Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вернікі зьвярнуліся да Лукашэнкі


Пастар царквы “Новае жыцьцё” ад імя тысячы вернікаў накіраваў ліст на імя Аляксандра Лукашэнкі. Вернікі не прызнаюць сябе вінаватымі ў нанясеньні ўрону навакольнаму асяродзьдзю.


Яны разглядаюць штраф на агульную суму 271 мільён 548 тысяч 725 рублёў як эканамічныя санкцыі супраць суполкі.

Вернікі спасылаюцца на тое, што царква ня мае вытворчасьці, якая б магла нанесьці такі істотны ўрон прыродзе. Яны прыгадалі, што сваімі рукамі расчысьцілі несанкцыянаваную звалку сьмецьця на тэрыторыі, якую набылі вернікі разам з паўразбураным кароўнікам.

Вернікі зьвярнулі ўвагу на тое, што праверка глебы супрацоўнікамі прыродаахоўнага камітэту рабілася з грубымі працэсуальнымі парушэньнямі.

У лісьце, у прыватнасьці гаворыцца, “наша царква існуе на ахвяраваньні, вядзе вялікую працу па аказаньню дапамогі людзям, якія апынуліся на ўзбочыне жыцьця (алькагольна- і нарказалежным, беспрытульным, сіротам і ўдовам), дзіцячым дамам, дамам-інтэрнатам для інвалідаў. У нас няма сродкаў, каб выплаціць сумы кампэнсацый ўрону і штрафу, тым больш, што рашэньне іх ужыць было зроблена зь яўным парушэньнем закону, зьяўляецца неразумным і нічым не апраўданым”.

Вернікі прапаноўваюць стварыць адмысловую камісію дзеля вырашэньня канфлікту паміж царквой “Новае жыцьцё” і ўладамі Менску з удзелам прадстаўніка кіраўніка краіны, беларускага офісу АБСЭ, кіраўнікоў пратэстанцкіх канфэсій і праваабарончых арганізацый.

Нагадаем, вернікаў у 2005 годзе пазбавілі зямельнага надзелу, а потым і будынку. Яны трымалі галадоўку і зьвярталіся ў суды, але прайгралі іх па ўсіх пазыцыях.

Летась у сьнежні яны даведаліся, што супрацоўнікі камітэту аховы прыроды ўзялі пробы глебы і нібыта знайшлі ў іх нафтапрадукты. У выніку вернікаў аштрафавалі больш як на 100 тыс. даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG