салідныя, дарагія і модныя гадзіньнікі. Строгія швайцарскія, якія-небудзь наварочаныя японскія – з убудаваным пыласосам, лядоўняй, міні-барам і электрачайнікам. Завод "Луч" ня мог канкураваць на гэтым полі.
Таму, з пункту гледжаньня прагматычнай эканомікі, ён быў асуджаны на скон або продаж "эфэктыўнаму гаспадару". Але ж Беларусь, будучы "краінай фантазіі", як зазначалася вышэй, дасюль абвяргала гэткі рынкавы дэтэрмінізм. І працягвала прадукаваць уласны, своеасаблівы анахранічны час. Менавіта час, бо ён існуе толькі на гадзіньніках, у рэчаіснасьці яго няма.
А гэта азначае, што з продажам гадзіньнікавага заводу мы перастаем быць вытворцамі і гаспадарамі часу.
Гэты прывілей быў прададзены за 12,41 мільёнаў даляраў. Паводле падлікаў блогера malishevsky, за кошт чатырох гадзіньнікаў Franck Muller The Aeternitas Mega 4™ (2,7 мільёны даляраў за штуку) і 1,5 мільёны ў дадатак.
Той самы Franck Muller The Aeternitas Mega 4™
"А на складах заводу націкала 1 мільён 169 тысячаў штук гадзіньнікаў або 35-месячны запас. Калі падлічыць па мінімуму 15 баксаў за штуку – атрымліваецца 17,5 мільёнаў даляраў.
На сайце швайцарскага цяпер ужо заводу ў Менску аб'ява: ТЭРМІНОВА ПАТРАБУЕЦЦА!!! Грузчык (зарплата 450 тысячаў). Пасьпяшайцеся!"
Блогер eupho апэратыўна падлічыў:
"Каб дазволіць сабе такі гадзіньнік, беларускаму грузчыку Franck Muller трэба будзе адкладаць заробак цягам 1475 гадоў :)".
А dolka777 зрабіла каляж з нагоды:
НАЎКОЛ СУЦЭЛЬНЫ АМАН
Сьледам за часам мы пачалі губляць і прастору – ладны кавалак гістарычнага цэнтру Менску адышоў ва ўласнасьць Султанату Аман.
"Я не хачу жыць у гэтай краіне. А то прададуць, і ведаць ня будзеш. Што рабіць?" – драматычна ўсклікае k_senka.
"Хутка прачнесься, а дом ня твой і кватэра не твая, і ўвогуле нічога твайго няма. Кляс!" – уторыць ёй streka_libel.
"Прачынаесься, а ты ўжо ў Амане. Вакол цябе шэйхі, вярблюды, і ты ўся такая ўсходняя прыгажуня з аманскім пашпартам :)))" – жартаўліва падбадзёрвае дзяўчынак zigblins.
У адрозьненьне ад продажу гадзіньнікавага заводу, продаж зямлі ў цэнтры Менску закрануў блогераў за жывое і выклікаў шмат абураных водгукаў. Час – нешта няўлоўнае, эфэмэрнае, мы і без таго легкадумна яго марнуем і забіваем, тады як зямля – цьвердзь, і калі яна ўцякае з-пад ног – гэта трывожыць.
"Трывожыць непразрыстасьць гандлю. Да абмеркаваньня не дапускаецца грамадзкая думка. А што лепш прадаць? А каму лепш прадаць? А якія патрабаваньні выставіць пакупнікам?" (mikalaj_achyzha)
Але, як ні дзіўна, у зьдзелкі знайшліся адвакаты. Напрыклад, блогерка _katusha_ устала грудзьмі на абарону замежных інвэстараў, якія "трацяць свае грошы сёньня, маючы смутныя пэрспэктывы зарабіць у будучыні". А зямля, ну што зямля, ня вывязуць жа яны яе вёдрамі, тут застанецца. Блогерка зьвінаваціла беларусаў у тым, што яны не разумеюць свайго шчасьця, і ўвогуле людзі цёмныя, жывуць паводле прынцыпу "хай згніе, але затое маё". Што гэта можа азначаць у адносінах да ўчастку зямлі ў цэнтры Менску, блогерка не патлумачыла.
Як высьветлілася падчас бурнай дыскусіі, _katusha_ зарабляе юрыдычнай падтрымкай замежных інвэстараў. Гэта не пазбаўляе, канечне, яе права голасу, аднак дадае выказанаму меркаваньню налёт перадузятасьці.
Да таго ж, яна пастаянна "забывалася", што спрэчка ідзе не вакол тэарэтычнага пытаньня – можна ці не прадаваць беларускую ўласнасьць замежнаму пакупніку, а пра канкрэтную зьдзелку. Якая выглядае сумнеўнай, цьмянай, пасьпешнай, і ўвогуле, калі падумаць, ня надта каб патрэбнай.
Што тычыцца кошту, паводле падлікаў блогера-эканаміста sergechaly, мінімальная ацэнка кошту гэтага ўчастку зямлі складае 31 млн. 310 тыс. даляраў.
Аднак тут справа ня толькі і нават ня столькі ў грошах, а ў гвалтоўным згортваньні грамадзкай прасторы:
"Прадаваць участак буржуям ні сваім, ні чужым, было нельга. Гэта як забіраць у нашых дзяцей горад Менск. Бо прадалі ня проста зямлю, а плошчу ў цэнтральнай частцы гораду. Там, дзе паводле майго меркаваньня, горад мог бы будаваць тэатры, палацы піянэраў і ўсялякія культурныя ўстановы за грошы падаткаплатнікаў, адукоўваючы сваё народанасельніцтва і ўкладваючы сілы ў падрастаючае пакаленьне.
Замест гэтага там разьмесьціцца прыбытковы бізнэс. Культурныя аб'екты (акупляльныя ўскосна – падвышэньнем творчага патэнцыялу нацыі) аманцы не пабудуюць. І паркі на гэтай тэрыторыі не разаб'юць. Будзе міргаць агнямі чарговы супэрмаркет. Ці гульнёвы дом.
Нават кніжны кірмаш на той тэрыторыі быў многім уцехай. Па беразе Сьвіслачы прайсьціся, на кніжны рынак заскочыць – цэлая культурная праграма.
Мая воля –- я з цэнтру прыбрала б усе аб'екты, якія не ўяўляюць каштоўнасьці для грамадзкасьці – а менавіта: банкі, офісы, прадстаўніцтвы розныя.
Цэнтар гораду – для гараджан, а не буржуяў. Менчукі і так у большасьці ў панэльных каробках спальных раёнаў сядзяць каля тэлескрыняў. І дзе яны гарадзкую субкультуру знойдуць зараз?" (dolka777)
Зрэшты, так думаюць далёка ня ўсе. Блогер voodoomagick напісаў зь іншай нагоды:
"У цэнтры гораду будуецца ДЗІЦЯЧАЯ ФІЛЯРМОНІЯ! Б..дзь, гэта цэнтар сталіцы! Ну ладна, аддзел ліцэнзаваньня і сэртыфікацыі яшчэ куды ні ішло – прынамсі, там сур'ёзныя людзі сядзяць. Але дзіцячая філярмонія... тваю ж маць, якая зь яе карысьць? У цэнтры гораду павінен стаяць аўтасалён Астан Марціна, багатыя крамы, нейкае жыцьцё..."
"Сапраўды, ніякай карысьці. Музыка нам на хрэн непатрэбная, а дзеткі няхай лепей на крутыя тачкі паглядзяць. Дзіцячую філярмонію за кальцавую, на шасьцідзясяты кілямэтар. Паезьдзяць, не маленькія..." – саркастычна адгукнуўся 1tamerlan1.
Чым болей у нас будзе тых, хто лічыць, што "багатыя крамы", аўтасалёны, гульнёвыя дамы і да т. п. маюць першараднае значэньне для гораду і людзей, тым больш нашую краіну будзе паглынаць Нішто. А яна ж і так – адна толькі фантазія...