Афіцыйная пазыцыя Эўрапарлямэнту палягае ў тым, каб у “Эўранэсьце” ад Беларусі бралі ўдзел толькі прадстаўнікі апазыцыі. Але ёсьць прапанова дэлегацыі па сувязях зь Беларусьсю і камітэту замежных спраў наконт магчымасьці кампрамісу на ўмове “5 плюс 5”. Праўда, такі падыход яшчэ чакае зацьвярджэньня. Пра гэта распавёў “Свабодзе” эўрапарлямэнтар Юстас Палецкіс:
“Такі крызіс насьпявае. Але што ўсё ўжо канчаткова, я б яшчэ не казаў. Аднак вельмі магчыма, што больш шанцаў на тое, што насамрэч афіцыйных прадстаўнікоў, напэўна, там ня будзе. Хаця там ёсьць яшчэ нюансы, пра якія яшчэ можна было б гаварыць. Была прапанова Эўрапарлямэнту, таксама такая кампрамісная, яшчэ ўсім парлямэнтам не зацьверджаная — “пяць плюс пяць”. І статус назіральнікаў. Але з гэтым афіцыйны Менск ня згодны. Для Эўрапарлямэнту “пяць плюс пяць” — гэта таксама быў бы крок кампрамісны. Бо пакуль у нас афіцыйная пазыцыя — каб удзельнічала толькі апазыцыя. Трэба, канечне, шукаць рашэньне. Але калі афіцыйны Менск заўпарціцца, што толькі на тых падставах, як і іншыя краіны, і што апазыцыя не павінна браць удзелу, — тады, відаць, нічога не атрымаецца”.
Паводле спадара Палецкіса, магчыма, пасьля візыту ў Менск дэлегацыі Эўрапарлямэнту, якая павінна прыехаць 25 лютага, пытаньне ўдасца вырашыць. Крыстыян Вігенін сказаў карэспандэнту "Свабоды", што выкажацца на гэтую тэму падчас візыту ў Менск.
Старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Сяргей Маскевіч адзначыў, што пытаньне прадстаўніцтва Беларусі ў “Эўранэсьце” “ніколі афіцыйна не абмяркоўвалася”.
“Ёсьць такія зьвесткі, што прыедзе дэлегацыя Эўрапарлямэнту на чале зь Вігеніным, якая мае намер сустрэцца канкрэтна па пытаньнях “Эўранэсту” з прадстаўнікамі апазыцыі, грамадзкіх суполак, і таксама з прадстаўнікамі парлямэнту”.
Спадар Маскевіч патлумачыў афіцыйную пазыцыю адносна ўдзелу ў “Эўранэсьце”.
“Мы спадзяемся, што ўсё будзе згодна з Праскай дэклярацыяй. Калі гэта будзе ня так, будзе нейкая дыскрымінацыя адносна парлямэнту Беларусі, то парлямэнт Беларусі ня можа прымаць удзел, нават калі будзе прапанавана пяць месцаў. Мы можам браць удзел толькі нароўні з парлямэнтамі іншых усходнеэўрапейскіх краін. Як ня будзе, дык ня будзе. Няхай працуюць на здароўе. Калі Эўрапарлямэнт лічыць, што парлямэнт Беларусі нелегітымны, то хай так і лічыць. Сёньня так лічыць, а пройдзе час — можа, будзе інакш лічыць”.
Паводле актывіста руху “За свабоду” Алеся Лагвінца, канчатковае рашэньне адносна ўдзелу Беларусі ў “Эўранэсьце” пакуль не прынятае. У Менск прыяжджае дэлегацыя эўрапарлямэнтароў, а потым лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч пабывае ў Эўрапарлямэнце, дзе будзе разглядацца рэзалюцыя па беларускім пытаньні. Спадар Лагвінец адзначыў:
“Асамблея “Эўранэст” магла быць пляцоўкай таксама для ўнутранага дыялёгу, і таму мы гатовыя на кампрамісны варыянт “пяць плюс пяць”. Калі будзе пяць прадстаўнікоў зь нелегітымнай Палаты прадстаўнікоў і будзе пяць прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай супольнасьці. Паколькі ў Беларусі няма выбараў як вызначальніка легітымнасьці тае ці іншай групоўкі альбо партыі, то трэба прызнаць, што частковую легітымнасьць — яны таксама прадстаўляюць частку беларусаў — маюць прадстаўнікі Палаты, гэтаксама як і прадстаўнікі дэмсілаў маюць уласную легітымнасьць”.