Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стартавала кампанія «Гавары праўду!»


Перад пачаткам прэзэнтацыі заснавальнікі кампаніі Ўладзімер Някляеў і Генадзь Бураўкін падпісалі свае кнігі ўсім ахвотным
Перад пачаткам прэзэнтацыі заснавальнікі кампаніі Ўладзімер Някляеў і Генадзь Бураўкін падпісалі свае кнігі ўсім ахвотным
Сёньня ў сталічным гатэлі «Краўн Плаза» адбылася прэзэнтацыя грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Ініцыятары кампаніі — творчая і навуковая інтэлігенцыя: літаратары Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, прафэсар, заснавальнік фонду «Дзеці Чарнобыля» Генадзь Грушавы, акадэмік Радзім Гарэцкі, старшыня БАЖ Жанна Літвіна, міжнародны грасмайстар па шахматах Віктар Купрэйчык, праваабаронца Тацьцяна Процька. Лідэр кампаніі — знакаміты паэт і грамадзкі дзеяч, ляўрэат дзяржаўнай прэміі Ўладзімер Някляеў.

Лідэр грамадзянскай кампаніі Ўладзімер Някляеў і прэс-сакратарка Юлія Рымашэўская.

Мэта грамадзянскай кампаніі — усьведамленьне беларускім грамадзтвам рэальнага стану рэчаў у краіне, дзе мала месца праўдзе і шмат — мане. Лідэр новастворанай кампаніі «Гавары праўду» паэт Уладзімер Някляеў пачаў сваю прамову з жартаў і анэкдоту:

«У беларуса спыталі: „У якой краіне ты хацеў бы жыць?“ — „У Беларусі“. — „Дык ты ў ёй жывеш“. — „Э, не, — пачухаў патыліцу беларус, — я хацеў бы жыць у той Беларусі, якую паказваюць па тэлевізары“. У гэтым народным анэкдоце сканцэнтраваная найпершая праблема, празь якую мы ўсе жывем, нібыта ў крывым люстэрку — праблема маны. Маны на ўзроўні ўлады, дзяржавы. Але праблема ня толькі ва ўладзе. Праблема — у грамадзтве. У нас саміх, што страцілі веру ў праўду і ў яе сілу. Ад маны мы сталі бараніцца маной. Нас аслабіла, стачыла мана».

Генадзь Грушавы
Прафэсар, заснавальнік фонду «Дзеці Чарнобыля» Генадзь Грушавы распавёў, што яго асабіста прывяло ў гэтую кампанію:

«Я асабіста гэтую кампанію пачаў больш за 20 гадоў таму, калі пазнаёміўся зь пісьменьнікам Алесем Адамовічам, калі для мяне адкрылася тая праўда пра Чарнобыль, якая перавярнула ўсё маё жыцьцё. І вось усе гэтыя 20 год я спрабую жыць па гэтай праўдзе, ня толькі жыць, але і адкрыта гаварыць. Толькі праз тое, што мы пачнём крок за крокам усё больш і больш казаць гэтую праўду, мы адчуем, што мы адзіны народ, у нас адзінае грамадзтва, у нас адзіны лёс».

Тацяна Процька
Праваабаронца Тацяна Процька з жалем заўважыла, што беларусы адвыкаюць ад праўды, што мана і хлусьня, адсутнасьць праўды становяцца нормай жыцьця:

«Праўда нікому не патрэбная стала. Яна горкая, яна непрыемная, яна калючая. А калі няма праўды, месца гэтае ў чалавечым жыцьці займае мана і хлусьня. Калі так адбываецца, будучыні ў грамадзтва няма. Наша грамадзтва становіцца расколатым, і ўжо ў грамадзтве некалькі праўдаў: ва ўлады свая праўда, у нас свая. Так ня можа быць. Бо калі бяз мовы мы загінем, то бяз праўды мы загінем нават і з мовай».

Як заявілі ініцыятары, мэта кампаніі — дакладная інфармацыя пра сытуацыю ў краіне, яе абнародаваньне. Прычым шукаць праўду ініцыятары прапануюць грамадзтву, і разам з грамадзтвам яны будуць дамагацца канструктыўных рашэньняў. У рамках кампаніі плянуецца актыўнае ўзаемадзеяньне з валянтэрамі па ўсёй краіне, якія будуць маніторыць інфармацыйную прастору. Мяркуецца, што ў сакавіку запрацуе сайт кампаніі.
Зінаіда Бандарэнка і Генадзь Бураўкін.

Уладзімер Някляеў падкрэсьліў, што ў грамадзянскую кампанію «Гавары праўду» не ўвайшла ніводная палітычная партыя ці грамадзкая арганізацыя. Мэта ініцыятараў — «даносіць праўду да народу»:

«Распачатая намі кампанія не зьяўляецца палітычнай. Гэта маральная акцыя. Жыць па праўдзе заклікае нас Бог і вучаць Ягоныя апосталы. Гавары праўду, і ты дапаможаш сабе і сваім родным, гавары праўду, і ты дапаможаш сваёй краіне, свайму народу, гавары праўду, і ты ўбачыш, наколькі лягчэй табе стане жыць, наколькі сьвятлей. Проста гавары праўду».

Першай акцыяй кампаніі стане заклік да грамадзянаў накіроўваць у адміністрацыю кіраўніка краіны адмысловыя паштоўкі з паведамленьнямі пра мясцовыя праблемы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG