Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін і ў камісіі воін


У тэрытарыяльныя камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў трапілі адзінкавыя прадстаўнікі апазыцыйных партыяў і рухаў. Тым ня меней, застаючыся ў абсалютнай меншасьці, яны разьлічваюць, што ім удасца адстойваць законнасьць у часе працы камісіі.

У Віцебскай абласной выбарчай камісіі адзіны прадстаўнік апазыцыі — Мікалай Селівашка зь Беларускай партыі левых сіл “Справядлівы сьвет”. На першым паседжаньні аблвыбаркаму яму давялося заклікаць да канструктыўнай працы прадстаўніка вэтэранскай арганізацыі, які завёў быў размову наконт “нагнятаньня апазыцыяй абстаноўкі” перад выбарамі.

“Я сваю пазыцыю буду адстойваць, каб усё было ў рамках закону, у рамках Выбарчага кодэксу… Я некалі ўдзельнічаў у гарадзкой камісіі, дык, маючы пасьведчаньне сябра камісіі, мог назіраць за галасаваньнем на ўчастках і правяраць працу ўчастковых камісіяў. Гэта таксама ўваходзіць у паўнамоцтвы сябраў абласной камісіі”.

Спадар Селівашка пакуль не гатовы ацэньваць, ці сталі цяперашнія выбары больш дэмакратычнымі ў параўнаньні з папярэднімі. Ён кажа, што рэальныя ацэнкі можна будзе зрабіць пасьля фармаваньня ўчастковых выбарчых камісіяў:

“Калі ўключаць ва ўчастковыя камісіі хаця б па адным чалавеку ад апазыцыі там, дзе апазыцыянэры будуць вылучацца, то можна будзе сказаць, што лёд крануўся”.

У Менскай гарадзкой выбарчай камісіі працуюць два сябры апазыцыйных партыяў: Сяргей Вазьняк з партыі “Справядлівы сьвет” і Сяргей Альфер з АГП. Апошні даволі аптымістычна глядзіць на сваю працу ў камісіі:

Сяргей Альфер
“Наяўнасьць у выбарчай камісіі прадстаўнікоў, якія прытрымліваюцца розных палітычных поглядаў, дае магчымасьць больш якасна выконваць паўнамоцтвы, закладзеныя ў законе. Таму мяркую, што пры нашай прысутнасьці дзейнасьць камісіі будзе праходзіць у поўнай адпаведнасьці з законам. У гэтым у мяне сумневу няма… А рашэньні будуць прымацца большасьцю камісіі”.

Паводле Сяргея Альфера, Менская гарадзкая выбарчая камісія ня будзе займацца падлікам галасоў: фактычна яна — арбітар у выбарчым працэсе і будзе разглядаць спрэчныя пытаньні. Першае паседжаньне камісіі пакінула ў спадара Альфера наступнае ўражаньне:

“Я мяркую, што можна працаваць з усімі… Што тычыцца мяне, то лічу, што трэба працаваць канструктыўна і ў рамках тых паўнамоцтваў, якія дадзеныя нам законам. Я спадзяюся, што і іншыя будуць рабіць тое самае”.

Менш аптымістычна глядзіць на рэчы адзіны апазыцыйны сябра Слонімскага раённага выбаркаму Мікалай Барысік, вылучаны грамадзкім аб’яднаньнем БНФ:

“Паўплываць там на ход выбараў практычна немагчыма, асабліва шараговаму сябру камісіі… Можна хіба выказаць сваё меркаваньне, калі ідзе працэс рэгістрацыі кандыдатаў, адстаяць пазыцыі свайго боку”.

Мікалай Барысік — адзіны прадстаўнік БНФ у тэрытарыяльных выбарчых камісіях, хаця партыя вылучыла 29 прэтэндэнтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG