Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пачынаюць зь піва „з гарла“, а заканчваюць на могілках”


У «Званках на Свабоду» слухачы гавораць пра выбары ў мясцовыя саветы, пра забарону піць піва ў грамадзкіх месцах, а таксама абмяркоўваюць працу Радыё Свабода.

25 красавіка ў Беларусі павінны адбыцца выбары ў мясцовыя саветы. З гэтай нагоды развагі нашага слухача:

Спадар: «Ідзе вялікая палеміка па перадвыбарчай кампаніі. Мне падаецца, што пара адыходзіць ад таго часу, калі лічылася, што кожная кухарка можа кіраваць дзяржавай. На сёньняшні дзень наша дзяржава і кіраўніцтва павінны быць мабільнымі, як ртуць, а ня быць дубовымі, як баярская дума. Дзяржаўная палата павінна быць прадстаўлена квотамі ўсіх відаў уласнасьці і ўсіх узростаў, бо калі моладзь ня будзе вучыцца кіраваць дзяржавай, то хто будзе далей жыць — адны пэнсіянэры?»

Ад
23-га лютага пачалі дзейнічаць папраўкі да Адміністрацыйнага кодэксу. Паводле новых правілаў, сярод іншага, забаронена піць піва ў грамадзкіх месцах. Штраф за такое парушэньне можа скласьці да 500 тысяч рублёў. Тэме новых палажэньняў Адміністрацыйнага кодэксу «Свабода» прысьвяціла шэраг сваіх праграмаў. Прапануем вашай увазе водгук на адну зь іх:

Спадарыня Натальля, Менск: «Лямант Скуратовіча ў сувязі з забаронай расьпіцьця алькаголю ў грамадзкіх месцах выклікае адкрытае непаразуменьне. Канечне, 30 адсоткаў нашых грамадзянаў — гэта сур’ёзная электаральная база, але хачу нагадаць, што тэмпы алькагалізацыі нашай моладзі і жанчын у 4-5 разоў вышэйшыя, чым сярод насельніцтва ў цэлым. Пачынаюць яны менавіта зь піва „з гарла“, а заканчваюць на могілках, так і не навучыўшыся культурна піць. Калі гаворка пра выжываньне нацыі, наўрад ці варта ламаць дзіды за права піць дзе заўгодна».

Канстанцін Скуратовіч
Адказвае аглядальнік тыднёвіка «Беларусы і рынак» Канстанцін Скуратовіч:

«Я параіў бы пазьбягаць катэгарычнасьці. Калі людзі ня будуць піць піва, яны будуць піць „чарніла“. Я не заклікаю да расьпіцьця. Калі маладыя людзі п’юць, гэта значыць бацькі згубілі над імі ўсялякую ўладу. Адбіліся, што называецца, ад рук».

Слухачы камэнтуюць тэлефанаваньні адно аднаго:


Спадар: «Правільна ў „Званочках“ спадарыня Ціна сказала пра Нарачанскага Селяніна. Здаецца мне таксама, што ніякі ён не селянін, хутчэй за ўсё, ідэалягічны селянін, селянін ад ідэалёгіі. Нешта такое. Былі ў нас ужо, а можа, і цяпер ёсьць усякія там групоргі, камсоргі, парторгі і яшчэ невядома якія „-оргі“. Па ўсім відаць, што гэты таварыш зь нейкіх „-оргаў“. Цяпер ён атрымлівае немалую пэнсію і ад няма чаго рабіць задае дуркаватыя пытаньні, хто і за што працаваў і працуе. Дык вось, хай ён лепш адкажа, чаму такая вялікая розьніца паміж заробкамі і пэнсіямі ў тых, хто працаваў у сельскай гаспадарцы за ідэю — так бы мовіць за ідэю, на ідэалягічным фронце, — і тымі, хто таксама працаваў у сельскай гаспадарцы, але не за ідэю, а за так званыя працадні і за капейкі. Вось хай адкажа, што тут да чаго? Можа, мы нешта ня так разумеем. Хай адкажа».

А пакуль слухач, які прадстаўляецца Нарачанскім Селянінам, выказваецца зь іншай нагоды. Ад 1 сакавіка «Свабоду» ў інтэрнэце можна слухаць ад 6-й раніцы да паўночы.

Нарачанскі Селянін: «Пачуў і днём на сайце тое, што чуў па радыё вечарам. Трэплюцца Някляеў са Скоблам. Ну, навошта лішняя праца? Хто там у працоўны час слухае вашыя сайты?»

Мы таксама атрымалі такое тэлефанаваньне:

Спадар: «Вельмі прыемна чуць, што вы адгукаецеся на гэтыя вось званкі. Простыя званкі простых людзей, адказваеце на простыя пытаньні. Званок ёсьць званок — чалавека простага, які не рэдактар, не інтэлігент, гэта просты слухач, ваш слухач. Калі ласка, адказвайце і ўсе нашы званкі камэнтуйце».

Тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG