Акцыя пройдзе 18 сакавіка і будзе прымеркаваная да чацьвёртай гадавіны “спрэчных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі”.
Актывісты JEF па традыцыі сымбалічна завяжуць рот знакамітым гарадзкім статуям, каб нагадаць сваім суайчыньнікам пра вымушанае маўчаньне жыхароў Беларусі. Паводле “Маладых эўрапейскіх фэдэралістаў”, жыхары краіны, якой кіруе аўтакрат Лукашэнка, знаходзяцца ў падобнай сытуацыі ўвесь час.
Як паведамілі ў штаб-кватэры JEF у Брусэлі, летась акцыя “Дайце голас людзям Беларусі” прайшла прыкладна ў 120 гарадах сьвету. Сёлета колькасьць гарадоў, якія пацьвердзілі свой удзел у ёй, ужо перасягнула гэтую лічбу.
Паводле каардынатара JEF па Беларусі Элізабэт Вэле, такі энтузіязм моладзі з розных краінаў сьведчыць пра іх неабыякавасьць як да парушэньня асноўных правоў чалавека ў Беларусі, так і да адсутнасьці дакладнай пазыцыі ЭЗ у гэтым пытаньні.
“Эўропе неабходная адзіная зьнешняя палітыка, бо шызафрэнічная палітыка ня зьменіць у лепшы бок шызафрэнічны рэжым. Было б крывадушна казаць пра адзіную, моцную і справядлівую Эўропу, пакуль мы заплюшчваем вочы на тое, што адбываецца ў Беларусі”, — кажа прэзыдэнт JEF Філіп Адрыансэнс .
Паводле ягоных слоў, “Маладыя эўрапейскія фэдэралісты” — за тое, каб у Беларусі “не было сьмяротнага пакараньня, парушэньняў правоў чалавека, а існавалі сапраўды дэмакратычныя выбары, свабода СМІ і няўрадавых арганізацый, а таксама свабода слова, якой маглі б карыстацца ўсе людзі, а ня толькі Лукашэнка і ягоныя чыноўнікі”.
Сябры JEF заклікаюць Эўракамісію, а таксама вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ па зьнешняй палітыцы і бясьпецы Кэтрын Эштан граць больш актыўную ролю ў зьнешняй палітыцы Эўразьвязу. Яны лічаць, што надышоў час адмяніць рашэньне аб прыпыненьні санкцый у дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў.