Начальнік галоўнай управы ўласнай бясьпекі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Алег Шаркоў паведаміў карэспандэнту “Свабоды”, што ягонае ведамства праводзіць цяпер праверку па факце публікацыі артыкула ў “Народнай волі”. Паводле закону, яна можа цягнуцца трыццаць сутак.
“Праводзіцца праверка па факце публікацыі. Уся астатняя інфармацыя — праз Бароўскую. У нас ёсьць начальнік управы грамадзкіх сувязяў. Папярэднюю праверку праводзіла пракуратура і гарадзкая ўправа ўласнай бясьпекі. Будуць вынікі праверкі — будзем з вамі размаўляць”.
У артыкуле апавядаецца, як супрацоўнікі Савецкага РАУС Менску спрабавалі “прышыць” Паўлу Леўшыну крадзеж трубаў, якія зьніклі падчас працы на адным з участкаў. Сам Павал у той дзень быў на экскурсіі ў Санкт-Пецярбургу. Ён кажа, што супрацоўнікі міліцыі выбівалі ў яго прызнаньні з дапамогай катаваньняў.
“Уразіла, што гэта ў іх ужо адпрацаваная сыстэма. Яны абмяркоўвалі, якое катаваньне прымяніць. Яны пачыналі са звычайнага арсэналу. Спачатку проста рукі ў кайданках. Потым ужо пачынаецца “ластаўка” са зьбіцьцём, потым ужо пакет. Падбіраюцца ключы, кожны ж чалавек па-рознаму рэагуе на боль”.
Карэспандэнт : “І чаго вы ня вытрымалі?”
“Я ня вытрымаў пакетаў на галаву, калі яны душылі. І калі я гэтыя пакеты прагрызаў, то яны закрывалі поліэтыленам рот і нос і душылі так, пакуль не ішлі канвульсіі”.
Павал Леўшын даў паказаньні, якія былі патрэбныя супрацоўнікам міліцыі, але потым заявіў сьледчаму і адвакату, што агаварыў сябе, ня вытрымаўшы катаваньняў. Пасьля зьбіцьця Павал патрапіў у лякарню, дзе ў яго зафіксавалі закрытую чэрапна-мазгавую траўму. Справу супраць яго спынілі, але асудзілі ўмоўна брыгадзіра... Павал вырашыў пра ўсё расказаць праз мэдыі:
“Для сваёй абароны і каб іншыя людзі з гэтым не сутыкнуліся. Як я даведаўся, яны такога не забываюць. І праз пэўны час, праз гады могуць адпомсьціць”.
Павал Леўшын сказаў, што працуе на тым жа месцы і пакуль не адчувае нейкага ціску. Ён не пагаджаецца з высновамі папярэдніх праверак Савецкай пракуратуры і гарадзкой управы ўласнай бясьпекі, якія не знайшлі парушэньня закону ў дзеяньнях опэраў.
У пракуратуры і гарадзкой управе ўласнай бясьпекі ня сталі камэнтаваць сытуацыю для радыё “Свабода”. У генэральнай пракуратуры сказалі, што ўсё, маўляў, перададзена кіраўніцтву. Начальнік прэс-службы менскай гарадзкой міліцыі Аляксандар Ластоўскі сказаў:
Зараз кожны крок і рух супрацоўніка міліцыі знаходзіцца пад самым пільным кантролем ...
“Калі праверка будзе праведзена, тады і можна будзе даваць нейкія камэнтары. Тады можна будзе казаць, гэты факт меў месца ці не. Калі праверка будзе праведзена, то і камэнтары будуць лішнія. Мне зь цяжкасьцю верыцца, што такое можа быць. Але выключаць я ня маю права. Настолькі цяпер міліцыя памянялася, што выбіваць паказаньні проста няма рэзону. Зараз кожны крок і рух супрацоўніка міліцыі знаходзіцца пад самым пільным кантролем. Я ня думаю, што засталіся тыя, хто будзе выбіваць прызнаньні кулакамі”.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які займаецца маніторынгам сытуацыі з катаваньнямі ў Беларусі, сказаў:
“Гэта абуральныя факты, па якіх пракуратура, канечне, павінна была правесьці належную праверку, бо тут устанаўліваць няма чаго. Калі экспэртыза засьведчыла, што чалавек атрымаў гэтыя пашкоджаньні падчас знаходжаньня ў ізалятары, то трэба праверыць, як ён іх атрымаў, было б на тое жаданьне. Пракуратура мае права правесьці праверку і па факце зьяўленьня інфармацыі ў СМІ. Гэта вялікая мужнасьць у чалавека, які гэта распавёў і аддаў галоснасьці гэтыя факты. Бо, на жаль, вельмі часта ахвяры катаваньняў баяцца скардзіцца і распавядаць пра тое, што зь імі адбылося. Усё засьведчана, у яго ёсьць матэрыялы, даведкі, мэдычная экспэртыза пройдзена. Мяркуючы па фота, пабоі былі доўгі час у яго бачныя”.
Спадар Стэфановіч кажа, што праблема катаваньняў у Беларусі мае лятэнтны характар, і пра тое, што адбываецца ў турмах і ў межах крымінальных працэсаў, паступае мала інфармацыі.
“У асноўным мы маем справу з фактамі перавышэньня службовых паўнамоцтваў з боку супрацоўнікаў міліцыі дачынна грамадзка-палітычных актывістаў. Самае распаўсюджанае — гэта зьбіцьцё затрыманых удзельнікаў масавых мерапрыемстваў. Штогод мы фіксуем некалькі такіх выпадкаў і зьвяртаемся ў органы пракуратуры са скаргамі. Але больш за 10 гадоў у рамках дзейнасьці “Вясны” я не прыгадаю, каб па нашых скаргах былі ўзбуджаны крымінальныя справы супраць міліцыянтаў”.