Беларуска-ўкраінская мяжа адчуваецца ня толькі з памежнага пераходу, ня толькі з шыльдаў і дарожных знакаў на іншай мове. Але найперш са стану дарогі. Нават калі б вы спалі ў машыне мёртвым сном, ва Ўкраіне абавязкова б прачнуліся. Бо ідэальна вычышчаная асфальтавая шаша на тым баку зьмяняецца засьнежаным бальшаком. Нават ня столькі засьнежаным, колькі заваленым камякамі сьнегу. На якіх машыне прыходзіцца падскокваць і збаўляць хуткасьць. Адчуваньне, быццам Поўдзень і Поўнач памяняліся месцамі.
Дабранка сустракае падарожніка шырокай вуліцай: з аднаго боку разваліны нейкага прадпрыемства, а па другі бок раскінуўся шыкоўны футбольны стадыён.
Я ведаў, што Ўкраіна рыхтуецца да «Эўра-2012», але каб такімі тэмпамі... А вось і першая дабранская жанчына. І, канечне, з саначкамі для перавозкі грузаў празь мяжу. А ў саначках — бурачкі. Галоўны дабранскі промысел. Бурачкі перапраўляюцца на Беларусь.
Кабета: «Вымірае Дабранка. Такі быў цэнтар. Працы няма. Пазачыняліся. І мэблевая, і швейная. Толькі лясгас дышыць крыху».
Карэспандэнт: «А за каго галасаваць будзеце?»
Кабета: «За Юлю».
Карэспандэнт: «А чаму за Юлю?»
Кабета: «Таму што я яе люблю. Чыста асабістыя сымпатыі. І праграму яе слухаю і з усім пагаджаюся. Ня так ужо і кепска. Нешта працуе ў нас. А вы за Януковіча?»
Я супакоіў кабету, што ні пры якіх абставінах не аддам свой голас за Віктара Януковіча. І пашыбаваў далей. Мая наступная суразмоўца, сярэдняга веку жанчына, везла пустыя ўжо саначкі дахаты. Яна беспрацоўная. Скарацілі на швейнай фабрыцы. Маці-адзіночка, галоўны клопат якой — як «паступіць» сына ў інстытут.
Карэспандэнт: «Хоць плацяць што-небудзь?»
Кабета: «500 грыўняў».
Карэспандэнт: «А за каго галасаваць будзеце?»
Кабета: «Ня ведаю пакуль».
Карэспандэнт: «А вам такі выбар падабаецца?»
Кабета: «Мы б хацелі Лукашэнку вашага».
Карэспандэнт: «Чаму?»
Кабета: «Таму што вы жывяце, а мы існуем».
Карэспандэнт: «А адкуль вы ведаеце, як мы там клясна жывем?»
Кабета: «Вось каб вы ў нас пажылі, тады б сказалі. У вас гаспадар. А ў нас толькі за партфэлі дзяруцца. Усё расьцягнулі, нічога няма. А ў вас кожны кавалак зямлі апрацаваны. Ходзім, ведаем. Беларусь заўжды добра жыла. У параўнаньні з намі — гэта далёка...»
Мяне вельмі зьдзівіла вельмі чыстая расейская мова, якая пануе ў Дабранцы. Як быццам я перасек не паўднёвую, а ўсходнюю мяжу. Прычыну патлумачыў стары дабранец, дзед Іван.
Карэспандэнт: «А на якой мове тут гаварылі раней? На ўкраінскай ці беларускай?»
Стары: «Тут зьмяшаная была мова. Беларускай вельмі мала. Расейская і ўкраінская. Але тут з Украіны многа людзей пасялілася. А тут увогуле была расейская Добрянка. Расейцы жылі, стараабрадцы. А пасьля пакаленьне за пакаленьнем сыходзіла. І пачалі сяліцца з Украіны».
Карэспандэнт: «А стараабрадцы засталіся?»
Стары: «Амаль усе памерлі...»
Даведаўшыся, што я зь Беларусі, стары ня мог ня выказаць традыцыйны набор камплімэнтаў. На вядомы адрас.
Стары: «О! Лукашэнка. Там больш-менш парадак вядзецца».
Карэспандэнт: «Вы гэта чуеце па беларускім тэлебачаньні?»
Стары: «Так».
Вось што сапраўды адрозьнівае Беларусь ад Украіны, дык гэта стаўленьне чыноўнікаў да журналіста. Старшыня пасялковай рады Аляксандар Алгінаў, нягледзячы на выходны дзень, запрасіў мяне ў будынак рады. Напаіў гарбатай. І распавёў пра ўсе набалелыя праблемы.
Аляксандр: «Прадпрыемствы ў нас працуюць эпізадычна. Паваленыя. Швейная фабрыка амаль не працуе, мэблевая амаль не працуе. Сушыльная — тое ж самае. Ліквідавана торфапрадпрыемства».
Карэспандэнт: «А ажывіць у бліжэйшай пэрспэктыве...»
Аляксандр: «Не. А калі паглядзець калгасы, дык з 35-ці засталася жменька, якая трымаецца на энтузіязьме людзей. Распаявалі зямлю. І што? Стаіць, зарастае».
Спадар Алгінаў — незвычайны чыноўнік. Ён карэнны жыхар Дабранкі. Апантаны краязнаўца. Аўтар некалькіх кніг па гісторыі свайго мястэчка, якое сапраўды любіць.
Аляксандр: «Праз Дабранку праходзіў паштовы тракт Санкт-Пецярбург — Адэса. Была значная дарога, па якой празь Беларусь праяжджала вельмі многа людзей. Тут была паштовая станцыя, дзе спыняліся, мянялі коней, сілкаваліся, начавалі. Тут, у Дабранцы, былі Пушкін, Шаўчэнка, імпэратар Мікалай І з сынам. Ёсьць гістарычныя дакумэнты, якія кажуць пра тое, што яны тут начавалі і правялі царскае паляваньне. У нас быў чалавек, які будаваў у Гомелі сабор Пятра і Паўла, ангельскі архітэктар. Ён прыяжджаў у Дабранку, набіраў будаўнікоў. Усе будаўнікі былі ў Дабранцы, у акрузе. Пугачоў тут жыў некалькі месяцаў. Атрымаў пашпарт на прозьвішча Пугачова. Ён адсюль, па прапанове дабранскіх купцоў, зьехаў на Яік, сёньняшні Ўрал. Туды, дзе ўзьняў сялянскую вайну».
Карэспандэнт: «А гэты будынак, гэта былы...»
Аляксандр: «Гэта дом памешчыка Гусева. У якім і прымалі цара...»
Дом купца Гусева, чырвоная мураванка з арачнымі вокнамі, мог бы ўпрыгожыць гістарычны цэнтар нашай сталіцы. Але ў Дабранцы ён не выглядае самым цікавым будынкам. Цэнтар мястэчка шчыльна забудаваны дыхтоўнымі камяніцамі. Рэшткі некалі багатай спадчыны працаголікаў-старавераў і габрэйскіх купцоў. З надыходам вечара яскрава праяўляецца яшчэ адна розьніцца паміж Беларусьсю і Ўкраінай. То там, то сям успыхваюць агні рэклям тутэйшых крамак і магазынаў. Розьніца зь Беларусьсю ўражвае. На тым баку — закалочаная дзяржаўная крама, куды ня могуць знайсьці прадавачку. А тут нейкая залітая агнямі разьняволеная Мэксыка з амэрыканскіх фільмаў. Зойдзем у краму.
Карэспандэнт: «А за каго будзеце галасаваць, калі не сакрэт?»
Прадавачка: «А ні за кога. У нас галасуй, не галасуй, усё роўна будзе так, як яны рашылі там».
Карэспандэнт: «Мне тут скардзяцца, што працы няма. І дзясятак магазынаў. Гэта пра што кажа?»
Прадавачка: «Што людзі платаздольныя. Летам ягады, грыбы. Зімой буркі ў нас многія шыюць».
Па вуліцы горда крочыць прыгожая маладая спадарыня. Настолькі прыгожая, што грэх не завесьці гутарку. Прыгажуня крыху звысоку, не спыняючы кроку, выказалася. Прычына фанабэрыі — яна грамадзянка Беларусі!
Карэспандэнт: «Дзе народ лепш жыве, на вашую думку?»
Дзяўчына: «У Беларусі. Тут выжываюць, а не жывуць».
Карэспандэнт: «Глядзіце, колькі крамаў. Раз, два, тры...»
Дзяўчына: «Гэта для беларусаў. Усё зроблена, каб мы сюды прыяжджалі і нешта куплялі».
Карэспандэнт: «А вы не зайздросьціце ўкраінцам, што ў іх ёсьць выбар?»
Дзяўчына: «Такому выбару я не зайздрошчу».
Карэспандэнт: «У вас няма ніякага».
Дзяўчына: «У нас адзін выбар. Бяз выбару. Але мы някепска жывем. З двух ліхаў наша лепшае».
Сяргей Канаваленка, дырэктар лясгасаўскай сталовай — чалавек, вядомы далёка за межамі Дабранкі. Гэты саракагадовы сур’ёзны спадар — срэбны прызэр Міжнароднага фэсту славянскай кухні. І найлепшы кухар усіх лясных гаспадарак Украіны. Ён зьбірае цікавую калекцыю дабранскай старасьвеччыны. Дзе ёсьць і старадрукі, і замкі 17 стагодзьдзя, і стараверскія іконы.
Ён яры прыхільнік славянскага братэрства. А яшчэ ён піша вершы. Некаторыя хоць зараз кладзі на музыку.
Сяргей:
«Беларусь, прости меня, прости,
Што я хлеб и мясо вывожу.
Я уже забыл, который день
Без зарплаты собственной сижу.
Ты смирись, что тоже есть хочу.
И таких, как мы, поверь, не счесть.
Мы везем к тебе любой товар,
Позабыв достоинство и честь.
Беларусь, прости меня за всё.
Ты простишь, простит меня и Бог.
Но поверь, коль дети есть хотят,
Сделаешь не только то, что смог».
Што я хлеб и мясо вывожу.
Я уже забыл, который день
Без зарплаты собственной сижу.
Ты смирись, что тоже есть хочу.
И таких, как мы, поверь, не счесть.
Мы везем к тебе любой товар,
Позабыв достоинство и честь.
Беларусь, прости меня за всё.
Ты простишь, простит меня и Бог.
Но поверь, коль дети есть хотят,
Сделаешь не только то, что смог».
Штопраўда, тыя часы засталіся ў мінулым. Мяне Сяргей частаваў у гасьцявым дамку, які пабудаваны за ягонай жа невялічкай крамай.
Сяргей: «Кожны дзень гэта быў заробак. У начную зьмену я ахоўнікам працаваў. Аддзяжурыў — замест таго, каб паспаць, ехаў на Беларусь па хлеб. Гэта называлася кантрабанда. Яго тут прадаваў. І ішоў зноў на працу. Каб бязьбедна існаваць».
У Дабранцы можна падхапіць небясьпечны вірус. Ад усіх гэтых слоў захапленьня на адрас ня столькі Беларусі, колькі яе кіраўніка, пачынаеш і сам адчуваць сябе багатым белым панам.
Сяргей: Калі рукі ў цябе ня з задніцы, ідзеш у Паддабранку. Табе — обана, усяго толькі, не гарэўшы, не хварэўшы, табе домік. З газам, з усім. Колькі мне трэба рваць сваю задніцу, каб зарабіць на гэта ўсё? Гэты дамок я купіў, дзьве сядзібы за тысячу даляраў. Гэта пяць крэдытаў. А ў вас дом бясплатна».
Штопраўда, сам Сяргей чамусьці не сьпяшаецца перабірацца ў цудоўны бясплатны домік па той бок мяжы. А цягне ярмо крэдытаў. На разьвітаньне Сяргей выдаў журналісту «Свабоды» паэтычны экспромт.
Сяргей:
«Сейчас я знаю, что ты враг.
Но лучше будь врагом,
Чем буду друга запускать
Фальшивого в свой дом».
Но лучше будь врагом,
Чем буду друга запускать
Фальшивого в свой дом».