У выніку працяглага нафтавага канфлікту паміж Расеяй і Беларусьсю на польскім нафтавым тэрмінале Naftoport у Гданьску могуць зьявіцца дадатковыя танкеры з расейскай нафтай. Пра гэта заявіла Reuters кіраўніцтва Гданьскага порту.
Паводле выканаўчага дырэктара Naftoport Дарыюша Кабярэцкага, у студзені яны ў якасьці не заплянаваных раней паставак могуць атрымаць прыкладна 200 000 тон расейскай нафты.
Экспэрты зьвязваюць гэтыя зьмены ў пастаўках са зьніжэньнем транзыту праз нафтаправод “Дружба”. Раней прадстаўнікі буйных гандлёвых нафтавых кампаніяў заяўлялі, што расейская манаполія “Транснефть” загадала перанакіраваць 1/3 аб'ёмаў, прызначаных для беларускіх НПЗ, у Гданьск.
Тым часам, як паведамілі сёньня прадстаўнікі апэратара польскай веткі трубаправоду PERN, пакуль пампаваньне нафты празь Беларусь ажыцьцяўляецца ў адпаведнасьці з графікам, прыкметаў праблемаў не назіраецца.