Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратасевіч: У Эўранэсьце будзе толькі апазыцыя


Яцэк Пратасевіч
Яцэк Пратасевіч

Беларуская дэлегацыя ў Парлямэнцкай асамблеі палітыкі ЭЗ "Усходняе партнэрства" (Эўранэст) будзе складацца толькі з прадстаўнікоў апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці. Пра гэта ў інтэрвію БелаПАН 13 сакавіка паведаміў польскі дэпутат, кіраўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнта па сувязях зь Беларусьсю Яцэк Пратасевіч.


Паводле яго слоў, 10 сакавіка члены дэлегацыі Эўрапарлямэнта ў Эўранэсьце па выніках візыту ў Менск афіцыйнай місіі Эўрапарлямэнта, які прайшоў 25—27 лютага, прынялі рашэньне аб складзе беларускай дэлегацыі. "Пасьля таго як беларускія ўлады адхілілі прапанаваную формулу складу дэлегацыі "5+5" (5 сябраў Палаты прадстаўнікоў і 5 сябраў апазыцыі. — БелаПАН.), мы вырашылі, што запрашаем 10 прадстаўнікоў апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці. У іх не будзе права голасу, але яны будуць мець права выступаць на пасяджэньнях", — сказаў Пратасевіч.

Ён растлумачыў, што 11 сакавіка на сустрэчы старшыні Эўрапарлямэнта Ежы Бузэка з кіраўнікамі пяці парлямэнцкіх фракцыяз Эўрапарлямэнта было вызначана прыпыніць выкананьне рашэньня аб складзе беларускай дэлегацыі. Пры гэтым у СМІ зьявілася няправільная трактоўка гэтай падзеі, дзе казалася, што рашэньне аб складзе беларускай дэлегацыі ў Эўранэсьце адкладзена на месяц. Аднак, як падкрэсьліў Пратасевіч, рашэньне нязьменнае, адкладзена толькі дата, калі яно будзе аб'яўлена афіцыйна.

"Гэта было зроблена не таму, што магчымыя нейкія зьмяненьні, а таму, што спадар Бузек жадае правесьці кансультацыі зь кіраўнікамі парлямэнтаў усіх краін — удзельніц Усходняга партнэрства, апрача Беларусі, — патлумачыў Пратасевіч. — Гэтая сустрэча заплянавана на 24 сакавіка. Спадар Бузэк запросіць іх у Брусэль для таго, каб яшчэ раз заявіць пра цьвёрдую пазыцыю Эўрапарлямэнта па Беларусі, а таксама для кансультацый аб далейшым разьвіцьці Эўранэста".

Пратасевіч зазначыў, што склад беларускай дэлегацыі ў Эўранэсьце ўжо зацьверджаны. У яе ўвойдуць прадстаўнікі Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, Беларускай партыі левых "Справядлівы сьвет", руху "За Свабоду", Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, грамадзянскай ініцыятывы "Рада беларускай інтэлігенцыі", а таксама прадстаўнікі Беларускага саюза журналістаў, Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, грамадзкага аб'яднаньня "Экадом" і неафіцыйнага Саюза палякаў на Беларусі.

"Дэлегацыя Эўрапарлямэнта ў Эўранэсьце прыняла сваё рашэньне, склад беларускай дэлегацыі зацьверджаны і ніякіх зьмяненьняў не чакаецца. Таксама не чакаецца ніякіх зьмяненьняў у рашэньні аб тым, што прадстаўнікі беларускага парлямэнта ня будуць браць удзел у працы Эўранэста", — падкрэсьліў Яцэк Пратасевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG