Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзэнтацыю “Бардаўскага хрысьціянскага хіта” ў касьцёле забаранілі


Касьцёл Сьвятых Сымона і Алены
Касьцёл Сьвятых Сымона і Алены

Арганізатары праекту «Беларускі Хрысціянскі хіт» заяўляюць, што прэзэнтацыя чарговага, пятага дыску хрысьціянскіх песьняў «Бардаўскі хрысціянскі хіт» пройдзе ў сядзібе партыі БНФ. Імпрэза была заплянаваная на 28 студзеня ў менскім касьцёле Сьвятых Сымона і Алены.

Удзел у імпрэзе плянавалі прыняць такія вядомыя выканаўцы, як Кася Камоцкая, Эдуард Акулін, Алеся Унукоўская, Таццяна Беланогая, Алесь Камоцкі, Андрэй Плясанаў і іншыя. Аднак напярэдадні арганізатарам паведамілі, што ў касьцёл тэлефанавалі зь Менгарвыканкаму і запатрабавалі адмены прэзэнтацыі. Падставай для гэтага стаўся, нібыта, ўдзел у канцэрце некаторых выканаўцаў аўтарскай песьні. Арганізатары ж мяркуюць, што сапраўднай падставай сталася тое, што аўтарамі праекту «Беларускі хрысціянскі хіт» зьяўляюцца заснавальнікі партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя і ў прыватнасьці Павал Севярынец. Паколькі прэзэнтацыя і зьмест дыску не зьвязаныя з палітыкай. Гэткім чынам, прэзэнтацыя пераносіцца ў памяшканьне сядзібы партыі БНФ.

Чарговы дыск хрысьціянскіх сьпеваў «Бардаўскі хрысьціянскі хіт» — пяты з сэрыі «Беларускі Хрысьціянскі хіт». Традыцыйна ён пачынаецца сьпевам «Магутны Божа», а замест заключнага сьпеву «Ойча Наш» гэтым разам вершаваная малітва Рыгора Барадуліна з праекта Алеся Камоцкага «Псальмы», якую чытае сам аўтар.

Праект «Беларускі хрысьціянскі хіт» мае на мэце як беларусізацыю хрысьціянскіх асяродкаў у Беларусі, так і папулярызацыю хрысьціянскіх каштоўнасьцяў у беларускім грамадзтве. У гэтай музычнай сэрыі раней ужо выйшлі дыскі «Беларускі хрысьціянскі хіт», «Беларускі хрысьціянскі хіт-2», «Хрыстос нарадзіўся», «Хрыстос уваскрос», плянуецца выдаць таксама «Беларускі хрысьціянскі рок», «Беларускі хіт пілігрыма«, «Беларускі літургічны сьпеў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG