Гэтыя тэмы абмяркоўваюць: мастак і культуроляг Артур Клінаў, аглядальнік газэты “Беларусы і рынак” Канстанцін Скуратовіч і пісьменьнік Алесь Чобат.
Дракахруст: З 23 лютага ўступілі ў дзеяньне папраўкі ў кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях, якія ўводзяць ці істотна павялічваюць штрафы за шматлікія парушэньні. Скажам, за кіраваньне транспартам без пасьведчаньня кіроўцы штрафы складуць ад 875 тысячаў да паўтара мільёна рублёў. За парушэньне правілаў дарожнага руху пешаходы будуць плаціць больш за 100 тысяч рублёў. За кіраваньне транспартам у стане алькагольнага ап’яненьня прадугледжаны штраф да 10 мільёнаў рублёў, а за паўторнае цягам году кіраваньне транспартам у нецьвярозым стане штраф можа дасягаць 78 мільёнаў рублёў – 12,5 тысяч даляраў.
Пешаходам давядзецца плаціць штраф да 100 тысяч рублёў за знаходжаньне на дарозе бяз флікеру і за пераход у недазволеным месцы. А кіроўцам за брудныя нумары давядзецца цяпер плаціць 70 000 рублёў штрафу. Таксама ад 23 лютага міліцыянты павінны складаць на людзей пратаколы за знаходжаньне ў нецьвярозым стане на працоўным месцы. Вырастае штраф за самагонаварэньне, захоўваньне і набыцьцё самагону. За захоўваньне больш як пяці літраў самагону будзе прадугледжаны штраф да мільёну рублёў, а за набыцьцё самагону — штраф да 150 тысяч рублёў.
Але ці ня самая гучная забарона – на расьпіваньне ў публічных месцах піва. Штрафныя санкцыі будуць такія самыя, як і за расьпіваньне ў грамадзкіх месцах сьпіртовых напояў: за першы раз штраф да 280 тысяч рублёў, пры паўторным парушэньні на працягу году давядзецца заплаціць да паўмільёна рублёў.
Якія мэты ўвядзеньня такіх вялікіх штрафаў?
Іншага б лепей расстралялі, чым такі штраф плаціць
Скуратовіч: Як той казаў, іншага б лепей расстралялі, чым такі штраф плаціць. Ён бы з задавальненьнем пагадзіўся. Цяжка зразумець мэту. Пажаданьне, каб людзі менш пілі, падзяляюцца амаль усімі сьвядомымі членамі грамадзтва. Але як гэта зрабіць? Тры гады прайшло з таго часу, як была прынятая праграма разьвіцьця айчыннага піваварэньня. Гаварылася, што будзем рабіць гэта з апорай на ўласныя сілы, не дапусьцім канкурэнцыі, зьнізім імпарт піва, будзем вырабляць айчынны півавараны ячмень. І паступова пачалі расьці аб'ёмы вытворчасьці беларускага піва і выціскаліся канкурэнты – расейскае і ўкраінскае піва. А зараз крызіс. І ў іншых краінах намагаюцца любой цаной падтрымаць таваразварот. А ў нас робіцца ўсё наадварот .
Дракахруст: Але ж гэтыя меры не забараняюць піцьцё як такое. Нельга піць за рулём і нельга піць у публічных месцах.
Скуратовіч: За рулём дык адназначна ня трэба піць. Але піва такі напой, які можа наталіць смагу. І што рабіць, калі побач няма месца, у якім можна гэта зрабіць? Аўтары гэтых паправак матывуюць іх тым, што піўны алькагалізм у першую чаргу закранае моладзь. Але ж трэба разабрацца, чаму гэтая моладзь п'е піва, адкуль у яе грошы. У студэнтаў такія малыя стыпэндыі. Відавочна, што п'юць тыя маладыя людзі, на якіх ужо ніякага ўплыву ня робяць бацькі.
Дракахруст: Алесь, а можа не такія ўжо кепскія гэтыя меры? Што тычыцца расьпіваньня піва, то ва ўсіх краінах, якія вакол Беларусі, такая забарона дзейнічае. Дзяржава змагаецца, каб п'яныя не валяліся. Хіба гэта так кепска?
Гэта выглядае, як нейкі чарговы пагалоўны падатак
Чобат: На першы погляд выглядае сапраўды, што даганяем Эўропу. Бо там п'яныя «колы» наагул караюцца пазбаўленьнем волі, ня тое што правоў на аўтамабіль. У Нямеччыне і Польшчы зараз плянуюцца такія самыя кары. Таксама самагонка трактуецца як выраб розных настоек, налівак, шнапсаў, і на гэта мае быць адпаведная санкцыя ад дзяржаўнага стандарту – што ты не вырабляеш атруту і не парушаеш рынкавае права. А ў нас самагонка чамусьці вынесеная ў асобны параграф як дробнае хуліганства.
Тут ужо ўзгадвалі народны гумар. Дык на захадзе Беларусі наконт гэтых флікераў так жартуюць: цяпер лягчэй, цяпер за адсутнасьць жоўтай зоркі на рукаве будуць толькі штрафаваць, а за Гітлерам стралялі на месцы. Беларускі люд ужо думае пра тое, хто за гэта будзе плаціць, і што будзе далей. Бо на гэтым ня скончыцца.
Ну, а калі чалавек ня будзе плаціць нават 100 тысяч, а тым больш паўтара мільёна, бо няма грошай. Яго саджаць? А куды саджаць? Гэта выглядае, як нейкі чарговы пагалоўны падатак. Бралі з апазыцыі за несанкцыянаваныя мітынгі. Але было мала. Потым вырашылі браць з палякаў. Аказалася, што на 600 тысяч палякаў 3 паляка і 3 полькі. Што зь іх возьмеш? А хай сабе не 6, а 600 – усё роўна што зь іх возьмеш? Усё роўна будзе дзіра ў бюджэце. А гэтыя кодэксы тычацца 6 мільёнаў чалавек. Калі яго ня будуць плаціць, то што рабіць далей? Відаць, ісьці дарогай Сталіна – браць дзяржаўны заём.
Дракахруст: Артур, вось Алесь ці з гумарам, ці ўсур'ёз сказаў, што такім чынам даганяем Эўропу. Былы славацкі пасол калісьці сказаў, што Лукашэнка, безумоўн, эўрапеец. У якасьці прыкладу ён прывёў выпадак, як на нейкай нарадзе беларускі прэзыдэнт прыгадаў гледжанае па тэлебачаньні ралі Парыж-Дакар. Але што там уразіла Лукашэнку паводле ягоных уласных словаў – якія там палі ў Францыі дагледжаныя. Эўропа! Дык, можа, гэтыя драконаўскія штрафы – спроба стварыць у Беларусі такую Эўропу мары яе прэзыдэнта: парадак, чысьціня, ніхто п’яны не валяецца, усе вуліцу на зялёнае сьвятло пераходзяць? Можа гэта такі наш шлях у Эўропу?
Пакуль дажывеш да прафэсійнага піўнога ўзросту, патрэбны вопыт і час
Клінаў: Што да гэтых новых штрафаў, то мяне зьдзіўляе, хто прызначае такія кошты. Хто гэтыя людзі, наколькі адэкватна яны ўяўляюць краіну, у якой мы жывем, і заробкі, якія мы атрымліваем. Штрафы ўсё ж павінны быць адэкватныя заробкам і ня могуць быць роўнымі палове і тым больш патройнаму месячнаму заробку. Можа, для тых, хто гэтыя правілы піша, такія штрафы і дробязі, але я ня думаю, што большасьць людзей нават у Менску зарабляе тысячу даляраў і болей, каб плаціць такія штрафы.
Зь іншага боку, у гэтых новаўвядзеньнях ёсьць і рацыянальнае зерне. Для мяне, як піўнога прафэсіянала зь вялікім стажам, проста ганьба піць піва «з гарла», піва патрабуе куфля, патрабуе пэўнай эстэтыкі. Але ўсе мы калісьці былі маладымі і пілі «з гарла». І пакуль дажывеш да прафэсійнага піўнога ўзросту, патрэбны вопыт і час.
Усё мусіць быць адэкватна. Ёсьць пазытыў, але пры гэтым пазытыву неадэкватныя лічбы.
Дракахруст: А калі людзі жывуць неэўрапейскім жыцьцём? Беларускае п'янства – яно прымае жахлівыя формы, гэта ня Чэхія. Дык, можа, такія карныя меры, пры ўсёй іх жорсткасьці – на карысьць?
Атрымліваецца 0.2 піўнога рэстарана на 1000 квадратных кілямэтраў беларускай тэрыторыі
Скуратовіч: Ну, няўжо ўсе забылі, што было 20 гадоў таму, калі былі безалькагольныя вясельлі, калі сяляне дэманстратыўна здавалі самагонныя апараты? Скончылася тым, што народ расьпіўся на сабаку, як кажуць, сталі піць сьпірт Раяль і ўсё, што гарыць. З аптэк зьніклі лекі, прыгатаваныя на сьпіртовых растворах. Колькі я сябе памятаю, кожная пяцігодка пачыналася з чарговай кампаніі змаганьня з п'янствам, алькагалізмам і самагонаварэньнем.
Вось мы эўрапейская нацыя, але калі паглядзець, то ад Менску ўздоўж чыгункі прыбіральняў няма да самай мяжы з Расеяй. Што такое культурнае распіваньне піва? Гэта ж найперш грамадзкая прыбіральня павінна быць у гэтым месцы.
Абяцалі, што адкрыюць яшчэ 30 піўных рэстаранаў, у дадатак да тых 34, што ёсьць у Беларусі. Гэта, я падлічыў, атрымліваецца 0.2 піўнога рэстарана на 1000 квадратных кілямэтраў беларускай тэрыторыі.
Да таго ж наконт гэтых мераў – вы ж ведаеце, як у нас міліцыя ставіцца да людзей: аднаго пакараюць, другога адпусьцяць, з трэцяга возьмуць хабар. Якая ў нас Эўропа? У гэтым сэнсе тут і конь не валяўся.
Дракахруст: Гэтыя істотна павялічаныя штрафы ў чымсьці нагадваюць скасаваньне льготаў. Яны, як заўважыў Алесь, тычацца мільёнаў людзей, бо, як той казаў, хто Богу ня грэшны, цару не вінаваты. Гэтыя законы вельмі моцна ўдараць па народнай кішэні. Выхаваўчую іх ролю ацаніць цяжка, але прыгадваецца анэкдот. Сын кажа: “Тата, гарэлка падаражэла, ты цяпер будзеш менш піць! – Не, сынок, ты цяпер будзеш менш есьці!”
Незразумела, які сацыяльны і палітычны разьлік быў ва ўлады, тым больш у год выбараў. І бяз гэтага народ злы на крызіс, а тут яго нібыта сьвядома злуюць яшчэ больш. Навошта?
Клінаў: Мне самому гэта ня надта зразумела, тут вельмі мала лёгікі. Народ вельмі злуецца, што падвысіліся кошты на замежныя аўтамабілі, але там яшчэ можна неяк растлумачыць, ясна, што на кану стаіць пытаньне пра 2 мільярды даляраў. У дадзеным выпадку, са штрафамі, я проста ня ведаю адказу.
Дракахруст: Ну, можа мэта чыста фіскальная. Дарэчы, як толькі ўвялі гэтыя меры, то ў першы ж дзень, 23 лютага, толькі ў Менску за расьпіваньне піва было складзена 80 пратаколаў.
Герой прыяжджае на вакзал, ідзе праз прывакзальны квартал і бачыць вакол карціну, якая нагадвае Рым пасьля нашэсьця барбараў
Клінаў: Я ў гэты даход ня веру, у бюджэце гэта такі мізэр, што разьлічваць на яго ня выпадае. Зь іншага боку, я б ня быў так упэўнены, што гэтае новаўвядзеньне ня будзе падтрыманае значнай часткай грамадзтва. Тыя, хто п'е піва ў сквэрыках – гэта ня большасьць грамадзтва. Безумоўна, сваю электаральную базу гэтыя правілы мець будуць. Я асабіста таксама не магу да гэтага адназначна паставіцца. Я зараз рэдагую свой новы раман «Шалом», і там герой прыяжджае ў горад Сонца, ён патрапляе ў горад абсалютна фантастычнай архітэктуры, ён падобны на антычны Рым сваім патасным стылем. Герой прыяжджае на вакзал, ідзе праз прывакзальны квартал і бачыць вакол карціну, якая нагадвае Рым пасьля нашэсьця барбараў: вакол людзі, якія п'юць піва, начныя крамы, румачныя. Часам у мяне складаецца такое ўражаньне, калі, скажам, прыяжджаеш увечары на Кастрычніцкую, асабліва раней, калі там ладзіліся гарадзкія сьвяты. Я не магу сказаць, што мне гэта было сымпатычна. Так што пэўная рацыя ў гэтым ёсьць.
Але калі пайсьці далей у эстэтыку, то паэтыка горада Сонца і складаецца з гэтых дзьвюх нясумяшчальных рэчаў: патаснай архітэктуры гораду для ідэальнага грамадзтва і неідэальнага грамадзтва ў гэтай сцэнаграфіі. Раней жа ўнутраныя сьцены гэтых цудоўных палацаў, якія выходзяць на праспэкт, не тынкаваліся, яны былі з цэглы. А зараз, калі затынкавалі, зьнікла нейкая атмасфэра горада Сонца. Так і з гэтым – у мяне супярэчлівыя пачуцьці: з аднаго боку, і добра, зь іншага – сыходзіць нешта, пэўная паэтыка, якая можа быць у гэтага гораду і павінна быць такая.
Дракахруст: Алесь, а на ваш погляд – які тут быў сацыяльны і палітычны разьлік? Часам цётачкі глядзяць, як на вуліцах, у сквэрах моладзь п'е «з гарла» і абураюцца. Бачыце, нават Артуру гэта ня надта падабаецца. І вось улада жалезнай рукой парадак і наводзіць. Можа, на гэтых людзей яно і разьлічана?
У іх Эўропа – у нас «тоже Эўропа»
Чобат: Гэтыя палітычныя аспэкты вельмі простыя: міністэрствы розныя. Адно ваюе з палякамі, другое адказвае за выбары, трэцяе – за бюджэт, чацьвёртае – за штрафы. Вось і ўся палітыка. Думаюць, што адзін Лукашэнка з усім спраўляецца і ўсім кіруе. Ён не кіруе, ён царуе. Гэта значыць, што спачатку на яго ўсе моляцца, як на Сталіна, а потым ён будзе адзін і толькі адзін кругом вінаваты, як Брэжнеў ці Гарбачоў. Беларусы – гэта тлум дзяцей, гэта формула полацкіх літаратараў Мудрова і Аркуша. А ў дзяцей усё проста.
Я б хацеў вярнуцца да той Эўропы і ўзгадаць купалаўскую трагікамэдыю «Тутэйшыя». Купала вывеў формулу нацыянальнай самасьвядомасьці на той час. Тады ў яго былі беларусы і «тоже беларусы». Дык формула аказалася ўнівэрсальнай. У іх Эўропа – у нас «тоже Эўропа». У іх грошы – эўра, у нас «тоже грошы» – рублі беларускія. У іх рынак – у нас «тоже рынак», толькі калхозны. Там культура – у нас «тоже» Дажынкі. Там журналісты і літаратары – у нас «тоже»: Зімоўскі зь Якубовічам і Скобелеў з Чаргінцом. Там парадак – у нас «тоже парадак», аддай і не грашы. Кодэксамі, заёмамі, што яшчэ прыдумаюць. Вось, так і тут, паводле парадыгмы Лукашэнкі і Зянона Пазьняка, цывілізаваны эўрапейскі народ.
Ён-та эўрапейскі, але іншай цывілізацыі. Беларускі народ – ён цывілізацыі вясковай. Гэтая цывілізацыя – па ўсім сьвеце, з аднаго канца Вэнэсуэла, з другога Віетнам, пасярэдзіне Самалі. Так склалася, за пару пакаленьняў гэтага ніхто не пераробіць.
Ёсьць міт, што за польскім часам не пілі самагон. А я прыгадваю «Лісткі з календара» Максіма Танка. Зь Мядзеля ехала ня толькі паліцыя, але і корпус “охроны погранічной”. Езьдзілі на аблаву на возера Нарач, 40 паліцыянтаў з карабінамі пры двух кулямётах. І давалі за самагонку штраф, які выходзіў коштам у дзьве дойныя каровы. Але самагонку гналі. І ўсё гэта пераехала ў горад.
Менск – гэта сапраўды, як сказаў Артур, горад, захоплены барбарамі. Толькі не было барбараў, усіх акупантаў пабілі. Гэта вёска лінула ў Менск і яго затапіла. Менск – гэта двухмільённая вёска, як у Вэнэсуэле Каракас.