Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні – слуханьні наконт Беларускай АЭС


Праект першага рэактара Беларускай АЭС.
Праект першага рэактара Беларускай АЭС.

Сёньня ў Вільні пачынаюцца грамадскія слуханьні адносна пабудовы непадалёк ад мяжы зь Літвой Беларускай АЭС. Адмыслоўцы з розных краінаў абмяркуюць магчымыя наступствы запуску новай АЭС з расейкім рэактарам у непасрэднай блізкасьці ад межаў Эўразьвязу.

На грамадскіх слуханьнях у Вільні, дзе будзе ацэньвацца ўплыў плянаванай Беларускай АЭС на асяродзьдзе, дэлегацыя з Міністэрства энэргетыкі Беларусі прадставіць справаздачу Дырэкцыі будаўніцтва АЭС і дэпартамэнта па разьвіцьцю атамнай энэргетыкі.

Напярэдадні слуханьняў, што пройдуць у Віленскім унівэрсытэце, актывісты распаўсюдзілі ўлётку з тлумачэньнямі шкодных уплываў на асяродзьдзе і магчымай небясьпекі экспэрымэнтальнага рэактара расейскага праекта. Актывісты заклікаюць супрацьстаяць плянам пабудовы АЭС, а напярэдадні слуханьняў разам з навукоўцамі і палітыкамі ладзяць сёньня прэсавую канфэрэнцыю ў інфармацыйным агенцтве ELTA. Саўлюс Пікшрыс, лідэр грамадскай арганізацыі супольнасьці «Atgaja» з Літвы:

«У Беларусі, без сумненьня, дыктатарскі рэжым. Мне самому ўвосені летась даводзілася браць удзел у Астраўцы ў абмяркаваньнях ацэнкі уплыву на асяродзьдзі пабудовы АЭС і я бачыў, што там рабілася. Усё было ачэплена АМАПам, аўтобусамі везьлі калектывы працоўных, якія толькі што не сьпявалі хорам панегірыкі пра тое, як ім патрэбная АЭС, падобна як у савецкія часы. І там такім людзям як мы, хто прыехалі зь Літвы, не далі слова сказаць. А майго сябра, калегу з Расеі АМАП нават арыштаваў за распаўсюд паперкі з крытыкай плянаў пабудовы АЭС. Яго пратрымалі да канца слуханьняў і пасьля нават судзілі нібыта за хуліганства. Так што мы ведаем, што робіцца ў Беларусі, які там рэжым, які робіць, што пажадае, як і ў савецкія часы. Але Літва дэмакратычная краіна, і калі мы пераканаем нашыя ўлады, што нельга дазволіць будаўніцтва гэтага небясьпечнага паводле міжнароднай Эспоо-канвэнцыі праекта, то так і павінна быць».

Існуюць усе падставы, каб непакоіцца аб наступствах пабудовы АЭС у Беларусі за 50 км ад літоўскай мяжы, лічыць Саўлюс Пікшрыс, старшыня грамадскай арганізацыі супольнасьці «Atgaja».

«Там будзе ўсталяваны экспэрымэнтальны рэактар расейскага праекта ВВР 1200. Які ён на практыцы — невядома, ні ён, ні яго аналягі ніколі нідзе не працавалі. Таксама, будуць браць ваду зь Вяльлі, і, адпаведна, разам з адкідамі выкарыстаная вада будзе вяртацца назад у раку. Ведаючы расейскія тэхналёгіі, можна уявіць, колькі радыёнуклідаў трапяць у Вяльлю, якая цячэ па усёй Літве, праз Вільню, у Балтыйскае мора».

Актывісты папярэджваюць, што пацерпіць унікальная прырода вакол такога вялікага аб'екта, як АЭС. У 30-кілямэтровую зону вакол АЭС трапляюць яшчэ пяць трансмежных і 13 літоўскіх водных аб'ектаў, апрача Вяльлі. Але ўплыў на яе будзе найбольшы, тэмпература вады ў рацэ уздымецца, вада забрудзіцца ад тэхнічных, гаспадарчых і дажджавых сьцёкавых водаў АЭС, зьнікнуць зь Вяльлі такія віды рыбаў з «Чырвонай кнігі», як сёмга і кумжа, папярэджваюць абаронцы прыроды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG