Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Януках перажываюць за Януковіча


За выбарчай кампаніі прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча сочаць на радзіме ягоных продкаў — у маленькай вёсцы Янукі Докшыцкага раёну, дзе засталося ўсяго чацьвёра жыхароў.

У Януках, дзе сёньня няма ні пошты, ні крамы, ні школы, Віктар Януковіч паабяцаў пабудаваць міні-малаказавод і адрадзіць вялікую некалі вёску. Пра гэта высокі госьць з Украіны гаварыў у 2006 годзе, калі прыяжджаў на радзіму сваіх продкаў-беларусаў. Яшчэ да Кастрычніцкага перавароту дзед палітыка зьехаў адсюль у Данбас на заробкі, але пра паходжаньне Віктара Януковіча ягоныя землякі-беларусы не забываюцца.

Антаніна Бабарыка, сакратарка Ваўкалацкага сельскага выканкаму, да якога належаць Янукі, распавядае, што за выбарамі на Ўкраіне тут сочаць усе:
прыемна, калі нехта зь землякоў “выбіваецца ў людзі”...

“Ну, ня ведаю, ці ўсім раёнам, а ўсім саветам нашым — так! Зямляк усё-ткі, прыемна, калі нехта зь землякоў “выбіваецца ў людзі”. Мы сустракаліся два разы, ён прыяжджаў зь візытамі, дужа спадабаўся чалавек. А што, ужо 100%, што прэзыдэнтам Януковіч будзе? Мы ўсё неяк сумняваемся”.

Сакратарка сельвыканкаму распавяла, што і ў 2003-м, і ў 2006-м годзе Віктара Януковіча сустракалі на радзіме як дарагога госьця: частавалі беларускімі стравамі, вадзілі па навакольлях… Што да абяцаньняў адрадзіць Янукі, зрабіўшы тут прэстыжны пасёлак на 300 двароў, то ажыцьцявіць гэта Антаніна Бабарыка лічыць малаверагодным — вёска амаль згібела:

“Ну, што тыя Янукі! Практычна там ужо хутар застаўся. Засталіся тры дамы. А раней, яшчэ да таго, як калгасы стваралі, было хат каля 36-ці. Цяпер тры хаты, і прапісаны 4 чалавекі. Мы і тэлефоны хацелі раней устанавіць, і страусаў, можа, якіх — фэрму адчыніць.Тады яшчэ былі нейкія намёткі — а цяпер -- усё!”

Прадукты вяскоўцам два разы на тыдзень прывозіць аўталаўка, раз на месяц прыяжджае лекар, каб агледзець апошніх жыхароў непэрспэктыўнай вёскі. Адзіны тэлефон стаіць у хаце Марыі Януковіч, былой паштаркі, а цяпер пэнсіянэркі. Спадарыня Марыя не сваячка Віктару Януковічу — проста ў Януках ва ўсіх такое прозьвішча. За кар’еру свайго фамільята яна перажывае, але на тое, што ягонае прэзыдэнцтва нешта зьменіць у Януках — не спадзяецца:
ёсьць у Януковіча свая Ўкраіна, і няхай там парадкі наводзіць ...

“Няпраўда гэта, ня верце. Можа, нешта ён тут людзям і гаварыў, але ёсьць у Януковіча свая Ўкраіна, і няхай там парадкі наводзіць. А мы й тут ня бедныя! Карова ёсьць, хлеб ёсьць — усё ў нас ёсьць. А яму й там спраў хопіць!”

Спадарыня Марыя кажа, што мясьціны вакол Янукоў дужа маляўнічыя: лясы, возера, балота з журавінамі… Мажліва, тут можна было б прыбыткова разьвіваць агратурызм: ладзіць для ўкраінцаў экскурсіі на радзіму продкаў Віктара Януковіча. Але займацца гэтым няма каму: у вёсцы засталіся адны пэнсіянэры, а іхныя дзеці ды ўнукі вяртацца ў Янукі не зьбіраюцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG