Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Аграгарадок у Мыто пэрспэктываў ня мае, а „Мытнянскі гасьцінец“ застанецца"


У часе майго прыезду ў Мыто быў пажар — загарэлася гумно ў адзіным тут катэджавым мікрараёне, дзе шчыльна стаяць паўтара дзясятка двухпавярховых дамоў.

Для вёскі зь дзьвюма з паловай сотнямі насельнікаў — падзея не шараговая. Але на папялішчы пабываем пазьней. Пакуль жа — да асноўнай мэты вандроўкі. Адрас мне прапанаваў і суправаджаў у вандроўцы лідзкі знаёмца, сябра партыі БНФ Міхась Бурачэўскі. Ягоны сталы сябар і палітычны паплечнік, 53-гадовы Віктар Аўгусьцін амаль 2 гады таму пераехаў у Мыто і пасьпяхова займаецца агратурызмам, ставячы ў пэрспэктыве за мэту і выратаваньне вёскі, якая вымірае.


Літаральна за кілямэтар ад вёскі крыху напышлівы драўляны ўказальнік, трэба думаць, на прымальнай для замежнікаў трасянцы — «аграўсадзьба «Мытнянскі гасьцінец». Аўтарам назвы, міжвольным натхняльнікам ідэі праекту стаўся вядомы лідзкі гісторык ды краязнаўца Валеры Сьліўкін, які ў свае часы распавёў спадару Аўгусьціну тое ж, што зараз нам:

Сьліўкін: «Мыто — старажытнае беларускае слова. Гэта падатак пры пераходзе праз мост, дарогу. Злапалі цябе — плаці „мыто“. Мыто — самая кароткая адлегласьць паміж адным берагам і другім. Рака Дзітва была — непраходны лог: праз 15 мэтраў цябе засмокча. Мытны пост там быў, таму так і названа вёска. З 12 па 19 вякі тое, што на захад, поўдзень ад Дзітвы — славянская частка, усё што на поўнач і ўсход — толькі ліцьвіны жылі ў Дайноўскім княстве. Мытня была як „маставая“ — масты трэба было трымаць пад аховай, каб не праваліліся, ня зьніклі. Побач абавязкова была карчма з начлегам. Так што назва аграфірмы мае гістарычны, праўдзівы падтэкст…»

На двары — гай зь векавых дубоў ды елак. Драўляныя скульптуры ды рознакаляровы дыліжанс. Лазьня з натуральнага дрэва ды камянёў. У прасторнай сядзібе — 5 пакояў-нумароў з шырачэзнымі двух’яруснымі ложкамі. На ўваходзе — вялікі бел-чырвона-белы сьцяг з крыжам і надпісам «БНФ Ліда». Сустракае гаспадар — шчуплаваты, з азартнымі вачыма. Чуваць стукі-грукі сталярнай працы. Спадар Віктар з захапленьнем распавядае пра тое, чым жыве.


Аўгусьцін: «Месца знаходзіцца на беразе чыстага прытока Нёмана — рэчкі Дзітва. Вельмі шмат рыбы — апошнім часам калгасы глебу ўгнаеньнямі ня труцяць. Літаральна сёньня бачыў чорную чаплю — у гэтых мясьцінах афрыканская птушка рэдкасьць. Грыбоў, ягад шмат. Тут нізіна — вятроў няма ані ўзімку, ані ўлетку. Параілі засьценачак гэты. Знайшлі гаспадыню, яна нам прадала. Тут развалы былі — ні вокнаў, ні дзьвярэй, ні падлогі, дзе-нідзе столі. Ні гумна. Цяпер водаправод, гарачая вада. Купляем старыя зрубы моцныя — у нас зь елкі. На сёньняшні дзень прымаем адначасова 12-15 чалавек. Кожны месяц чалавек пад 200 — расейцы, немцы, літоўцы, менчукі, але ў асноўным зь Ліды пакуль. Рэстарацыі становяцца банкрутамі, бо народ пацягнуўся на прыроду — малачко, курачка, вутка. У плянах — кароўка, сьвінка, каб людзей пачаставаць пальцам піханай кілбаскай, кумпячком. Мыто сёньня збанкрутавала — працы няма. Мы хочам тут для мясцовых стварыць 5 працоўных месцаў. 5 нашых пакояў — гэта ўжо гатэль. Не пасьпяваеш — столькі хочацца зрабіць…»

Запытваю пра ўзаемаадносіны з уладамі.

Аўгусьцін: «Мясцовая ўлада падтрымлівае. Як толькі прыйшлі — о, нарэшце і ў нас будзе!»

Пытаньне не дзяжурнае. Спадар Аўгусьцін у апазыцыі два дзесяцігодзьдзі. Тройчы арыштоўваўся. Першы раз — яшчэ ў 90-х мінулага стагодзьдзя, калі спрабаваў зь сябрамі ўсталяваць памятны крыж ксяндзу Фалькоўскаму. Апошні, дарэчы, вядомы тым, што зачытаў вернікам у часе паўстаньня адозву Кастуся Каліноўскага. Суразмоўца ўзгадвае:

Аўгусьцін: «Калісьці да 2-й усясьветнай вуліца Перамогі ў Лідзе называлася — „вуліца ксяндза Фалькоўскага“. Там яго магілка залітая з 19 веку вапнай. Мы з Суднікам зрабілі імшу ў касьцёле і несьлі па горадзе крыж, каб усталяваць яго. І нас тады ўчатырох арыштавалі. Другі раз арыштавалі ў 96 годзе, калі на плошчы варочалі машыны. І апошні раз у 97-м у Лідзе. Я быў прэзыдэнтам клюбу аматараў футболу. Мы па гарадах езьдзілі зь бел-чырвона-белым сьцягам і сваім аркестрам з музвучэльні. Калі заходзілі на стадыёны, нас трыбуны стоячы віталі. У тыя часы лідзкі стадыён быў перапоўнены, калі грала СКА „Ліда“. А калі нашы выйгравалі, шэсьце з аркестрам і сьцягам праходзіла па вуліцах гораду. Нас міліцыя суправаджала і не кранала. І ў пэўны момант загад зьверху прыйшоў, і мяне арыштавалі…»

Запытваю, як наагул вайсковец, пасьля заможны інжынэр-будаўнік, які скончыў і Вышэйшую партыйную школу, «раз і назаўжды», як ён кажа, прыйшоў да апазыцыі і Беларусі.

Аўгусьцін: «Як толькі прынялі Дэклярацыю незалежнасьці і бел-чырвона-белы сьцяг — усе плакалі. Годнасьць за сваё, што мы вольныя ад гэтага вечнага прыгнёту — вось і зацягнула. Я ў свае часы выпіваў — адразу кінуў піць. І 25 гадоў у рот не бяру, нават піва. У мяне значак бел-чырвона-белы ёсьць — «партыя былых алькаголікаў». У нас тут кажуць «апазыцыя» — значыць, паляк. Пусьцілі чуткі КДБ і тэлебачаньне. Я сам напалову беларус і паляк. Я каталік, дзеці праваслаўныя. Але я кажу — палякі ў Польшчы, беларусы тут. Дагэтуль займаўся рэстаўрацыяй у раёне 16 касьцёлаў. Быў у Суботніках, на радзіме Зянона Пазьняка — таксама называюць палякам. Аказваецца, дагэтуль там памятаюць дзеда і бацьку яго. Па жыцьці ваявалі за бе-ла-ру-скую мову! За што пры немцах пацярпеў бацька. У Мыто народ ведае, што я з апазыцыі — хаджу зь бел-чырвона-белым значыкам. Ты не баісься — каго баяцца? Старыя баяцца. Мясцовая жанчына з выбаркаму кажа — «галасы нават не лічылі, нам сказалі, колькі трэба галасоў, і ўсё». (Сьмяецца.) А моладзь кажа — «каб далі нам зямлю хаця б тую, што забралі ў дзядоў нашых, мы б паднялі Мыто, хату пабудавалі і сябе пракармілі…»

Карэспандэнт: «Калі трэба будзе, нягледзячы на тое, што „Мытнянскі гасьцінец“ маеш, на Плошчу пойдзеш?»

Аўгусьцін: «Пайду. Я пайду за сваю незалежнасьць. Для мяне незалежнасьць — усё маё жыцьцё. Сыну і дачцэ сказаў — каб бел-чырвона-белы сьцяг быў у труне. Я не магу прайсьці, калі чалавек пахіснуўся альбо бабка гандлюе каля крамы і іх хапаюць. Для мяне гэта ўжо парушэньне. Працы з-за гэтага многія страціў. Усё роўна буду на сваім. „Мытнянскі гасьцінец“ — таксама мая незалежнасьць: ніхто ня „тыкае“ і яшчэ больш будуць паважаць…»

* * *
Яшчэ ў сядзібе спытаў спадара Віктара пра запатрабаванасьць мясцовых жыхароў.

Аўгусьцін: «Мытнянскія — палова працуюць у Лідзе, пару мэханізатараў, адзін на фэрме…»

Накіроўваемся да памянёнага катэджавага мікрараёну. Даганяю пажылую кабету, якая ідзе з крамы ў той жа бок. Тая канстатуе невясёлыя рэаліі жыцьця.

Спадарыня: «Сельсавету няма. Сталовая працуе, калі ўборачная, пасяўная. Гумно згарэла нядаўна…»

Мне раяць зьвярнуцца да самай «языкатай» нядаўняй даяркі — цяпер на пэнсіі — 52-гадовай спадарыні Кацярыны Шарканавай. Стомленая з выгляду кабета ўспыхвае, як толькі пачынае гаварыць пра набалелае. Запытваю напачатку пра прычыны папялішча ў суседкі.

Шарканава: «Самі зрабілі печку, кухню — варыць сьвіньням, і загарэлася. Газавы балён стаяў, адрына побач. Яшчэ штраф далі ёй, 35 мінімалак — мужыка няма і дачка хворая — ня ведаю, як выкруціцца. А так, як мы ў хаце варым — таксама нерэальна…»

Немудрагелістыя хітрыкі, на якія ідуць мясцовыя, — не ад добрага жыцьця. Бяз газу ежы ў хаце не зварыць. Спадарыня Кацярына праводзіць па хаце — адклееныя, вадзяністыя шпалеры, шчыліны на столі і сьценах.


Гаспадыня тлумачыць:

«У калгаснай хаце жывем — дах ня крыты, прыватызаваць не далі. Паводле калектыўнай дамовы, праз 20 гадоў кватэра пераходзіць да мяне ў асабістае карыстаньне. Я 22 гады адрабіла даяркай. Старшыні памяняліся, тая дамова аказваецца недзеяздольнай, і нам цяпер — дзірка ад бубліка. Прыходзілі ацэнкі вельмі дарагія гэтых кватэр — 25 мільёнаў. А цяпер 10 мільёнаў — нерэальна таксама. За 20 гадоў калгас ніводнага рамонту не зрабіў, ані цьвіка не забіў. Бачыце, сьцены цякуць. Дах перакрылі самі гідралізонам — на мільён склаліся з суседам…»

Мыто цяпер — участак аграгарадку «Ваверка». Цяперашні яго старшыня абяцае-ткі бясплатна перадаць катэджы ва ўласнасьць жыхароў. А вось з тым жа «газавым» пытаньнем іх «пракінулі» адназначна, цьвердзіць спадарыня Кацярына.


Шарканава: «15 домікаў, 30 сем’яў — усе жывёлаводы, настаўнікі. І нас выкінулі з пляну газыфікацыі! Правялі цэнтральную вуліцу да Дзітвы, і ўсё. Скардзіліся, скардзіліся, па 500 тысяч склаліся, а цяпер праводзім самі. Трубы падвялі — аддала 800 тысяч. І кацёл я купіла за 3 мільёны, каб падключылі — 900 тысяч. Пэнсія 400 рублёў, дачка інвалід дзяцінства — 200 тысяч дапамога. Ніякіх ільготаў! І маці во сядзіць, 90 гадоў. А аднаго паліва трэба 6 тон на зіму…»

На размову выходзіць сын — 21-гадовы тэхнік-мэханік Ягор, які фактычна ўцёк зь месца адпрацоўкі пасьля каледжу.

Ягор: «Адправілі мяне ў калгас слабы і голы на адпрацоўку. А там старшыня, аграном, заатэхнік і я. Няма нада мной інжынэра — што магу? Паехаў у Ліду. Тут працы няма. Я тут жыву, бо ў горадзе кватэры няма…»

Шарканкова: «А дзе ён тут тую дзяўчыну знойдзе? А калі ў сельсавеце кватэру дадуць? У калгасе толькі ўборачная-пасяўная…»

Больш чым нешматлікія мытоўцы працуюць на дзьвюх невялікіх фэрмах і зернясховішчы. На пустэльнай плошчы апошняга зь цяжкасьцю знаходжу загадчыцу. Чамусьці просіць прозьвішча не называць.

Спадарыня: «3 чалавекі працуе — 2 рабочых і адна начальніца. Яны сьлёзы атрымліваюць — 260, мінімальную ня маюць. Патрэба ў зерне малая. У мяне 300 ёсьць. На фэрме па 600-700 — 4-5 чалавек…»

Пад’ехалі мы і на фэрму, дзе каля сотні цялушак. Але… нікога там не знайшлі. Убачылі толькі гнойную цекласьць, у якой таўкліся жывёлы, неахайнасьць ды запусьценьне. Пагаджаемся разам зь Міхасём Бурачэўскім, сябрам партыі БНФ, што «Мытнянскі гасьцінец» і ўласна Мыто геаграфічна хоць і знаходзяцца за сотні мэтраў адно ад аднаго, паводле пачуцьця сацыяльнага аптымізму працаўнікоў ды мэтадаў гаспадараньня адлеглыя ці не на гады.


Бурачэўскі: «Ведаеш, Віталь, у адлегласьцях вінаватыя людзі самі. Што большасьць зь іх гаворыць — нам тут блага, во ня ведае Лукашэнка, во прыедзе барын, барын нас разьвядзе. А людзі за сабе стаяць ня хочуць. Яны маглі б судзіцца, але ім не прыходзіць у галаву — нехта ж прыедзе. Ты чуў, як тут лічылі галасы — прыйшла разнарадка, яны не парупіліся пералічыць галасы! І цяпер пачынаюць абурацца, што блага жывуць. Выбачайце, сябры, вы самі вінаватыя ва ўсім, і пакуль ня будзеце мяняцца, ніхто ня зробіць нічога лепшага…»

Карэспандэнт: «На зернясховішчы, ня маючы мінімалкі, за шчасьце лічаць, што ўсё-ткі на акладзе…»

Бурачэўскі: «На вёсцы і гэта за шчасьце, бо ўсё раскрадаецца, па-першае. І няма грошай: асфальт паклалі, трэба ён, ня трэба, але справаздачу перад вярхамі зрабілі. Вось усе і ўцякаюць у горад — пэрспэктывы ў гэтай сыстэмы ня будзе. А паглядзі ў аграсядзібе — просты чалавек працуе, але ведае, што зь яго працы будзе карысьць. Пастаў над ім начальства, і ў яго нічога не атрымаецца. Калі сам сабе гаспадар, у сябе красьці ня будзе. Аграгарадок пэрспэктывы ніякай ня мае, а „Гасьцінец“ застанецца ў Мыто — нават пытаньняў няма…»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG