Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правайдэры: Указ накіраваны, каб мець больш інфармацыі пра кліентаў


Якія найбольш важныя аспэкты ўказу Аляксандра Лукашэнкі адносна рэгуляваньня нацыянальнага сэгмэнта інтэрнэту з гледзішча палітычнага, юрыдычнага і ў пляне тэхнічнай рэалізацыі дакумэнту?


Экспэрты адзначаюць: у параўнаньні з праектам указу, які бурна абмяркоўваўся пры канцы мінулага году, выніковы дакумэнт атрымаў адносна “прыстойны выгляд”: шэраг жорсткіх нормаў распрацоўнікі пад ціскам інтэрнэт-супольнасьці зьмякчылі ці нават скасавалі. Аднак, на перакананьне юрыста Зьмітра Лабко, сапраўдную небясьпеку нясуць ня нормы ўказу, а наступныя падзаконныя акты, дзе цалкам могуць зьявіцца “пілётныя” прапановы:
Указ прыгладзілі, але ў падзаконных актах можна будзе ўбачыць шмат нечаканага ...

“Галоўная небясьпека ў тым, што ўказ надзвычай рамачны. Шмат даручэньняў Савету міністраў падрыхтаваць для рэалізацыі адпаведныя пастановы. Указ прыгладзілі, але ў падзаконных актах можна будзе ўбачыць шмат нечаканага — ажно да тых момантаў, якія былі ў першапачатковым праекце ўказу. Ужо традыцыйна, што ў нас могуць розныя органы ўжываць пашыранае тлумачэньне, у выніку чаго ўсё разьвіваецца зусім інакш. Да прыкладу, правайдэрам трэба забясьпечыць рэгістрацыю абанэнцкіх прыстасаваньняў, захаваньне і прадстаўленьне інфармацыі. Трэба — значыць трэба. Але вызначанага парадку няма. І вось калі адпаведныя нормы зьявяцца, то, хутчэй за ўсё, там такое будзе ўказана, што альбо для правайдэра невыканальна, бо зьвязана з дадатковымі выдаткамі, альбо такім чынам складзена, што ўсё гэта адаб’ецца на карыстальніку”.

Пакуль што найбольш відавочна ўказ “чапляе” менавіта інтэрнэт-правайдэраў. Камэрцыйны дырэктар прадпрыемства “Альтэрнатыўная лічбавая сетка” (Атлант Тэлекам) Міхаіл Юрчэк кажа, што новыя нормы істотна пашыраюць кантроль над карыстальнікамі, інфармацыю пра якіх трэба недзе захоўваць:
Указ накіраваны перадусім на тое, каб мець больш інфармацыі пра кліентаў ...

“Зразумела, што па сваёй сутнасьці гэты ўказ накіраваны перадусім на тое, каб мець больш інфармацыі пра кліентаў. Кантраляваць, што і як зь імі адбываецца, хто канкрэтна робіць тыя ці іншыя дзеяньні ў інтэрнэце. То бок, з аднаго боку, гэта ідэнтыфікацыя кожнага карыстальніка ў інтэрнэце. Зь іншага боку, гэта, канечне, ускладняе тэхнічную схему рэалізацыі ўсіх гэтых рэчаў. На гэты момант крыху дачасна нешта казаць, бо, у тым ліку, і нашы тэхнічныя службы вырашаюць — якім чынам усё гэта будзе рэалізоўвацца”.

Карэспандэнт: “Але выдаткі правайдэраў у любым выпадку ўзрастуць?”

“Самы просты прыклад: калі раней тэрмін захоўваньня інфармацыі быў 3 гады, зараз ён падвышаны да 5 гадоў. Гэта прадугледжвае дадатковыя сыстэмы для захоўваньня інфармацыі. То бок у рамках досыць буйнога апэратара захоўваць усю статыстыку пра кліентаў цягам пяці гадоў, а не ранейшых трох — самі разумееце, запатрабуюцца дадатковыя рэсурсы. І гэта, скажам так, толькі з самага простага, што ёсьць у гэтым указе”.

Прэзыдэнцкі ўказ пра рэглямэнтацыю нацыянальнага сэгмэнта інтэрнэту для Радыё Свабода пракамэнтаваў старшыня Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, калюмніст “Советской Белоруссии” і сталы аўтар інтэрнэт-газэты “Беларускія навіны” (naviny.by) Аляксандар Зімоўскі:
Я выступаў супраць такіх формаў рэгуляваньня, калі пыталіся маёй думкі ...

“Я выступаў супраць такіх формаў рэгуляваньня, калі пыталіся маёй думкі. Што тычыцца абмежаваньняў, то нічога новага распрацоўнікі не ўзялі. Яны сьпісалі нормы з украінскага закону, прынятага ў 2009 годзе. Тычыўся ён непасрэдна барацьбы з парнаграфіяй, і быў там артыкул, якім правайдэраў на запыт праваахоўных органаў абавязалі абмяжоўваць доступ да Сеціва, а таксама інфармаваць адпаведныя структуры.

Я лічу, што стварэньне карыстальніцкага пагадненьня для кампаніі, якая прадстаўляе паслугі, можна было ўзяць на ўзор “MySpace”. Там пералічваецца ўсё, што мусіць правайдэр ці ўладальнік сацыяльнай сеткі зрабіць, каб выключыць непажаданыя захады карыстальнікаў. Там ёсьць усё, пачынаючы ад расавай нянавісьці, парнаграфіі, экстрэмісцкіх заклікаў і г.д. Я прапаноўваў пайсьці гэтым шляхам, калі ў мяне пыталіся — а як вам бачыцца?

Але, разумееце, чым мацнейшая дзяржава, тым менш яе хвалюе інтэрнэт. Наша краіна пакуль знаходзіцца ў працэсе станаўленьня, і праблемы інтэрнэту яе турбуюць. Злучаныя Штаты — вельмі моцная дзяржава, і інтэрнэт там усім, па вялікім рахунку, па барабану”.

Ці варта чакаць уціску недзяржаўных сайтаў апазыцыйнага зьместу, якія месьцяцца па-за дамэннай зонай by? Прадстаўнікі падобных інтэрнэт-рэсурсаў не хаваюць заклапочанасьці, што пад выглядам барацьбы з парнаграфіяй і экстрэмізмам улады возьмуцца за зьнішчэньне апанэнтаў у сеціве. Юрыст Зьміцер Лабко на гэты конт такога меркаваньня:

“Хартыя”, “БелПартызан” ды ўсе астатнія — гэта ўсё ж мас-мэдыі. Таму іх час надыдзе пасьля таго, як пачне працаваць норма, прадугледжаная новым законам “Аб СМІ” — маўляў, інтэрнэт-выданьні таксама могуць падлягаць рэгістрацыі і г.д. Небясьпекі ў гэтым указе для СМІ няма, таму што сама па сабе бомба закладзеная ў законе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG