Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары па-ўкраінску


Рэпартаж з выбарчага ўчастку нумар 85 Тэрытарыяльнай выбарчай акругі нумар 215, што ў Дарніцкім раёне Кіева.


Выбарчыя ўчасткі ва Ўкраіне, як і ў Беларусі, разьмешчаныя пераважна ў школах. У сувязі з выбарамі ў панядзелак дзеці вучыцца ня будуць -- адвучацца за гэты дзень у наступную суботу. Як паказвае досьвед, падлік галасоў часам зацягваецца да сярэдзіны наступнага дня пасьля выбараў.

На выбарчым участку нумар 85 Тэрытарыяльнай выбарчай акругі нумар 215, што ў Дарніцкім раёне Кіева, як і на іншых “дільныцях” (участках па-ўкраінску) пануе дзелавая абстаноўка. Міліцыя дзяжурыць, але заўважыць яе складана. Участкі аформлены сьціпла і функцыянальна: дзяржаўны сьцяг, кабінкі, празрыстыя скрыні для галасаваньня, інфармацыйны стэнд з рашэньнямі выбарчай камісіі. Усе дакумэнты афармляюцца па-ўкраінску. Дакумэнты журналістаў і назіральнікаў правяраюцца ўважліва.

Пасьля таго, як старшыня камісіі дазволіла мне здымку, яшчэ некалькі сябраў камісіі і назіральнікі праверылі мае дакумэнты і перачыталі закон аб выбарах прэзыдэнта, тыя яго палажэньні, якія рэглямэнтуюць працу СМІ. У камісіі адчуваецца палітычная канкурэнцыя.

Прычына ў тым, што ўсе сябры камісіі вылучаныя кандыдатамі ў прэзыдэнты. Участковыя камісіі фарміруюцца вышэйшымі тэрытарыяльнымі камісіямі, апошнія – ЦВК. Працэдура дакладна прапісаная законам так, каб кожны кандыдат меў роўную магчымасьць дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў у камісіі, прычым ня толькі шараговымі сябрамі, але і старшынямі і сакратарамі камісій. Ніякага вылучэньня ў камісіі ад грамадзкіх арганізацыяў ці працоўных калектываў, якое засталося з савецкіх часоў у Беларусі, ва Ўкраіне няма.

***

Усяго ў складзе камісіі нумар 85 Тэрытарыяльнай выбарчай акругі № 215 горада Кіева 27 сябраў: па два ад Юшчанкі, Цімашэнкі, Януковіча, Грыцэнкі… Кастэнка і Рабаконь не змаглі прадставіць сваіх кандыдатаў у склад гэтай камісіі. Старшыня камісіі Марыя Атамас прадстаўляе аднаго з апазыцыйных кандыдатаў Анатоля Грыцэнку.

На ўчастку зарэгістравана 10 назіральнікаў, яны знаходзяцца непадалёк ад празрыстых урнаў для галасаваньня, ходзяць па залі, уважліва сочаць, што і як адбываецца.

Як кажа Марыя Атамас, падчас падліку галасоў яны змогуць стаяць за сьпінамі сябраў камісій, якія будуць весьці падлік галасоў: “Яны маюць права стаяць побач і ўсё бачыць, абы толькі фізычна не перашкаджалі працы камісіі”. Беларускія назіральнікі не атрымалі такога права нават паводле апошніх зьменаў Выбарчага кодэксу.

Усе сябры камісіі прымаюць удзел у падліку галасоў. Бюлетэні, пададзеныя за асобных кандыдатаў, перадаюцца для падліку сябрам камісіі ад іх канкурэнтаў. Кожны сябра камісіі зможа пазьней пералічыць стос бюлетэняў і атрымаць копію пратаколаў пасяджэньня камісіі, як гавораць ва Ўкраіне, з мокрымі пячаткамі.

“Можна на 100 працэнтаў сказаць, што бюлетэні будуць падлічаныя правільна,-- кажа Марыя Атамас.—Ніхто ня хоча, каб былі якія-небудзь канфлікты ці недамоўкі”.

Перад выбарамі шмат спрэчак выклікала рашэньне ЦВК Украіны, якое дазваляла хворым галасаваць дома без прадстаўленьня адпаведных дакумэнтаў. Ю. Цімашэнка назвала гэтае рашэньне падставай для масавых фальсыфікацый. У апошні момант у суботу 16 студзеня гэтае рашэньне ЦВК было скасавана Апэляцыйным адміністратыўным судом Кіева, і 17 студзеня гэтае судовае рашэньне, якое мае канчатковы статус, паступіла ў ЦВК. Да абеда па Ўкраіне было пададзена паўтара мільёна заяваў на галасаваньне ўдома.

На ўчастку № 85 тэрытарыяльнай выбарчай акругі № 215 горада Кіева пададзеныя ўсяго 20 заяваў аб галасаваньні дома. Да хворых і нямоглых выбарцаў паедзе тры сябры камісіі ад розных кандыдатаў, і старшыня камісіі Марыя Атамас гарантуе, што парушэньняў тут ня будзе.

Выбарчы ўчастак у адной са школ Дарніцкага раёну Кіева

У сталіцы і ў правінцыі адна з галоўных перашкодаў для выбараў – сьнегапады

Плякаты з праграмамі 18 кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны не зьмяшчаюцца на адну сьценку школьнага фае

За вынас бюлетэню з участка прадугледжаная крымінальная адказнасьць. Як і за іншыя парушэньні ў часе выбараў

Ва Ўкраіне ўжо даўно выкарыстоўваюцца празрыстыя скрыні для галасаваньня. У адрозьненьне ад Беларусі

У буфэтах на ўчастках няма разнасолаў, піва й нават гарэлкі, як гэта бывае на выбарах у Беларусі. Тут можна папіць гарбату і каву ды зьесьці булачку ці пірожнае. Сьціпла, але пацьвярджае, што выбары – гэта праца, а ня сьвята

У складзе выбарчых камісіяў – выключна прадстаўнікі розных кандыдатаў у прэзыдэнты, якія сочаць адзін за адным і за тым каб галасаваньне і падлік галасоў ішлі паводле закону. Зь бюджэту аплачваецца праца толькі трох асоб у камісіі – старшыні, яго намесьніка і сакратара. Астатнія дэкляруюць, што працуюць за перакананьні
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG